Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібель прэзыдэнта Качыньскага назвалі «забойствам»


Пахавальная цырымонія Леха Качыньскага ў 2010 годзе
Пахавальная цырымонія Леха Качыньскага ў 2010 годзе

У Польшчы апазыцыя патрабуе неадкладнай адстаўкі ўраду Дональда Туска, нягледзячы на тое, што пракуратура не пацьвердзіла інфармацыю газэты «Rzeczpospolita» аб сьлядах выбухоўкі на абломках прэзыдэнцкага самалёту, што ў 210 годзе разьбіўся пад Смаленскам.

Газэта «Rzeczpospolita» напісала, што два тыдні таму польскія сьледчыя вярнуліся з Расеі, дзе дасьледавалі тое, што засталося ад прэзыдэнцкага самалёту, ды прывезьлі сэнсацыйныя вынікі: на кавалках самалёту і пасажырскіх крэслах знойдзеныя сьляды тратылу і нітрагліцэрыну.

«Гэта няпраўда, што ў выніку дасьледаваньняў знойдзеныя сьляды тратылу і нітрагліцэрыну. Іх няма на кавалках ані унутранай, ані зьнешняй частак самалёту», — заявіў прадстаўнік вайсковай пракуратуры Ірэнэуш Шэлёнг ды дадаў, што да падобных высноваў мог прыйсьці «толькі дылетант».

Аднак жа галоўны рэдактар газэты «Rzeczpospolita» Томаш Урублеўскі напісаў, што інфармацыя была шмат разоў правераная, і яе пацьвердзілі «як экспэрты, так і высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі».

Ня верыць пракуратуры і лідэр найбольш буйной апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі. Брат загінулага прэзыдэнта запатрабаваў стварэньня міжнароднай камісіі ў справе расьсьледаваньня прычынаў катастрофы, якую ўпершыню назваў «забойствам».

«Мы патрабуем таксама адстаўкі ўраду Дональда Туска. Польшчай ня могуць кіраваць людзі якія цягам амаль 30 месяцаў хавалі праўду»

Між тым прэм’ер міністар Польшчы Дональд Туск напрыканцы дня склікаў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю ў гэтай справе дзе заявіў, што давярае вынікам сьледзтва пракуратуры ды назваў недапушчальнымі заявы Яраслава
Качыньскага.

«Як можна надалей супрацоўнічаць, калі палітык, які змагаецца за ўладу і не хавае гэтага, можа дзяліць палякаў, казаць, што частка зь іх прытрымліваецца меркаваньня, што польскі ўрад браў удзел у злачынстве — забойстве прэзыдэнта і яшчэ 95 грамадзянаў Польшчы ў катастрофе пад Смаленскам?»

Нават калі інфармацыя газэты «Rzeczpospolita» будзе канчаткова абвергнутая, дык, паводле палітолягаў, гэтая сытуацыя пашкодзіць партыі «Грамадзянская плятформа», што кіруе краінай шосты год. Ужо цяпер у рэйтынгах папулярнасьці яе амаль дагнала «Права і справядлівасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG