Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кпіць з талерантнай Эўропы — гэта разважаць як ісламскі тэрарыст


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Пасьля чарговых тэрактаў у Францыі афіцыйныя і неафіцыйныя камэнтатары з нашай посткамуністычнай усходняй Эўропы зноў завялі старую песьню пра дэградацыю і бязвольле талерантных заходнеэўрапейцаў, са звыклымі элемэнтамі ксэнафобіі, гамафобіі і іншага дзікунства. Ну вядома, каму, як ня нам, павучаць Заходнюю Эўропу, як жыць.

Мала хто з такіх людзей на самой справе задумваецца пра тое, што такімі развагамі дэманструе ў літаральным сэнсе аднадумства з тымі самымі тэрарыстамі, якія забілі паўтары сотні чалавек у Парыжы, перад гэтым, верагодна, узарвалі расейскі самалёт над Эгіптам і кожны дзень забіваюць сотні людзей у Сырыі і Іраку.

Ісламскія фундамэнталісты ваююць ня столькі супраць хрысьціянства, колькі ў першую чаргу супраць сучаснай лібэральнай (ад слова Libertas — «свабода») «заходняй» (хоць яна даўно ўключае такія краіны, як Ізраіль, Японію, Паўднёвую Карэю і нават у значнай меры Кітай) цывілізацыі. Цывілізацыі, якая грунтуецца на такіх рэчах, як розум, раўнапраўе, свабода асобы — а не на рэлігійнай міталёгіі, сярэднявечных забабонах і дыктатуры.

Эўропа ішла да гэтага з часоў Старажытнай Грэцыі праз Адраджэньне і Эпоху Асьветы, час ад часу зрываючыся то ў Цёмнае Сярэднявечча, то ў фашызм ці марксізм. Дабрабыт Эўропы і Амэрыкі грунтуецца менавіта на гэтых, падкрэсьлю — лібэральных, каштоўнасьцях. На іх жа ўскосна грунтуецца і дабрабыт астатніх краін, якія зрабіліся багатымі дзякуючы ўзаемадзеяньню з Захадам: гэта і Кітай, і Расея, і нават тыя багатыя нафтай арабскія краіны, дзе жывуць галоўныя матэрыяльныя спонсары сучаснага ісламскага тэрарызму.

Выбар стаіць не паміж «эўрапейскай цывілізацыяй» і «цёмнымі азіяцкімі ордамі», не паміж хрысьціянствам і ісламам, а паміж свабодай і не-свабодай.

Лібэралізм не забівае. Кансэрватызм і рэлігійны фундамэнталізм (што ісламскі, што не ісламскі) — забіваюць, сацыялізм і ўтапічная сацыяльная інжынэрыя — забіваюць. Лібэралізм — не, і ў гэтым ягоныя як сіла, так і слабасьць.

Для Эўропы сапраўды будзе няпростай задачай перамагчы прымітыўны і просты ўльтракансэрватыўны ісламізм і пры гэтым не скаціцца ва ўласны аўтарытарызм і антылібэралізм. Працягваць прымаць уцекачоў, пры гэтым выяўляючы ісламістаў, інфільтраваных пад гэтым прыкрыцьцём. Узмацніць нацыянальную бясьпеку і падвысіць эфэктыўнасьць спэцслужбаў, не пагражаючы дэмакратыі і свабодам сваіх грамадзянаў.

Калі на вас брэша сабака, ня трэба станавіцца на карачкі і пачынаць брахаць ў адказ. Калі нам пагражае таталітарная цемрашальскія і пабудаваная на нянавісьці і гвалце ідэалёгія, ня варта самім каціцца ў нянавісць і цемрашальства. У Заходняй Эўропе многія гэта разумеюць. Гэта мусім разумець і мы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG