Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Амэрыканец» дзядзя Федзя з прысмакам Сэлінджэра


«Вяртаньне». Малюнак Валянціна, сына Фадзея Канстанцінавача, зроблены паводле расповеду бацькі аб сваіх прыгодах.
«Вяртаньне». Малюнак Валянціна, сына Фадзея Канстанцінавача, зроблены паводле расповеду бацькі аб сваіх прыгодах.

— Цёця, а ці не угасьціце цыгарэтай?

Хлопчык гадоў 16-ці зьвярнуўся ў цёмным парку.

Я «частую» не без ваганьня. Малы ж. Але мне, захопленай апошнія месяцы раманам Сэлінджэра «Над прорвай у жыце», падлеткі часьцяком падаюцца прататыпамі галоўнага героя кніжкі. Холдэна Колфілда. І гэты «курэц» таксама. А Холдэну я б і пачак аддала. Позна, канешне, я прачытала знакамітае падлеткавае чытво. Позна даведалася пра гераічную біяграфію дзядзі Федзі Варанішчы — суседа па Вілейскай вуліцы, дзе мы з мамай і татам у бабулі жылі — калі ўжо ён даўно памёр і ні пра што не запытаесься. Дарэчы, пра яго таксама, як і пра Холдэна, раман напісаны. «Іншаземец» называецца.

— Я, калі служыў у Луцку, у вайсковай бібліятэцы выпадкова трапіў на «Іншаземца». Я знаў, што пра бацьку пісалі кнігу, але ніколі ня бачыў яе, уяўляеш? — пытаецца рытарычна Валік, Валянцін, сын дзядзі Федзі. Да яго на другі канец гораду спэцыяльна прыйшла, каб пра ягонага бацьку пагаварыць. Запоўніць лякуну памяці, так бы мовіць. Дзядзя Федзя быў хударлявы стары з ласкавымі вачыма, густымі брывамі, і ўсьмешлівы. Заўсёды, як прыходзіў да бабулі «на сяло», на калені мяне браў. А калені вострыя. Сядзець мулка.

Валянцін Варанішча.
Валянцін Варанішча.

— Ведаеш, чаму ён такі кашчавы быў? — пытаецца Валік. І сьмяецца, бо бачыць, што ня ведаю чаму. — А ў Гішпаніі на фронце есьці няма чаго было, і цэлы месяц елі адныя лімоны, ты разумееш? У яго кіслотнасьць да таго ж была павышаная. Спорціў там страўнік на ўсё жыццё з-за лімонаў.

Падабенства дзядзі Федзі з Колфілдам яшчэ і ў тым, што дзядзя Федзя — як Колфілд, які пакінуў прывілеяваную школу і вярнуўся у сям’ю — амаль у такім самым узросьце пакінуў сваю сям’ю і жабрацкае вясковае жыцьцё дзеля заробкаў у далёкай Аргентыне. Падабенства, можна сказаць, супрацьлеглае, але кожны зь іх у пэўны момант зрабіў рашучы крок у невядомае.

— Тады ўсе хто мог выяжджалі з Заходняй Беларусі, дакладней, тагачаснай Польшчы, у Паўднёвую Амэрыку. Бо там можна было зарабіць. Дзьвюх кароў баба прадала зь дзедам, і купілі бацьку квіток на параход, грошы далі з сабой, правіянт. Ён не адзін паехаў, з Клідзенят яшчэ чалавек і бацькаў швагра. І вот бацька, ягоны швагра і гэны чалавек, там працавалі яны. Касілі сена. Там фэрмэрская гаспадарка была, як тры раёны смаргонскіх. А ў фэрмэра той скаціны! Ніхто ня знаў скока...

— У якім горадзе?

— Гэта ня горад, а наўродзе хутара. У Санта-Фэ ён потым паехаў, кавалём ўладкаваўся ў чыгуначнае дэпо. А спачатку яны ў фэрмэра касілі сена, зграбалі ў кучы. Што яшчэ хлопцы ўмеюць рабіць? Толькі сена касіць. Жывёла прыходзіла, сена ела. Скока жывёлы было ў таго чалавека, ніхто ня знаў.

— А сам фэрмэр знаў?

— І ён ня знаў. Было гэта ўсё загароджана калючым дротам. Хочаш есьці — забі жывёлу, еж. Тока шкуру павесь на дрот, каб сохла. Але хлеба было мала. Мяса дык валам. Там былі такія быкі. Бацька казаў, адзін раз бык як паляцеў на іх. Можа з тону. Загнаў нас на стог, кажа, сядзелі на стагу, доўга чакалі, пакуль сыйдзе... Доўга яны там касілі. Гады два.

— З чаго яны фэрму кінулі?

— Лепшую работу найшлі.

— А моўны бар’ер?

— Дык а бацька як? Валодаў францускай, гішпанскай, польскай, беларускай. Свабодна зь любой на любую пераводзіў. Сва-бод-на! І пісаў без памылак. Як ён так? У яго ж было тры клясы адукацыі і ўсё. Я спрасіў, як ты так языкі знаеш? Кажа: «Тры месяцы, і я навучыўся па-гішпанску. На слых». І ён жа вывучыўся на зваршчыка яшчэ. Там курсы нейкія былі. На заводзе ў Буэнас-Айэрэсе працаваў. Ужо пасьля Санта-Фэ. Ён даволі добра працаваў. У прафсаюз там уступіў. Быў сябрам Камуністычнай партыі Аргентыны, а потым у гішпанскую партыю запісаўся. Яго нават чуць не забілі падчас страйку. Гаспадар нагнаў штрэйкбрэхераў. Яны хацелі прарвацца на завод, а бацька быў у ачапленьні. Яго пырнулі. Ачуціўся ў бальніцы. Чуць да жыцьця вярнулі — парэзалі добра. Я пытаўся: «Колькі ты там грошай зарабіў?» Ён казаў: «Знаеш што? Я там стокі грошай зарабіў, што мог свой рэстаран адкрыць лёгка».

— І што ён зрабіў у выніку з грашыма?

— У выніку ён зблатаваў сяброў купіць зброю. Кампаніяй зафрахтавалі параход і паехалі ў Гішпанію за Рэспубліку ваяваць. Супроць фашызму.

— Які маладзец!

— Маладзец! Ваяваў пад Мадрыдам, на Арагонскім фронце. Даслужыўся да лейтэнанта, камандаваў узводам у складзе брыгады імя паўстанца Яна Дамброўскага — аднаго з паплечнікаў Касьцюшкі. Бо брыгада была ў асноўным з палякаў. Праз гады палякі ўручылі мэдаль «За нашу і вашу свабоду». Яшчэ ў яго быў крыж «Францускага легіёну», гішпанскія нейкія ўзнагароды.

— А дзе яны?

— Некаторыя ў Гродна ў музэі. А так... Ляжалі ў куфэрку, ды бацьку яны былі безразлічныя. Дзеці прыходзілі, гуляліся з імі, парасьцягалі.

— Шкада! Хоць бы вокам глянуць на крыж той.

— Я і сам яго ўжо добра ня помню... А французы яму пэнсію апошнія 7 гадоў плацілі. Можа 200 даляраў у месяц, ці франкаў, я не разьбіраюся. У рублях давалі.

2. Францыя, 1944. Зь сябрамі-партызанамі і дзяўчатамі. Фадзей сядзіць у цэнтры.
2. Францыя, 1944. Зь сябрамі-партызанамі і дзяўчатамі. Фадзей сядзіць у цэнтры.

Я потым ад Валіка да цёці зайшлася. Кажу: «Уяўляеце, дзядзя Федзя 200 франкаў пэнсіі атрымліваў з Францыі!» Цёця: «Дзіва што гаражы ўсім тром сынам паставіў і машыны пакупляў».

— Ну вось, а на грамадзянскую вайну ўсе ехалі тымі часамі, — працягвае Валік, — павальна. Бацька расказваў пра вайну, пытаўся: «Знаеш ты, што такое вайна?»

— Вайна ў Гішпаніі?

— Наогул, вайна. Ён казаў: «Знаеш, калі месяц сядзіш у акопе, у балоце, гразны, ня еўшы і вошы жруць цябе, сьпякота 40 градусаў. І калі кажуць — у атаку! Ляціш скарэй, каб цябе забілі. Гэта ад і ужас!» Але быў толькі лёгка паранены... Пасьля падзеньня Рэспублікі — інтэрніравалі ў Францыю. Калі Францыю акупавалі фашысты, трапіў у канцлягер. У горад Вэрнэ. Хутка ўцёк, зьвязаўся з антыфашысцкім падпольлем. Нават стаў адным з кіраўнікоў. У яго там былі мянушкі «Поль» і «Фёдар». Па заданьні падпольля бацька ўладкаваўся электразваршчыкам у горадзе Бардо, на базе па рамонту падводных лодак. Дзе самымі цяжкімі работамі ў вадзе і пад вадой займаліся савецкія ваеннапалонныя. І ён 45 чалавек спас з плену. Я памятаю, як яны прыяжджалі сюды. Тыя, каго спас. І пісьменьнік, што напісаў раман «Іншаземец». Басьняцкі прозвішча. Імя не памятаю, таксама прыяжджаў. Ён і яго спас з плену. Яшчэ прыяжджаў Алег Возераў, памочнік міністра будаўніцтва РСФСР. Разам былі ў атрадзе, у Гасконі. Яны дружылі сем’ямі ўсё жыцьцё. На яго дачцы мяне жаніць нават хацелі. Пасьля арміі мяне вазілі туды, але нічога ў іх не палучылася.

— Адмовіўся ад Масквы, ад пэрспэктываў?

— Я любіў надта Галю. Жонку сваю цяперашнюю. А той Возераў вялікая шышка быў у Маскве і прапанаваў, каб паставілі бацьку помнік. «А не, — кажа бацька, — нікакіх помнікаў. Помнік толькі каб на магілу».

— Чаму не?

— А на халеры? Ён такі чалавек сьціплы быў. Яму не патрэбна. Той кажа тады: «Хаця б вуліцу тваім імем назваць». Бацька ў адказ: «Яшчэ чаго — вуліцу! Ня трэба ніякіх вуліц». І я зь ім згодны. Ня трэба называць людзкімі імёнамі вуліцы. Прыйдзе другая ўлада — пераназаве. На халеры намагацца...

Фадзей – першы справа. Францыя, г. Бардо, 1946 год.
Фадзей – першы справа. Францыя, г. Бардо, 1946 год.

Тут я заўважыла паралель ужо з самім Джэромам Сэлінджэрам, які адмаўляўся ад усялякай публічнасьці. Але Валіку я не сказала асабістай думкі ні пра Холдэна, ні пра Сэлінджэра. На халеры?!

Пра дзейнасьць дзядзі Федзі ў Супраціве я таксама не пыталася ў Валіка, бо адшукала ў сеціве падрабязную справаздачу таго самага Возерава. Вось, напрыклад, пералік зброі, якая мелася ў байцоў франка-савецкага партызанскага атраду «Груп де Лорет»:

«На вооружении отряд имел ручные пулеметы системы „Гочкис“, противотанковые ружья типа „Базука“, автоматы и винтовки — английские, канадские и трофейные немецкие, французские карабины, ручные гранаты различных типов и трофейный 80-мм миномет, а также личное огнестрельное и холодное оружие».

Некаторыя з апэрацый атраду:

«Засада в лесу Лоркей на дороге Марманд-Дюрас. Сожжено 2 автомашины, 2 мотоцикла, уничтожено 7 фашистов. У партизан потерь нет. Взят в плен разведчик гестапо Шосада в районе деревни Сен-Мишель-Пети.

Взрыв немецкого ресторана в Кассеной. Погибло более 30 немецких офицеров, в том числе один полковник из карательной экспедиции.

Бой в районе г. Тонненс с батальоном СС и Туркестанским легионом. Фашисты потеряли 10 чел. Партизанские отряды „Груп де Лорет“, „Гран Пьер“ и „Дюспижаль“ потеряли 5 человек убитыми и 6 ранеными. В нашем отряде погибли Роберт, Джульбер и испанец Альбер. Перед началом карательной экспедиции местные жители рассказывали, что идет свирепый отряд индусов, который все уничтожает на своем пути, но когда мы взяли первых пленных, то оказалось, что это Туркестанский легион, составленный из бывших советских военнопленных, выходцев из среднеазиатских республик. Взяли в плен 15 человек, которые обрадовались плену.

На дороге Мейан-Монгази совершили нападение на фашистскую автоколонну. Уничтожено 3 автомашины и взяты трофеи — 150 карабинов французского производства, 20 немецких автоматов, боеприпасы к ним, ручные гранаты и взрывчатка. Фашисты потеряли 5 человек, остальные разбежались.

Взорвали мост на железной дороге Тулуза-Бордо и пустили под откос эшелон с военной техникой (10 танков, 6 орудий). В крушении погибло по данным разведки около 250 солдат и офицеров. У нас потерь нет.

Взят в плен в деревне Сен-Мишель француз, которого наши осведомители приняли за фашистского разведчика, а он оказался обычным спекулянтом из Бордо, приехавшим за продуктами к знакомым».

— Пасьля таго, як скончылася вайна, бацька яшчэ год заставаўся ў Францыі, працаваў у лягеры для інтэрніраваных. Касавалі яны там людзей, гэтыя туды, гэныя туды, — працягвае Валік, — таму што, разумееш, пасьля вайны там было ўсякіх. Трэба было кожнага правяраць — хто ты такі. І вот іх зьбіралі ў лягеры. А бацька знаў многа языкоў.

4. З жонкай Пелагеяй.
4. З жонкай Пелагеяй.

Вось яшчэ прывітаньне ад Сэлінджэра, які таксама пасьля таго, як адваяваў, на працягу году ўдзельнічаў у праграме па выяўленьні нацысцкіх злачынцаў. Бо валодаў нямецкай. І французскай, дарэчы, таксама.

— Яны ня толькі нацыстаў вызначалі, але і разьбіраліся, каму якая дапамога патрэбная. У іх жа, хто пасьля канцлягеру, ні грошай, ні папер, нічога, — працягвае маю думку Валік. Слухаю яго і часам падаецца, быццам перада мной сам дзядзя Федзя. Дзіўнае адчуваньне. За вокнамі вечарэе. За вокнамі калышуцца сосны, бо двухпавярховы дом з чырвонай цэглы амаль на самым ускрайку гораду пабудаваны. Толькі і рабіць, што слухаць гісторыі пад скуголеньне моцнага сьнежаньскага ветру ў правадах.

— А бацька ж вярнуўся ў 46-м. Праз год пасьля вайны. І праз 20 год, як пакінуў родную вёску. Ішоў па вакзалу ў Маладзечна. Два чамаданы павесіў, дротам перавязаныя, на плячо. Гавора: «Іду і чую ззадзі джыр-джыр-джыр, нейкі мужык ножыкам джыркае па дроце. Добра, што дротам перавязаў, а каб вяроўка, то і ўсё. Зьдзёрлі б і пацягнулі», — Валік сьмяецца, — зладзеяў у нас тады было многа. Пасьля вайны знаеш скока было бандзюгаў? Кішэла ўсё.

— Я пра чамаданы і хацела запытацца. Чула, што прывёз дзядзя Федзя менавіта два чамаданы. Уяўляла іх чамусьці лімонна-жоўтымі, скуранымі. Паставіў у хаце, дзе нікога не было і пайшоў шукаць сваіх. А калі вярнуліся, дык убачылі, што скралі паклажу. І так ужо мне было шкада замежных падарункаў. Так і ўяўляла, як ён зь любоўю іх выбіраў, купляў. На працягу доўгай дарогі бараніў. Вось толькі ўжо не памятаю, хто мне гэта расказаў, — кажу.

5. Ліцейны цэх, 1960.
5. Ліцейны цэх, 1960.

— Нічога там не было. Чамадан папірос. А ў другім нейкае так абы што — анучы. Пальто, бацінкі, шапка. А ўсе ж думалі, што прывёз даляраў, золата, брыльянтаў.

— Значыць, ён нічога не зарабіў за 20 год?

— Не, нічога. Старэйшы брат Антон яго часьцяком папракаў: «Гаўнюк ты! Усё прафукаў!» Чамадан папірос і ўсё. Галоўна, сам ня курыў. Думаў, што заробя грошай. Тут жа ж не было папірос. Тока махорку курылі. А ніхто не купляў, бо грошай не было. Некаму пааддаваў. І больш нічога, акрамя папірос. І пальто. Ён як прыехаў у гэным пальто, дык да сьмерці гэнае пальто было. Ён такі бесьсярэбраньнік быў... Вот раскажу табе. У іх была аднойчы такая сытуацыя. Іх было пяцёра чалавек. Ехалі на вілісе, адкрытая такая машына амэрыканская, ціпа джып. Гэта калі ён парцізаніў яшчэ, было ў Францыі. Чамадан даляраў везьлі.

— Што за грошы?

— Недзе канфіскавалі, ці обыск, ці што там. І з разгону як даліся ў сьцяну. Гавора: «Астаўся я толькі адзін жывы. І чамадан гэтых грошай рассыпаўся. Вецер іх разьнёс. Ляжу, гляджу, як яны лятаюць, а вакол трупы сяброў». Во, гавора, як павязло, што выжыў. Пасьля гэтага зусім да грошай спакойны зрабіўся.

— Але ж ён і да гэтага напэўна ня быў карысьлівы, мяркуючы, што заробак увесь на вайну гішпанскую патраціў?

6. Сустрэча з таварышам, выратаваным з палону.
6. Сустрэча з таварышам, выратаваным з палону.

— Не, распусны ён ня быў... Я пытаўся, а чаго ты там не жаніўся за мяжой? А бацька кажа, была ў мяне дзяўчына у Аргентыне. Але нешта не сышлося. Як жа гэта звалі яе... Ён жа гаварыў... Ой, ня помню... Канчыта. Не! Хуаніта! Праўда-праўда, — Валік сьмяецца, і я разам зь ім. Чыстае кіно.

— А калі вярнуўся, ці адразу жаніўся?

— У прынцыпе, да. Ён як вярнуўся, дык быў «амэрыканец»! Што ты! Усе ж глядзелі — ой-ой-ой. Дзеўкі млелі. Дзеўкі ж думалі, што ён золата навёз. А жаніўся на самай малодшай у вёсцы. На 16 год была за яго маладзейшая Пелагея Дзьмітрыеўна, маці мая.

7. З вучнямі 2-й смаргонскай школы, 1979.
7. З вучнямі 2-й смаргонскай школы, 1979.

Стоп! Зноў Сэлінджэраўская паралель зь біяграфіяй дзядзі Федзі. Нават не адна. Па-першае, што «амэрыканец». Па-другое, і пісьменьнік любіў толькі маладых дзяўчат. Менавіта на 16 год маладзейшая была ягоная першая, пасьля вяртаньня з вайны, сяброўка Джын Мілер. Ёй было наогул 14, калі пазнаёмілася на пляжы Дэйтан-біч з 30-гадовым Сэлінджэрам. Жонка Клэр Дуглас мела розьніцу з мужам 15 год. А ў 66 год Джэром Дэвід Сэлінджэр жаніўся на 16-гадовай Колін. Прозьвішча нідзе не знайшла.

8. У Маскве зь сябрам з руху Супраціву.
8. У Маскве зь сябрам з руху Супраціву.

— Пасьля на ліцейны завод сьлесарам пайшоў. Яго хацелі загнаць у каталажку, што быў за граніцай і ў канцлягеры. За гэта. Каб ня знамя Далёрэс Ібаруры, у Сыбіры б сядзеў гадоў 15. Падарыла ж яму знамя, гішпанская камуністка такая была вядомая. Старшыня партыі нават. І ён прывёз гэтае знамя. Храніў дома. Да яго НКВДзістаў падсылалі, шантажыравалі, правацыравалі, а ён ўзяў знамя і пайшоў са знаменем у райком партыі. Прыйшоў і кажа: «Вот эта знамя мне падарыла Далёрэс Ібаруры! Чаго вы да мяне прычапіліся?» І тады толькі адчапіліся ад яго. Нават адразу паставілі дырэктарам ліцейнага. Зь месяц парабіў і кінуў. «Я ня буду, — казаў, — там надта многа трэба водкі піць. Я столькі не магу». А яшчэ тады Возераў, ён жа быў у НКВД, за яго пачаў заступацца... Там усе хлопцы, што прыехалі з Гішпаніі, з Францыі — адзін павесіўся, ня выдзержаў, другі здурнеў. Ціск быў на іх, разумееш? Там жа Сталін як? Быў у плену? Усё — ты враг народа. Быў за граніцай? Враг народа. Во так было!

— Значыцца, твой бацька быў моцны чалавек.

9. Фадзей Канстанцінавіч Варанішча.
9. Фадзей Канстанцінавіч Варанішча.

— Ну! Так і ёсьць, так і ёсьць. І быў вельмі добры, ні з кім не ругаўся. Ніколі не кіпяціўся. Можа ён і перажыў усе гэтыя падзеі, што спакойна адносіўся да ўсяго. Многа чаго ён знаў і жыцьцё знаў.

— А колькі ён пражыў гадоў?

— 90.

Чарговае прывітаньне ад Сэлінджэра. Той пражыў амаль столькі ж — 91. А яшчэ ўсе, хто ведаў Фадзея Канстанцінавіча Варанішчу і Джэрома Дэвіда Сэлінджэра, у адзін голас сьцьвярджалі, што абодва былі надта высокімі. І чарнавокімі.

Схаваўшы асадку і спісаны блакнот у торбу, адыходжуся ад Валіка, бо абяцала яшчэ да цёці на чай зайсьціся. Яна недалёка жыве. Валік ужо на ганку дадае:

— І ведаеш яшчэ, што самае цікавае? Бацька ж размаўляў усё жыццё па-руску, а перад сьмерцю раптам загаварыў па-беларуску. І гэта мяне так зьдзівіла. За тыдзень да сьмерці недзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG