Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму трэба абнаўляць погляд на Другую Сусьветную вайну


Залатая рыбка мае памяць у тры сэкунды, слоўнікавы запас Элачкі-людаедкі складаў трыццаць словаў, а выкладчыку гісторыі Братачкіну, які зрабіў нам гонар выступіць з сваёй рэплікай на сайце «Свабоды», як мне здаецца, складана ўспрымаць жахлівую, крывавую і заблытаную Другую Сусьветную больш комплексна, чым проста як «нашы пабедзілі фашыстаў», у адпаведнасьці з інэрцыйнасьцю ягонага, сфармаванага за савецкім часам, сьветапогляду. Распаўсюджаная і вельмі паказальная сытуацыя.

Але нават агрэсіўныя рэплікі варта выкарыстоўваць, каб лішні раз пагутарыць на важную тэму — і я гэтую магчымасьць хачу выкарыстаць.

Нам трэба дэканструяваць савецкі ідэалягізаваны вобраз вайны проста таму, што гэты вобраз быў створаны савецкім таталітарным рэжымам з мэтай падпарадкаваньня і прыгнятаньня жыхароў СССР. Ня дзеля ўшанаваньня памяці ў адказ на запыт грамадзтва, ня дзеля прасоўваньня ідэалаў міру, а дзеля забесьпячэньня манапалізацыі ўлады камуністычнай партыяй.

Нам трэба дэканструяваць савецкі ідэалягізаваны вобраз вайны проста таму, што гэты вобраз быў створаны савецкім таталітарным рэжымам з мэтай падпарадкаваньня і прыгнятаньня жыхароў СССР.

«Твае продкі пагінулі за Айчыну ў Айчыннай вайне. А Айчына — гэта дзяржава (у СССР словы „дзяржава“ і „краіна“ выкарыстоўваліся як сынонімы). А дзяржава — гэта савецкі чыноўнік. Хто ня любіць савецкага чыноўніка, той плюе ў магілу сваіх продкаў».

Камуністы ператварылі памяць пра вайну ў таталітарны рэлігійны культ, у недатыкальную сьвятыню зь беззаганнымі праведнікамі і з анафэмай для тых, хто адступае ад таго, што кажа жрэц.

Да вэтэранаў Другой Сусьветнай у СССР былі афіцыйна прыроўненыя салдаты і «заградотрядов», і пасьляваенных карніцкіх аддзелаў НКВД. Трагедыя габрэйства ігнаравалася й выкрэсьлівалася з памяці. Разважаць пра савецкія мэтады вядзеньня вайны і савецкія злачынствы супраць мірнага насельніцтва было табу. Усё насельніцтва акупаваных нацыстамі рэгіёнаў пагалоўна абвяшчалася нацыстамі і патэнцыйнымі злачынцамі.

Уся гэта міталёгія не праходзіць праверку аб’ектыўнымі, тысячу разоў зафіксаванымі фактамі, і таму падлягае пільнаму перагляду й дапаўненьню, калі мы ня хочам жыць у хлусьні і каб у хлусьні жылі нашыя дзеці. Гэта тычыцца таксама і помнікаў, і тых пасланьняў, якія яны нясуць.

Не падлягае перагляду толькі ацэнка ідэалёгіі нацыянал-сацыялізму, прысуды Нюрнбэрскага трыбуналу і агульнае ўсьведамленьне неабходнасьці перамогі над фашызмам для ўсяго тагачаснага чалавецтва. Але нават дзіўна рабіць гэты дысклэймэр: я даўно ня бачыў людзей, якія б аспрэчвалі той факт, што нацызм гэта бясспрэчнае зло.

Не падлягае перагляду толькі ацэнка ідэалёгіі нацыянал-сацыялізму, прысуды Нюрнбэрскага трыбуналу і агульнае ўсьведамленьне неабходнасьці перамогі над фашызмам для ўсяго тагачаснага чалавецтва.

Наконт тэмы Галакосту: размова не пра герархію пакутаў, размова пра запаўненьне белых плямаў і пра ўсьведамленьне трагедыі беларускіх габрэяў як важнай часткі агульнабеларускай трагедыі ў Другой Сусьветнай Вайне. Да слова, савецкі тэрор на Заходняй Беларусі ў 39-41 гг., рэпрэсіі пасьля аднаўленьня савецкай акупацыі, антысавецкая барацьба канца 40-х і 50-х — таксама часткі гэтай трагедыі.

Гэта складаная задача, але запаўненьне белых плямаў на месцы памяці пра Галакост актуальнае і для іншых, больш пасьпяховых краінаў рэгіёну: узгадаць хоць бы нядаўнюю палеміку ў Літоўскай Рэспубліцы вакол гадавіны зьнішчэньня нацыстамі гета ў мястэчку Маляты. Асьвета і аднаўленьне памяці непазьбежна будзе сустракаць супраціў «братачкіных» і розныя антысэміцкія спазмы ў асобных людзей — але гэта бадай што частка лячэньня і непазьбежнае зло.

Нарэшце, наконт падзелу савецкага і нацыянальнага.

СССР ня быў імпэрыяй нацыянальнасьцяў, ён быў турмой народаў. Нацыянальныя аўтаноміі з бутафорскімі атрыбутамі дзяржаўнасьці, у тым ліку і БССР, былі негалосным кампрамісам камуністаў з існаваўшым грамадзкім і збройным нацыянальна-вызваленчым рухам і дэ-факта прыкрыцьцём для палітыкі русыфікацыі і падаўленьня. У дачыненьні да тых рэспублік, што перад гэтым мелі сваю дзяржаўнасьць (а гэта таксама і Беларусь, калі мы разглядаем яе гісторыю з пазыцый інтарэсаў яе дзяржаўнага сувэрэнітэту — то бок, з пазыцый БНР), знаходжаньне ў складзе СССР было дэ-юрэ і дэ-факта акупацыяй і анэксіяй.

СССР ня быў імпэрыяй нацыянальнасьцяў, ён быў турмой народаў.

Праграма для «трэцяй», самастойнай і дэмакратычнай Беларусі існавала — дастаткова пазнаёміцца з праграмнымі дакумэнтамі БНР, Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ў міжваеннай Польшчы альбо, напрыклад, палітычным маніфэстам пасьляваеннага эміграцыйнага Беларускага Вызвольнага Руху.

Так, большую частку 20 стагодзьдзя гэтая праграма заставалася дэклярацыяй аб намерах і сьпісам патрабаваньняў. Беларусы ня мелі магчымасьцяў, каб яе рэалізаваць. Але гэта не павінна рабіць для нас больш сымпатычнымі тых, хто меў на Беларусі рэальную ўладу ў гэты час і хто падаўляў беларускія дзяржаватворчыя памкненьні, паралельна з гэтым спрабуючы зьнішчыць цэлыя катэгорыі насельніцтва Беларусі: гэта тычыцца як гітлераўцаў, так і камуністаў, так і, у меншай ступені, польскіх шавіністаў.

Дваццатае стагодзьдзе скончылася, а перамаглі па ягоных выніках усё роўна беларускія незалежнікі.

Дваццатае стагодзьдзе скончылася, а перамаглі па ягоных выніках усё роўна беларускія незалежнікі, нягледзячы на ўсе страты і на дагэтуль існуючых унутрыбеларускіх непрыяцеляў беларускай дзяржаўнасьці ўсіх масьцяў.

СССР няма, Трэцяга Рэйху няма, а сувэрэнная і міжнародна прызнаная Беларусь, якая ўключае пераважную большасьць акрэсьленых незалежнікамі ў пачатку 20 стагодзьдзя тэрыторый — ёсьць.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG