Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калгасьнікам не даплачваюць


Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі паведаміла, што сёлета дзяржаўная фінансавая падтрымка галіны ацэньваецца амаль на 2 мільярды даляраў, што складае каля 220 даляраў на кожны гектар ворыва. Але, паводле гэтага ж міністэрства, усяго толькі паўсотні гаспадарак завяршаюць год з прыбыткам. А ўсе іншыя 1450 СПК маюць перад сваімі працаўнікамі запазычанасьці па заробку.


Нядаўна першая намесьніца міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец публічна заявіла, што сярэдні заробак у галіне ў 2010 годзе павінен быць эквівалентны 320 — 360 далярам. Гэты прагноз чыноўніцы мусяць цяпер тлумачыць людзям яе падначаленыя. І, як высьвятляецца, марна спадзявацца, што скачок заробкаў адбудзецца ўва ўсіх гаспадарках. Гаворыць супрацоўнік управы эканомікі Мінсельгасхарчу:

“У адной гаспадарцы працаўнікі атрымліваюць па 2 мільёны рублёў месячнага заробку. У іншай гаспадарцы заробак складае 200 ці 300, альбо нават 500 тысяч рублёў. Палічыце, і атрымаецца, што сярэдні заробак па дзьвюх гэтых гаспадарках — 1 мільён 200 тысяч рублёў. Але ж у гэтым агульным паказчыку не відаць людзей, адны лічбы”.

Удакладняю пытаньне. Прашу суразмоўцу патлумачыць, чаму сёлета ажно ў 30-ці СПК у рэгіёнах, якія вырошчвалі моркву, агароднікі не атрымалі сваіх заробкаў. На “Свабоду” даходзяць скаргі, што морквай цяпер кормяць жывёлу.
Беларускі гандаль адмаўляецца прымаць моркву сёлетняга ўраджаю...


“Ну, то чыя гэта праблема? Ужо ж не канкрэтных людзей і гаспадарак. Беларускі гандаль адмаўляецца, не жадае прымаць моркву сёлетняга ўраджаю. Гародніну трэба захоўваць. А гэта — немалыя затраты. Гандаль хоча, каб мы завозілі моркву ў крамы расфасаваную па 10 кіляграмаў.

Увогуле, цяпер шмат такіх прыкладаў. І гутарка пра іх — складаная і цяжкая. Такім чынам мы толькі раздражняем чалавека, калі кажам пра сярэдні заробак”.

Нагадваю суразмоўцу, што пасьля сельскагаспадарчага сэзону ў Беларусі зноў рэфармуюць былыя калгасы. 1481 вялікая вёска будзе пераўтворана ў аграгарадкі. Жыхарам на ўскраінах цяжэй трымаць каровы. Сёлета іх ужо выразалі больш як 50 тысяч. А ўдзельная вага бульбы і гародніны на асабістых падворках зьмяншаецца да 70 працэнтаў. Як паўплывае працэс узбуйненьня сельскіх гаспадарак на ўзровень жыцьця вяскоўцаў? У чым галоўная прычына цяперашніх нізкіх заробкаў?

“На жаль, у калектыўных гаспадарках амаль кожны лічыць, што гэта ўласнасьць не яго. Даярка кажа, што мой клопат падаіць, я гэта зрабіла. Няхай корміць карову іншы чалавек. У сваю чаргу заатэхнік цьвердзіць, што дарагія кармы нарыхтоўвае аграном. Мэханізатар лічыць, што яго задача зрэзаць расьліннасьць, а якой будзе якасьць сенажу ці сіласу, мэханізатара мала цікавіць. Таму існуе комплекс прычын, якія ўплываюць непасрэдна на гэтых працаўнікоў, а таксама тых, хто працуе ў гэтых гаспадарках”, – гаворыць супрацоўнік управы эканомікі Мінсельгасхарчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG