Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён любіць паходы і вышываць», — жонка фігуранта справы «асіповіцкіх баевікоў» Андрэя Комліка-Ямаціна


Гісторыя, культура, вандроўкі па Беларусі, ткацтва і вышыўка — чым цікавіцца абвінавачаны па справе «асіповіцкіх баевікоў» Андрэй Комлік-Ямацін.

31-гадовы Андрэй працуе тэрмістам на Менскім маторным заводзе. У вольны час разам з 28-гадовай жонкай Стасяй вандруе па Беларусі, вывучае традыцыйную культуру. Два гады таму пара запусьціла выраб вопраткі ў этна-стылі пад брэндам Terram album, што прыблізна значыць «белая зямля».

Андрэй Комлік-Ямацін
Андрэй Комлік-Ямацін

Затрымалі, калі выносіў сьмецьце

Андрэй быў сярод першых, каго супрацоўнікі КДБ затрымалі па справе «баевікоў з-пад Асіповіч». 21 сакавіка ён пайшоў выносіць сьмецьце і не вярнуўся ў кватэру. Жонцы паведамілі праз тэлефон, што яе мужа падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў перад акцыяй на Дзень Волі. Праз два тыдні пасьля затрыманьня Комліку-Ямаціну прадʼявілі афіцыйнае абвінавачаньне — паводле ч. 3 арт. 293 КК РБ. Такое ж абвінавачаньне выстаўлена яшчэ 16 асобам.

Не належыць да палітычных арганізацый

Андрэй Комлік-Ямацін не ўваходзіць у ніякую палітычную арганізацыю. Працуючы на заводзе, вольны час прысьвячае вывучэньню гісторыі і культуры, любіць вандраваць па Беларусі.

«Муж вельмі любіць паходы. Мы на гэтай глебе і пазнаёміліся. Ён вельмі любіць вандраваць па Беларусі — на ровары, на грамадзкім транспарце ці нават пешшу. Калі пазнаёміліся, пачалі вандраваць разам. Яшчэ мы абое беларускамоўныя, цяпер сына таксама да беларускай мовы прывучаем. Размаўляем зь ім дзень па-беларуску, пасьля дзень па-расейску», — кажа Стася Комлік-Ямаціна.

Стася Комлік-Ямаціна і Васіль
Стася Комлік-Ямаціна і Васіль

Інжынэр па адукацыі, захапіўся ткацтвам і вышыўкай

У пары ёсьць сямейнае хобі — вытворчасьць адзеньня Terram album. Цэны на свае вырабы Комлікі-Ямаціны пазначаюць у «талерах», бо лічаць, што менавіта так павінна называцца беларуская валюта. Стася шые, а Андрэй зарэгістраваўся як рамесьнік, купіў вышывальную машынку і навучыўся распрацоўваць узоры і аздабляць вопратку традыцыйнай вышыўкай.

Стася працуе мэтадыстам у Менскім абласным цэнтры народнай творчасьці. Майстры, якія працуюць там, навучылі Андрэя ткаць паясы, якія таксама зьявіліся ў асартымэнце Terram album.

«Пакуль гэта для нас больш хобі, якое ня можа нас пракарміць. Але ў марах — раскруціцца, займець сваю майстэрню. Пакуль яе ролю выконвае адзін пакой у нашай менскай кватэры, дзе стаяць вышывальная і швейная машынкі, кампутар з праграмай для маляваньня ўзораў, працоўны стол і прасавальная дошка, на якой усё выкройваецца і малюецца. Раней, калі быў вышыванкавы бум, было вельмі шмат замоваў, цяпер неяк сьцішылася, людзям праз крызіс не да вышыванак. Каб выводзіць вытворчасьць на іншы маштаб, трэба шмат рэклямай займацца. Пакуль малое дзіця, то цяжка».

Саматканы пояс, выраблены Андрэем Комлікам-Ямаціным
Саматканы пояс, выраблены Андрэем Комлікам-Ямаціным

У кожным лісьце з «амэрыканкі» — верш пра каханьне і клопат пра сына

Пакуль муж у СІЗА КДБ, Стася перавезла сына Васіля, якому год, да бацькоў у Барысаў. Кажа, што пасьля затрыманьня сама не магла ні спаць, ні есьці некалькі дзён. Трывожны настрой перадаўся і дзіцяці.

Амаль у кожным лісьце з «амэрыканкі» Андрэй шле жонцы вершы:

«Кахаю, мілая мая, цябе бясконца і аддана,
Кахаю ў сьвеце зор і дня душой адкрытай апантана.
Няхай далёка ад мяне твае зіхоткія вачынкі,
Ад іх сьпяваюць мне зь нябёс, плывучы ўдалеч, аблачынкі»
,

— чытае Стася зь ліста.

«Я пішу лісты ў «амэрыканку» кожны дзень. У нас увогуле такая завядзёнка — штовечар расказваць адно аднаму, як прайшоў дзень. Ад Андрэя лісты, бывае, затрымліваюцца — некалькі дзён запар нічога няма, а пасьля адразу некалькі. Ён піша, каб не хвалявалася і што ў СІЗА «ветлівае абыходжаньне і дыетычнае харчаваньне», — кажа Стася.

Стася Комлік-Ямаціна
Стася Комлік-Ямаціна

Пакуль Андрэй у СІЗА КДБ, вытворчасьць вышыванак спынілася

«Да таго, як мы пазнаёміліся, ён больш цікавіўся гісторыяй. Я культуроляг, і пасьля знаёмства са мной ён пачаў захапляцца беларускай культурай. Пасьля паўстала ідэя шыць традыцыйнае адзеньне. Я спачатку вышывала ўручную. Сябры пачалі прасіць зрабіць ім вышыванкі. Каб я не псавала зрок, Андрэй купіў вышывальную машынку і сам навучыўся на ёй працаваць. Таму цяпер я шыю кашулі і сукенкі, а ён распрацоўвае арнамэнты і вышывае», — кажа Стася.

Цяпер, калі Андрэй у турме, вытворчасьць спынілася, засталіся недаробленыя замовы.

«Нашы кліенты — яны нам як сябры. Пакуль ніхто не адмаўляецца ад замоў, усе кажуць, што будуць чакаць столькі, колькі будзе трэба. Я ж сама вышываць на машынцы ня ўмею. Пакуль засталіся толькі дробныя рэчы, якія наткаў Андрэй — паясы і фенечкі».

Фігуранты справы «Белага легіёну»

Што такое «Белы легіён»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG