Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мсьціслаў на два дні вяртаецца рыцарскае сярэднявечча


Рыцарскі фэст у Мсьціславе, 2010 год
Рыцарскі фэст у Мсьціславе, 2010 год

У Мсьціславе распачынаецца штогадовае сьвята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст».

Праводзяць яго традыцыйна на ўгодкі Грунвальдзкай бітвы. Удзельнікі фэсту, клюбы гістарычнай рэканструкцыі, прадэманструюць сваё майстэрства ў спаборах на Замкавай гары.

Ахвотным дадуць урокі сярэднявечных танцаў, пакажуць архітэктурныя славутасьці старажытнага Мсьціслава, будуць і іншыя забавы для гараджан і гасьцей гораду. Арганізатарам фэстывалю выступае Мсьціслаўскі райвыканкам, цэнтралізаваная клюбная сыстэма раёну ды клюб гістарычнай рэканструкцыі «Саюз вольных ратнікаў».

У 2007 годзе правядзеньне фэсту ініцыяваў мсьціслаўскі ксёндз Караль Тамэцкі. Ажыцьцявіць задуманае дапамаглі Цэнтар сацыяльных інавацыяў зь Менску і выканаўчая ўлада.

Супрацоўніца Цэнтру Юлія Галіноўская адзначае, што ў арганізацыі фэсту прадугледжваўся ўдзел актыўнай часткі мясцовага грамадзтва. Аднак, прызнае суразмоўніца, такія чаканьні ня спраўдзіліся.

«Разьвіцьцё гораду немажлівае без разьвіцьця гарадзкой супольнасьці, — тлумачыць сваю пазыцыю Юлія Галіноўская. — Гэтае сьвята павінна быць рэсурсам, які дапамагае разьвівацца гэтай супольнасьці, павялічваць яе ўплывовасьць. Калі фэст становіцца толькі забаўляльным мерапрыемствам, а жыхары гораду — толькі гледачамі, то пра разьвіцьцё гораду казаць цяжка. Я сумняваюся што жыхары Мсьціслава цяпер удзельнічаюць у сьвяце, як тыя, хто ўплывае на гарадзкое жыцьцё. Нават на ўзроўні бізнэсу мала хто выкарыстоўвае сьвята для ўласнага разьвіцьця».

Паводле Юліі, у Мсьціславе нямала ініцыятыўных людзей, але пасьля першага фэстывалю не знайшлося тых хто наважыўся б узяць адказнасьць за арганізацыю наступных фэстываляў, бо тады давялося б камунікаваць з уладаю.

Рыцарскі сьняданак, Мсьціслаўскі фэст, 2010 год
Рыцарскі сьняданак, Мсьціслаўскі фэст, 2010 год

Тым ня менш Юлію Галіноўскую цешыць, што фэст працягвае жыць і стаў маштабным культурніцкім мерапрыемствам, на якое зьяжджаецца багата народу зь Беларусі і замежжа:

«Прыемна, — кажа яна, — што сьвята засталося. Вядома ж, у такіх гарадах, як Мсьціслаў, праводзяцца звыклыя Дні Перамогі, Дні гораду, але „Рыцарскі фэст“ задае прыклады іншай культуры сьвята. Прыяжджаюць тыя ж рыцары, якія ў райцэнтар прывозяць нешта іншае, адметнае».

Каардынатарка фэстывалю Алена Ляміна лічыць, што «Мсьціслаўскі фэст» стаў сапраўды народным. Суразмоўніца прадстаўляе клюб гістарычнай рэканструкцыі зь Менску «Саюз вольных ратнікаў».

«На гэты фэстываль зьяжджаюцца ня толькі людзі з усяе Беларусі, але і з замежжа, — тлумачыць яна. — Ім цікава ня толькі пахадзіць ды паглядзець, але і паўдзельнічаць. Дакрануцца да сярэднявечча».

Рыцарскія намёты на Мсьціслаўскім замчышчы, 2013 год
Рыцарскія намёты на Мсьціслаўскім замчышчы, 2013 год

«Мы стараемся паказаць ня толькі беларускае сярэднявечча, а ахапіць усе рэгіёны сьвету. Але, тым ня менш, асноўная канцэпцыя фэстывалю — гэта ня столькі беларуская гісторыя, колькі гісторыя Мсьціслава», — адзначае Алена Ляміна.

У дні правядзеньня фэстывалю райцэнтар ажывае. Цэнтральныя вуліцы і Замкавая гора, звычайна амаль бязьлюдныя, у гэтыя дні напаўняюцца народам.

«Гэта сьвята далёка не раённага маштабу. На яго прыяжджаюць жыхары суседняй Смаленскай вобласьці, бо ў іх такіх сьвятаў няма, — адзначае мсьціславец Юры. — За кошт іх папаўняецца бюджэт гораду».

Паводле суразмоўцы, дзякуючы фэсту Мсьціслаў стаў прыбраным горадам. Бытавое сьмецьце, кажа ён, павыграблі з усіх яроў, упарадкавалі мясьціны, на якія раней не зьвярталі ўвагі: «Сьвята стымулюе ўладу, бо да яго рыхтуюцца. Больш за тое, яно стала самым вялікім сьвятам у горадзе. Безумоўна, увесь горад прымушаны працаваць на гэтае сьвята».

Урачыстае адкрыцьцё фэсту каля помніка Пятру Мсьціслаўцу, 2012 год
Урачыстае адкрыцьцё фэсту каля помніка Пятру Мсьціслаўцу, 2012 год

Юнаку, які назваўся Мацьвеем, «Рыцарскі фэст» падабаецца. Ён лічыць, што гэта выдатнае відовішча.

«Атмасфэра сярэднявечча захапляе. Цікава хадзіць, глядзець на рыцараў. На дзяржаўных сьвятах няма ж рыцараў, дый людзей столькі не прыяжджае зь іншых гарадоў ды нават краінаў», — кажа Мацьвей.

Яшчэ адзін жыхар Мсьціслава адзначае: «Як — падабаецца фэст ці не? Тут жа больш няма куды хадзіць. Як толькі што новае, дык адразу на яго ідзеш. Ходзяць людзі, глядзяць. Нешта купляюць. Больш тут няма чым заняцца, акрамя як фэстам гэтым».

Паводле арганізатараў, на ўдзел у сёлетнім «Рыцарскім фэсьце» даслалі заяўкі 34 клюбы гістарычнай рэканструкцыі зь Беларусі і Расеі. Плянуецца, што на Замкавай гары зьбярэцца каля 300 аматараў рыцарскай культуры.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG