Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіцца альтэрнатыўная служба. Што трэба ведаць


Калі даказаць свае рэлігійныя перакананьні, можна праходзіць альтэрнатыўную службу, атрымліваць зарплату ў 2,5 мільёна, і нават вучыцца завочна.

Ад 1 ліпеня 2016 года ў Беларусі набудзе сілу закон Аб альтэрнатыўнай службе (PDF). Замест звычайнай вайсковай службы можна будзе проста працаваць у пэўных сфэрах на тэрыторыі Беларусі.

Што зрабіць, каб пайсьці на альтэрнатыўную службу?

Заявіць пра сваё жаданьне аб гэтым (не пазьней, чым за 10 дзён да завяршэньня прызыўных мерапрыемстваў), таксама сваё жаданьне трэба абгрунтаваць рэлігійнымі перакананьнямі. Закон не дае права ісьці на альтэрнатыўную службу любому ахвочаму, таму абгрунтаваньне лепей зрабіць пераканаўчым. Да яго можна далучыць аўтабіяграфію і іншыя матэрыялы, якія могуць быць пацьверджаньнем перакананьняў.

Хто вырашае, ці прымаць на альтэрнатыўную службу?

Заяву разглядае прызыўная камісія ў прысутнасьці грамадзяніна, аб часе і месцы паседжаньня грамадзяніну мусяць паведаміць за два дні. На просьбу грамадзяніна ці на жаданьне камісіі могуць запрасіць прадстаўнікоў рэлігійных і іншых арганізацыяў, а таксама «іншых грамадзянаў, якія могуць даць тлумачэньні па сутнасьці заявы». Таксама камісія можа запытаць характарыстыку на грамадзяніна зь месца вучобы ці працы.

Калі грамадзянін ня зьявіцца на паседжаньне, альбо калі абгрунтаваньні будуць прызнаныя недастатковымі ці недакладнымі, камісія можа адмовіць у замене вайсковай службы на альтэрнатыўную.

Як доўга служыць на альтэрнатыўнай службе?

36 месяцаў для людзей без вышэйшай адукацыі ці 24 месяцы для спэцыялістаў з «вышкай». У гэта не залічваюцца адпачынкі, узятыя на паступленьне ў адукацыйныя ўстановы, арышты, а таксама дні, у якія грамадзянін адсутнічаў на працы больш за 3 гадзіны без паважлівых прычынаў.

Альтэрнатыўная служба залічыцца ў працоўны (але не страхавы) стаж, як і вайсковая.

Колькі заплацяць?

150% найбольшай за два апошнія кварталы велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. На момант публікацыі гэта 2 549 145 рублёў на месяц. З 13-га месяца службы дададуць яшчэ 20% бюджэту пражытачнага мінімуму, з 25-га — яшчэ 20%.

Праўда, у адрозьненьне ад войска, на альтэрнатыўнай службе ня кормяць і не апранаюць.

Зарплаты могуць пазбавіць на максымум тры месяцы ў якасьці пакараньня за грубыя парушэньні (прагул, піцьцё сьпіртных напояў і ўжываньне наркотыкаў, адмова ад выкананьня абавязкаў і іншыя парушэньні, якія ўчынілі шкоду жыцьцю і здароўю грамадзянаў).

Выходныя будуць?

Так, можна разьлічваць на выходны. Час службы вызначаецца пісьмова кіраўніком арганізацыі, у якой грамадзянін праходзіць службу. Гэты час мусіць быць ня большым за 48 гадзінаў на тыдзень (напрыклад, 6 дзён пры 8-гадзінным працоўным дні). І час працы нельга перавышаць больш чым на 12 гадзінаў, а калі час перавышаецца, то кампэнсуецца за кошт наступных дзён.

Таксама пры неабходнасьці даецца адпачынак па хваробе, ён залічваецца ў час службы.

І адпачынкі даюць?

Прадугледжваецца 30 дзён аплочанага адпачынку для тых, хто служыць тры гады, і 20 дзён для тых, хто два гады. І гэта за ўвесь час службы. Гэта значыць — па 10 дзён на год. У якасьці бонусу адпачынак могуць павялічыць на 5 ці 10 дзён (для 24 і 36 месяцаў службы адпаведна), а таксама паменшыць на столькі ж дзён у якасьці пакараньня.

Таксама адпачынак па сямейных справах на тэрмін да 10 дзён дадуць у выпадку ўступленьня ў шлюб, сьмерці альбо цяжкой хваробы блізкіх родзічаў ці пры іншых абставінах, што «патрабуюць прысутнасьць грамадзяніна ў сям’і».

Дзе працаваць?

Чалавека, які абраў альтэрнатыўную службу, могуць накіраваць у арганізацыі аховы здароўя, жыльлёва-камунальнай, лясной і сельскай гаспадаркі, у сацыяльнай сфэры, на працы па ўпарадкаваньні тэрыторый, на рамонт чыгункі і аўтамабільных дарог, а таксама на ліквідацыю наступстваў надзвычайных сытуацыяў.

Сьпіс арганзацыяў і формы прадпісаньняў вызначае Мінпрацы. Пайсьці, «куды захочацца», не атрымаецца, але можна падаць прашэньне пра перавод на іншае месца працы. Пасьля звальненьня закон гарантуе працоўнае месца, у тым ліку можна працаваць на тым жа месцы яшчэ 3 месяцы.

Дзе жыць?

Падчас альтэрнатыўнай службы даецца жытло «ў прыдатных для пражываньня памяшканьнях, адпаведных патрабаваньням Савету міністраў». Грамадзяне вызваляюцца ад платы за дадзенае ім памяшканьне і камунальныя паслугі. Дарэчы, даецца адтэрміноўка па жыльлёвых крэдытах. Верагодна, ад дзяржаўнага жытла можна адмовіцца на карысьць уласнага, але ў законе гэта ніяк не прапісана.

А можна падпрацоўваць?

Не. Падчас альтэрнатыўнай службы нельга займацца іншай аплочанай дзейнасьцю і прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Таксама нельга баставаць. Але можна атрымліваць завочную адукацыю. Дарэчы, пра выезд за межы гораду ці раёну трэба інфармаваць кіраўніка арганізацыі, дзе грамадзянін праходзіць службу.

Страхоўку дадуць?

Так, страхуюць жыцьцё і здароўе за кошт рэспубліканскага бюджэту. І даюць права на бясплатныя асноўныя лекі па рэцэптах. У выпадку гібелі, інваліднасьці ці цялеснага пашкоджаньня выплачваюцца кампэнсацыі. Сьмерць ацэньваецца ў 250 базавых велічынь (на момант публікацыі гэта 52,5 млн), цялесныя пашкоджаньні — ад 5 базавых велічынь (1,05 млн на момант публікацыі) за лёгкае цялеснае пашкоджаньне.

А можна потым перадумаць і пайсьці ў войска?

Не, закон такога не прадугледжвае. Таксама як нельга падчас службы ў войску папрасіцца на альтэрнатыўную службу.

Як «адкасіць»?

«Касіць» ад альтэрнатыўнай службы незаконна, як і ад вайсковай. За ўхіленьне могуць арыштаваць. Ухіленьнем ад службы лічыцца нават «неналежнае выкананьне» абавязкаў на альтэрнатыўнай службе, ня кажучы ўжо пра няяўку (у выпадку няяўкі мусяць быць дакумэнтальныя пацьверджаньні паважлівых прычынаў).

Але звольніць датэрмінова мусяць, калі ў грамадзяніна зьявяцца жонка і дзіця да 3 год, два дзіцяці, дзіця-інвалід, дзіця, якое выхоўваецца бяз маці, недзеяздольныя бацькі ці чальцы сям’і, якім трэба дагляд па стане здароўя пры адсутнасьці тых, хто можа забясьпечыць такі дагляд. Таксама звольняць, калі маці альбо бацька маюць адно дзіця да трох год (альбо дваіх і болей да 18 год, альбо дзіця-інваліда І ці ІІ групы) пры адсутнасьці асобаў, якія могуць узяць іх на ўтрыманьне. Альбо калі маці-адзіночка без працаздольных дзяцей цяжарная на 28 тыдні і пазьней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG