Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стыхія, памножаная на чыноўніцкую бязьдзейнасьць


У Горадні на некаторых вуліцах вада не высыхае.
У Горадні на некаторых вуліцах вада не высыхае.

У Беларусі працягваюць падлічваць страты, нанесеныя моцным ветрам і залевамі.

Да журналістаў “Свабоды” зьвяртаюцца пацярпелыя. Людзі скардзяцца на абыякавасьць улады – на тое, што чыноўнікі затрымліваюць сродкі, якія дзяржава выдаткоўвае на дапамогу пацярпелым.

Канкрэтныя факты пра гэта — ад рэгіянальных карэспандэнтаў нашага радыё.

СЛУХАЦЬ:


Берасьцейшчына


Стыхія ў ліпені раскрыла дахі і заліла больш за 200 жылых дамоў


Сёньня Берасьцейская абласная ўправа міністэрства надзвычайных сытуацыяў абвясьціла, што стыхія ў ліпені пашкодзіла ў рэгіёне больш за 200 жылых дамоў. Іх дахі сарваў вецер, дажджавая вада заліла памяшканьні.
Пагарэліца скардзіцца, што ніхто з чыноўнікаў не зайшоў паглядзець на разбурэньні


Найгорш у рэгіёне пацярпеў дом 82-гадовай бабулі Марыі Нікалаені з Баранавічаў. 19 ліпеня ад маланкі яе дом загарэўся. І вось ужо больш як тыдзень залевы дадаюць бяды. Пацярпелая заяўляе, што ўлада ёй нічым не дапамагае:


“Пакуль не прыходзілі нават паглядзець, што тут і як. А тут дах майго дома згарэў і бэлькі, што яго трымалі. Шмат выгарала, бо пажарная машына позна прыехала. Сьцены засталіся, бо дом са шлякабэтону. Цяпер паўсюль стаяць вёдры і карыты…”

Магілёўшчына


Па дапамогу зьвяртаюцца больш як 400 пацярпелых сем’яў


На Магілёўшчыне, як сьведчаць папярэднія падлікі, страты ад залевы складуць не адну сотню мільёнаў рублёў. На што спадзяюцца пацярпелыя?

На Магілёўшчыне сёньня дажджу няма. Аднак у вёсцы Быстрык, што за дзесяць кілямэтраў ад абласнога цэнтру, сяляне ня ведаюць супакою.

“Вада яшчэ стаіць пад падлогаю”


Гаворыць гаспадар пацярпелага падворку.

“Вада ў нас пад падлогаю стаіць яшчэ. Трэба МНС выклікаць. Павыносілі ўсё сушыць во. Цяпер вада троху зьбегла з гародаў, аднак усё адно страты. Гэта ўжо нас трэці раз так”.

Паводле суразмоўцы, хату пачало заліваць у ноч зь нядзелі на панядзелак. За некалькі гадзінаў вады набегла на семдзесят сантымэтраў ад падлогі. Гаспадар спадзяецца, што пакрыць страты дапаможа Белдзяржстрах.

Такіх тапельцаў у вёсцы пяцёра. Яны вінавацяць будаўнікоў, якія няправільна, на іх думку, праклалі па вуліцы ліўнёўку.

Страхоўку выплацяць ня ўсім

У абласным прадстаўніцтве Белдзяржстраху паведамілі, што за няпоўны месяц да іх зьвярнуліся па дапамогу каля чатырохсот жыхароў Магілёва й раёну.

“Усе жылыя дамы падпадаюць пад абавязковае страхаваньне. Але там выплата адбываецца ў памеры пяцідзесяці працэнтаў ад панесеных стратаў. Толькі за кошт страхавых рэзэрваў мы робім выплаты. У нас ужо выплачана разам зь сельгаскультурамі калі двух мільярдаў рублёў”, — паведаміла прадстаўніца адміністрацыі страхавой кампаніі.

У Магілёве заліло паўсотні дамоў


Памер выплат залежыць ад заключэньня камісіі, якая, паводле суразмоўніцы, заявы ад пацярпелых разглядае на працягу трох сутак.

У Магілёве заліло каля паўсотні дамоў. Ваду адпампоўвалі ўвесь учорашні дзень пажарныя машыны, тэхніка гарадзкога водаканалу, камунальных і дарожных службаў.

У абласным цэнтры найбольш пацярпела ад залевы вуліца Струшня. Тут спэцтэхнікі не было. Яна сюды не праехала б. Пасьля дажджу аднайменная рачулка апанавала ўсю гэтую вуліцу. Жыхары, аднак, ня столькі наракаюць на стыхію, колькі на будаўнікоў, якія парадкуюць Струшню. Тыя кінулі пасярод вуліцы сваю тэхніку. Будаўнічыя матэрыялы й друз стваралі штучныя запруды.

Пакуль па вуліцы можна прайсьці толькі ў гумовых ботах

Парадкуюць будаўнікі вуліцу ад сёлетняга студзеня. Струшанцаў яны супакойваць, што варта патрываць:

“А на гэта патрэбны час. Вось пройдзе літаральна два-тры тыдні — пяском засыплем, тады лепей будзе хадзіць. А ўсьлед за намі асфальт пакладуць. А народ незадаволены. Дык ён быў незадаволены і пяць гадоў таму, і дзесяць, і пятнаццаць, і дваццаць. Задаволены ён быў толькі пасьля вайны. А цяпер вадой затапіла — і адразу ў крык”.


Пакуль жа прайсьці па вуліцы можна толькі ў гумовых ботах. Вада размыла масткі, гароды затапіла. У некалькіх месцах застаецца пагроза апоўзьняў.

Гарадзеншчына


Людзі абураюцца стаўленьнем чыноўнікаў


У Горадні на некаторых вуліцах вада не высыхае. Наш карэспандэнт размаўляў сёньня з жыхарамі прыватнага сэктару, дзе стаяць калюгі.

Вуліца Лялевеля знаходзіцца ў занёманскай частцы Горадні. Яна далёка не цэнтральная, і тут ніколі не было ні ліўневай каналізацыі, ні асфальту. А гэтым летам наагул амаль на ўсю вуліцу стаіць вялізная калюга.

“Ужо і дождж спыніўся, а мы ўсё роўна плаваем на сваёй вуліцы”

Побач з хатай — старэйшая спадарыня. Пытаюся: чаму вада на дарозе, хоць дажджу не было ўжо два дні?

Спадарыня: “Уся вада з вуліцы Мікалаева, зьверху зь Лялевеля — уся ў маім падворку стаіць. Ну вось прыцягнулі бардзюру, закапалі, то больш-менш. Але ж мы плаваем па вуліцы. Паглядзіце: дажджу няма, а колькі вады. А як ідзе лівень...”

Спадарыня распавядае, што пасьля першых чэрвеньскіх дажджоў на вуліцы заліло амаль усе дамы. Зьвярнуліся да ўладаў, прыяжджалі машыны МНС і адпампоўвалі ваду, а потым навазілі па краях дарогі бітага асфальту — і ўся вада цэлае лета стаіць на вуліцы.

Сьцены і падмуркі — не высыхаюць, а бульба — ужо згніла

Да нашае размовы далучаюцца яшчэ дзьве спадарыні з суседніх дамоў.

Першая спадарыня: “Бульба зусім замокла ў склепе, дасталі ды такую ямо. Сьцены фундамэнтаў усе мокрыя, і хто мне што дапаможа? А я сама інвалід....”

Другая спадарыня: “З суботы на нядзелю вось там у суседа прарвалася вада з гадзіны да чатырох. Ён тэлефанаваў у выканкамы, патрабаваў мэра — чалавек быў у эмоцыях — але так ніхто і не прыехаў. У яго запыталі, ці льецца ў склеп, а калі пачулі, што яшчэ ня льецца, то адказалі, што прыедуць, калі пачне ліцца вада ў склеп”.

“Абураюць і дажджы, але найгорш — абыякавасьць чыноўнікаў”

Спадарыня дадае, што потым давялося суседу вычэрпваць ваду са склепу вёдрамі самому.

Жыхароў вуліцы Лялевеля абураюць не дажджы, яны абураныя стаўленьнем мясцовага начальства, якое ўжо многа гадоў абяцае пракласьці ім ліўнёўку, але ніхто нічога ня робіць.

Давялося пачуць ад людзей, што нават у Менску ня могуць зрабіць належную ліўнёўку, дык, маўляў, пра нас наагул ніхто не падумае.

Спадарыня: “Я вось і ўчора занесла скаргу ў выканкам, і ў ЖЭС хадзілі, паўсюль. А нас ніхто не прызнае, кажуць, што раней ніколі ня бачылі... Мы ўсё спадзяемся на прыстойнасьць нашых уладаў. Каб я мела магчымасьць, усіх іх паздымала б адразу. Мы ж жывём, як мурыны, як чарнаскурыя людзі...”

Страхоўка: складкі плацяцца, а дапамогі няма

Дарэчы ніводная з маіх суразмоўніц не атрымлівала страхоўкі за шкоду, нанесеную іх дамам і маёмасьці. Ніхто нават не зьвяртаўся ў Белдзяржстрах, хаця штогод спраўна аплачваюць абавязковую страхоўку.

У Белдзяржстраху мне паведамілі, што за пэрыяд летніх дажджоў звыш 700 чалавек у Гарадзенскай вобласьці зьвярнуліся з заявамі на атрыманьне кампэнсацыі за пашкоджаную маёмасьць. Грошай пакуль не атрымаў ніводзін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG