Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфёнаў і разьмежаваньне беларусаў з расейцамі


Вядомы расейскі журналіст і кінадакумэнталіст Леанід Парфёнаў правёў прэзэнтацыю першай часткі свайго кінапраекту пра «расейскіх габрэяў» у Менску. Гэтая прэзэнтацыя, а таксама беларуская рэакцыя на яе, добра ілюструе раскол паміж расейскім і беларускім успрыманьнем сваёй — дзе агульнай, а дзе нібыта агульнай — гісторыі.

Раскол гэты пашыраецца. Парфёнаў быў не зусім гатовы да таго, што беларусам не спадабаецца, калі беларуска-літоўска-польскую Рэч Паспалітую назваць «Польшчай», а Шагала — не беларускім, а выключна расейскім мастаком.

У адказ на пярэчаньні беларусаў Парфёнаў так і адрэзаў: «Гэта расейскі погляд для расейскага гледача». То бок, беларускі погляд іншы, мы розныя, let’s agree to disagree замест спробы выпрацаваць нейкае кампраміснае агульнае бачаньне.

Для тых канструктыўных беларускіх расейскамоўных інтэлектуалаў, якія выступаюць за захаваньне Беларусі на нейкіх непрыніжальных умовах у культурніцкай арбіце Расеі як краіны даўно памерлых Пушкіна і Чэхава, гэта павінна быць пэўным ацьверазеньнем.

Расейцы разумеюць «расейскі сьвет» выключна як канцэпцыю міжнароднай расейскай культурніцкай дамінацыі, дзе няма месца аўтаномным і паралельным расейскамоўным беларускасьці, украінскасьці ці габрэйскасьці. Расейская культура для вялікай колькасьці расейцаў — гэта культура, чый цэнтральны «практычны» складнік палягае ў арыентацыі на Маскву й Пецярбург.

Таму варыянтаў два. Альбо вы «расейцы» («расейскамоўныя», «рускія людзі» і г. д.) і таму будзеце пісаць «Белоруссия» і «на Украине», лічыць Скарыну і Шагала расейцамі, а таксама па вызначэньні пакутаваць ад хваравітых, навязьлівых і часьцяком наўпрост агрэсіўных прэтэнзій Масквы на патранаж і апекаваньне. Альбо вы адназначныя замежнікі, аддзеленыя ад Расеі выразнай мяжой — перадусім мэнтальнай, псыхалягічнай, моўнай. Трэцяга ня дадзена.

І насамрэч гэта вельмі прыкра, што кампрамісу паміж гэтымі скрайнасьцямі няма, і што чым далей, тым меншаю робіцца яго магчымасьць. Для таго, каб расейскамоўная культура выжыла як глябальная зьява, трэба, каб расейцы ўсьведамілі іх даўно ўжо міжнародны і ня толькі расейскі характар, адмовіліся ад выключных правоў на іх і перасталі іх выкарыстоўваць у якасьці інструмэнтаў агрэсіі. Пачалі прыслухоўвацца да расейскамоўных беларусаў, украінцаў, ізраільцаў, прыбалтаў як да носьбітаў паўнавартаснага і раўнапраўнага погляду на саміх сябе, сваю і агульную гісторыю. На жаль, постімпэрскі мэнталітэт пакуль што перашкаджае расейскаму грамадзтву рухацца ў гэтым кірунку.

Краіны Балтыі ў 90-я гады сьвядома пайшлі на разрыў сувязяў з Расеяй. Яны не далучыліся да СНД, зачынілі стратныя савецкія заводы-гіганты, адназначна абвясьцілі сваё знаходжаньне ў складзе СССР савецкай акупацыяй, а мігрантам савецкага часу грамадзянства Латвіі і Эстоніі далі толькі пры ўмове здачы іспыту на мову і гісторыю краіны. І гэта, як высьветлілася, была адзіная правільная палітыка, якая прымусіла постімпэрскую Расею паважаць новыя балтыйскія дзяржавы і якая ўрэшце прывяла да больш здаровых адносінаў паміж імі і Расейскай Фэдэрацыяй.

Балтыя ня мае праблемаў з Расеяй, бо ад яе аддалілася, далучылася да НАТО і Эўрапейскага Зьвязу.

Украіна займела праблемы з Расеяй таму, што ад самага пачатку выразна ня вызначылася і спрабавала спадзявацца на нейкі разумны кампраміс: быць разам і з Захадам, і з Расеяй. Але расейскае грамадзтва і расейскае постсавецкае кіраўніцтва ўспрынялі гэта як праяву няўпэўненасьці, на якой трэба згуляць, у якую трэба ўмяшацца, каб гэты нібыта канфлікт вырашыць на сваю карысьць.

Беларусь ня мае праблемаў з Расеяй, бо дзякуючы палітыцы А. Лукашэнкі па сутнасьці ператварылася ў расейскі пратэктарат. Спробы гэты статус аспрэчыць толькі пагражаюць Беларусі праблемамі і высьвятленьнем стасункаў з Расеяй у будучыні. І мы бачым, як гэтае пытаньне паступова высьпявае, як беларусы і расейцы ўсё больш разумеюць сваю адрознасьць.

Рана ці позна сытуацыя прыйдзе да пэўнага катарсісу, да вострай фазы ўсьведамленьня шырокай расейскай грамадзкасьцю таго факту, што на захад ад Смаленску існуе асобная краіна з самастойнай і самабытнай культурай і гісторыяй, а ня «белая Расея» і не «практычна той самы народ». Гэта будзе шок, які будзе суправаджацца непрыманьнем і агрэсіяй у СМІ, але калі гэта супакоіцца, адносіны Беларусі і Расеі, як ні дзіўна, зробяцца толькі лепшымі і здаравейшымі.

Бо каб жыць у добрасуседзтве, трэба спачатку разьмежавацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG