Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луганск: «У ваколіцах няма ўкраінскай арміі. У нас няма сумневу, што абстрэл вялі сілы апалчэньня»


Сёньня ў Луганску абвешчаная трохдзённая жалоба па загіблых у выніку ракетных і гарматных абстрэлаў. Якая цяпер сытуацыя ў горадзе? Пра гэта Радыё Свабода гутарыла з Ірынай Козыравай, журналісткай луганскага выданьня «Ўсходні варыянт».

РС: Якая цяпер сытуацыя ў Луганску, ідуць баі ў рысе гораду?

Козырава: З раніцы было ціха. Але 20 хвілін таму мы чулі гукі мінамёту. Па гуку ён страляе, як Град, але гэта ня Град, магчыма, рэактыўны мінамёт. Куды ён страляў, невядома, але страляў з раёну Вэргункі. Гэта прыгарад Луганску, фактычна ў рысе гораду.

РС: Як разьмеркаваныя ў горадзе сілы сэпаратыстаў? Яны кантралююць увесь горад ці пэўныя раёны?

Козырава: Яны цалкам кантралююць увесь горад. У кожным раёне ёсьць свае баевікі. Апалчэньне падзеленае на 7-10 груповак, кожная зь якіх займаецца сваімі справамі, нехта ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях, нехта — у кантролі правапарадку, скажам так, яны ладзяць блёкпосты, даглядаюць машыны. Квітнее марадзёрства і іншыя кепскія рэчы.

РС: Якая сытуацыя з харчаваньнем у горадзе?

Козырава: Крамы працуюць. Але баявыя дзеяньні паўплывалі на час працы. Калі раней некаторыя працавалі кругласутачна, некаторыя да 11, то зараз усе імкнуцца зачыніцца раней, супэрмаркэты да 9, дробныя крамы — да 5. З падвозам прадуктаў у горад ёсьць праблемы, гэта бачна і ў супэрмаркетах, там замест кілбасы ляжаць вада і чыпсы. Але ў цэлым пакуль усе прадукты ёсьць.

РС: А вада? Гэта вялікая праблема ў Данецку, наколькі я ведаю.

Козырава: З вадой у парадку. Адзінае, што часам узьнікаюць праблемы, бо з-за абстрэлаў церпяць падстанцыі, попмпавыя абясточаныя. Здараецца, што прыпыняецца на пару гадзінаў падача вады. Але вялікіх перабояў няма.

РС: Тыя людзі, якія загінулі і з нагоды гібелі якіх абвешчаная жалоба — чые ракеты і снарады іх забілі?

Козырава: У Луганску і прыгарадах няма ўкраінскай арміі. Таму з імавернасьцю 90% можна гаварыць, што стралялі нашы апалчэнцы. Апалчэньне ўвесь час хавае сваю датычнасьць да гэтых абстрэлаў. Але па горадзе ўвесь час езьдзяць устаноўкі Град, гарматы, зэніткі, якія хаваюцца ў жылых масівах, спыняецца каля шпіталёў, роддамоў і адтуль страляе ў іншы раён гораду. У нас няма сумневу, што абстрэл вялі сілы апалчэньня.

Яшчэ такі нюанс: расейскія журналісты, якія тут прадстаўленыя вельмі шырока, прысутнічаюць на ўсіх абстрэлах. Гэта як у школе амэрыканскай журналістыкі вучаць: журналіст павінен апынуцца на месцы пажару за 5 хвілін і сабраць ва ўсіх сынхроны.

Вось так у нас працуюць расейскія журналісты. Яны, відаць, ведаюць, калі і дзе будзе абстрэл, зьбіраюцца ў бясьпечным месцы, іх ахоўваюць сілы апалчэньня. І яны вядуць фактычна прамыя рэпартажы з абстрэлаў жылых раёнаў.

РС: Ці многія хочуць зьехаць з гораду? І ці ёсьць такая магчымасьць?

Козырава: Многія хочуць. Але не ва ўсіх ёсьць такая магчымасьць. Едзе шмат, але казаць пра тое, што з 400 тысячаў насельніцтва Луганскай вобласьці зьехала хаця б палова, нельга. Паводле ўскосных дадзеных, зьехала недзе 40 тысяч. Гэта кропля ў моры. Засталося шмат дзяцей, старых, але і шмат моладзі і ў горадзе, і ў вобласьці.

РС: Ці маюць сэпаратысты грамадзкую падтрымку, ці многія гараджане лічаць іх сваімі абаронцамі, выразьнікамі сваіх інтарэсаў?

Козырава: Я мяркую, што прыкладна 30% у Луганску падтрымліваюць сілы апалчэньня. Гэта зьвязана найперш з расейскай прапагандай, якая ў нас вельмі актыўна вядзецца. У Луганску не працуюць украінскія тэлеканалы, засталося два забаўляльных, усё астатняе — гэта расейскае тэлебачаньне, дзе ўвесь час гавораць, што «кіеўская хунта», Нацыянальныя гвардыя тут забіваюць, расстрэльваюць людзей. Так што адсоткаў 30 падтрымліваюць апалчэньне, яны ўпэўненыя, што менавіта Нацыянальная гвардыя, пераапранутая ў апалчэнцаў, абстрэльвае горад і разбурае дзіцячыя садкі, шпіталі, школы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG