Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 фактаў пра Алену Лось, якую школьніцай дапытвалі ў НКВД, а дарослай параўноўвалі з Гагенам


Алена Лось
Алена Лось

Пяць гадоў таму ня стала выдатнай беларускай мастачкі Алены Лось.

Ёй пашчасьціла нарадзіцца і вучыцца мастацтву ў Вільні, горадзе клясычных традыцый беларускай культуры. І гэта адбілася на ўсёй ейнай творчасьці і асабовасьці. Віленскі дух праз усё жыцьцё прысутнічаў у ёй — у яе абліччы, у яе паводзінах, у яе проста надзвычайнай душэўнай прыгажосьці.

Зборнікі беларускіх народных казак «Ох і залатая табакерка», «З рога ўсяго многа», кніжкі Алеся Якімовіча «Верабʼіныя госьці», Васіля Віткі «Дударык», Зьмітрака Бядулі «Скарб», Авярʼяна Дзеружынскага «Кую-кую ножку», Ніла Гілевіча «Загадкі», Уладзімера Ягоўдзіка «Бабуліна варта» ды дзясяткі іншых аформленых ёю кніг сталі сапраўднымі шэдэўрамі беларускага мастацтва. У творчасьці натхнялася народным мастацтвам: «Мяне яно грэе зь дзяцінства, калі бачыла ў сялянскіх хатах саматканыя посьцілкі, дываны, вышываныя ручнікі».

У апошнія гады любіла маляваць палявыя кветкі: «Гляджу на іх і быццам прамываю вочы і душу», — казала мастачка.

1. Падчас вайны, калі не было паперы, а хацелася маляваць, дапамаглі... талмуды

«...у вайну ёй [Алене Лось. — В. Дэ Эм.] не хапала паперы. Дапамог нечаканы выпадак. Мама з дачкой жылі ў старым драўляным доме, дзе на гарышчы дзяўчынка выпадкова знайшла габрэйскія кнігі-талмуды з вокладкамі, абцягнутымі тонкай цялячай скурай. Кнігі мелі шырокія палі. Алена выразала зь іх палоскі паперы і малявала. Адыходзячы, немцы спалілі ня толькі іх дом, але і ўсе дамы на вуліцы. Згарэлі і /.../ кнігі-талмуды, і малюнкі маленькай Алены» (Натальля Шаранговіч. Кветкі-партрэты Алены Лось // Роднае слова. № 9, 2011 г.).

Алена Лось. 1933 г.
Алена Лось. 1933 г.

2. Першая трагедыя — калі згарэў яе дом з кнігамі і малюнкамі

«Самы горкі ўспамін дзяцінства: мы жылі на другім паверсе драўлянага дома, падчас пажару ён абрушыўся. Я хадзіла на папялішча, шукала ў тым месцы, куды маглі ўпасьці кнігі, і знайшла аплаўленыя „цагліны“ тамоў» (Вольга Паўлючэнка. А для душы малюю кветкі // Літаратура і мастацтва. № 29, 22 ліпеня 2011 г.).

Бабуля Аляксандра з сынам Яўгенам і дачкой Аленай (мамай мастачкі). 1914 г.
Бабуля Аляксандра з сынам Яўгенам і дачкой Аленай (мамай мастачкі). 1914 г.

3. Яе маці ратавала ў вайну людзей, дзякуючы гэтаму пазьбегла засьценкаў НКВД

«...мама добра ведала нямецкую мову. У нашым доме пасяліліся нямецкія лясьнічыя. Мама пайшла працаваць у бухгальтэрыю лясьніцтва. /.../ Лесьнікі аказаліся антыфашыстамі, і мама дапамагала ім выратоўваць дзяцей. Ратавалі цэлымі вёскамі. Запісвалі ўсіх ляснымі рабочымі разам са скарбам і свойскай жывёлай. А вось пасьля вайны, калі маму выклікалі ў НКВД, выратаваныя людзі пацьвердзілі яе дапамогу. І нашу сямʼю не кранулі, наадварот, маму прызначылі працаваць у мясцовы банк» (Натальля Шаранговіч. Кветкі-партрэты Алены Лось // Роднае слова. № 9, 2011 г.).

Бацькі мастачкі Алена і Георгій. 1931 г.
Бацькі мастачкі Алена і Георгій. 1931 г.

4. У дзяцінстве стварыла насьценную газэту, за якую ледзь не была арыштавана

Паводле пісьменьніка Ўладзімера Ягоўдзіка: «Адразу пасьля вайны Алена Лось прыдумала газэту, якую назвала „Цыцохины новости“. [Цыцоха — гэта мітычная істота, напалову жаба, напалову жанчына, яна лавіла непаслухмяных дзяцей і душыла іх жалезнымі грудзьмі, якія запіхвала ім у рот. — В. Дэ Эм.]. Газэта была гумарыстычная. Яе дзяўчынка вывешвала на сьцяне роднай хаты. Аднойчы „Цыцохины новости“ ўбачыў мясцовы НКВДшнік. Ён пацягнуў юную мастачку і яе маму на допыт, хацеў арыштаваць, але суседзі здолелі абараніць».

Ілюстрацыя да кнігі Авярʼяна Дзеружынскага «Вяселікі». 1979 г.
Ілюстрацыя да кнігі Авярʼяна Дзеружынскага «Вяселікі». 1979 г.
Ілюстрацыя да кнігі Васіля Віткі «Ладачкі-ладкі». 1977 г.
Ілюстрацыя да кнігі Васіля Віткі «Ладачкі-ладкі». 1977 г.

5. Паступіць у Віленскі ўнівэрсытэт на мастацкі факультэт ёй дапамог мясцовы бібліятэкар

«Я не стамлялася чытаць, шмат хадзіла ў бібліятэку. Пазнаёмілася там зь немаладым ужо бібліятэкарам, распавяла яму пра сваё жаданьне маляваць. А ён у свой час вучыўся на мастацкім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. Чалавек гэты падахвоціў мяне, пачаў выдаваць неабходную літаратуру, паказваў, як самастойна рыхтавацца да паступленьня ва ўнівэрсытэт. І я па сёньняшні дзень яму ўдзячная» (Натальля Шаранговіч. Кветкі-партрэты Алены Лось // Роднае слова. № 9, 2011 г.).

Алена Лось. 1977 г.
Алена Лось. 1977 г.

6. Нягледзячы на тое, што літоўцы не прынялі яе ў сваё мастацкае асяродзьдзе, называла Вільню самым любімым горадам

«Места, якому належыць маё сэрца — гэта Вільня — горад маёй маладосьці, куды мы пераехалі з Ружан у 1948 годзе. Я скончыла там школу і ў шаснаццаць год паступіла ў Віленскі мастацкі інстытут. /.../ Пасьля яго заканчэньня два гады не магла ўладкавацца на працу, хаця выдатна ведала літоўскую мову, — сказалі, паглядзеўшы мае малюнкі, што я не адчуваю літоўскага духу» (Вольга Паўлючэнка. А для душы малюю кветкі // Літаратура і мастацтва. № 29, 22 ліпеня 2011 г.).

Алена Лось і Гары Якубені. Ілюстрацыя да кнігі Пімена Панчанкі «Чатыры кантынэнты». 1964 г.
Алена Лось і Гары Якубені. Ілюстрацыя да кнігі Пімена Панчанкі «Чатыры кантынэнты». 1964 г.

7. Калі пераехала ў Менск, зьдзівіла рэдкай графічнай тэхнікай

«Мама аднойчы ў сяброўкі выпадкова сустрэлася з Аленай Аладавай, дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музэя Беларусі. Расказала пра сваю дачку-мастачку. Паскардзілася, што я ня маю працы ў Вільні. І Аладава папрасіла паказаць мае малюнкі /.../, работы спадабаліся. Яна запрасіла мяне прыехаць у Менск, пазнаёміла з галоўным мастаком Белдзяржвыдату. І калі мне прапанавалі аформіць кнігу, я выкарыстала даволі рэдкую тэхніку гратажу, прадрапваньне чорнай фарбы, што сваімі візуальнымі якасьцямі нагадвала гравюру. Усім спадабалася» (Натальля Шаранговіч. Кветкі-партрэты Алены Лось // Роднае слова. № 9, 2011 г.).

Алена Лось і Гары Якубені. Вокладка кнігі Ўладзімера Караткевіча «Блакіт і золата дня». 1961 г.
Алена Лось і Гары Якубені. Вокладка кнігі Ўладзімера Караткевіча «Блакіт і золата дня». 1961 г.
Ілюстрацыя да таго ж выданьня
Ілюстрацыя да таго ж выданьня

8. Караткевіч быў задаволены афармленьнем ягонай кнігі, якое зрабіла Алена Лось

«Дзесьці ў 1960 годзе мне прапанавалі ілюстраваць зборнік прозы „Блакіт і золата дня“ невядомага мне Ўладзімера Караткевіча. Прачытаўшы машынапіс, я неадкладна даведалася ў выдавецтве адрас аўтара, і мы з Гары Якубені напісалі яму, не хаваючы захапленьня прачытаным.

Вокладка Рыгора Клікушына да кнігі «Вячэрнія ветразі» Караткевічу не спадабалася
Вокладка Рыгора Клікушына да кнігі «Вячэрнія ветразі» Караткевічу не спадабалася

Караткевіч тады жыў у Маскве, вучыўся ў Літаратурным інстытуце. Дачакаліся зваротнага ліста. Мы напісалі яму па-руску, ён таксама адказаў нам па-руску. Завязалася перапіска. У хуткім часе мы сустрэліся, цэлы дзень блукалі разам па маскоўскіх вуліцах, наведвалі музэі і галерэі... /.../ Вось невялічкі фрагмэнт ліста Караткевіча:

«Знаете что, я видел обложку и шмуцтитулы к „Блакіту...“ и прямо восхищен ими: современно, лаконично, чисто — просто здорово. Это первая работа над моей книгой, которая мне понравилась. Оформление двух первых книг — ой, ой! Я высылаю Вам свои „Вячэрнія ветразі“ — убедитесь сами...» (Уладзімер Ягоўдзік. «Каб не маўчала душа...» // Наша вера. № 7, 2007 г.).

9. Адмовілася афармляць кнігу Васіля Быкава «Трэцяя ракета»

«Помню, згадзілася афармляць адну з раньніх аповесьцяў Васіля Быкава, здаецца, „Трэцюю ракету“. Прачытала на адным дыханьні. Уражаньне магутнае. А назаўтра раніцай вярнула папку з машынапісам у рэдакцыю. Зразумела — быкаўская проза патрабуе зусім іншай, не характэрнай для мяне плястыкі, лініі, штрыха. Навошта хапацца не за сваё? Так, нястомна шукай, экспэрымэнтуй, памыляйся, але беражыся ад танных падробак, фальшу» (Уладзімер Ягоўдзік. «Каб не маўчала душа...» // Наша вера. № 7, 2007 г.).

Ілюстрацыя да кнігі «Беларускія народныя казкі». 1973 г.
Ілюстрацыя да кнігі «Беларускія народныя казкі». 1973 г.
Ілюстрацыя да кнігі «Залатая яблынька». 1974 г.
Ілюстрацыя да кнігі «Залатая яблынька». 1974 г.

10. Любіла ўплятаць у свае казачныя краявіды рэальных людзей і беларускія архітэктурныя элемэнты

Журналістка з газэты «Знамя юности», якая прыходзіла ў 1974 годзе пісаць пра Алену Лось матэрыял і назірала за яе творчай, доўгай, нават пакутлівай работай («...Перевернуты сотни страниц многих книг с гравюрами, рисунками. Пересмотрено столько игрушек. Изучены все кошки и собаки окрестных дворов. А не „живет“ этот нарисованный пес, не мчится конь. Все не то. И только после десятого, сотого варианта появляется тот единственный рисунок»), са зьдзіўленьнем адзначала, што «в одном из рисунков этой книжки [казка „Кот и дурак“. — В. Дэ Эм.] я неожиданно узнаю себя!» (С. Валина. ...И рождается рисунок // Знамя юности. Четверг, 5 сентября 1974 г. № 170).

Сама Алена Лось так казала: «Я карыстаюся жыцьцёвымі назіраньнямі. У самыя фантастычныя сюжэты ўводжу драўлянае сонейка з франтона тураўскай хаткі, сьціплыя краскі з палісаднікаў палескай вёсачкі, узоры ручнікоў, сабраныя ў вандроўках па розных куточках роднага краю» (Алег Ойстрах. Радасьць творчасьці // Літаратура і мастацтва. Пятніца, 21 студзеня 1983 г.).

Ілюстрацыя да кнігі «Дзесяць дзён у Барку». 1984 г.
Ілюстрацыя да кнігі «Дзесяць дзён у Барку». 1984 г.

11. У сваёй аўтарскай кніжцы «Дзесяць дзён у Барку» намалявала дзяўчынку на фоне Прыпяці. Дзіця неўзабаве ўтапілася

Па ўспамінах Уладзімера Ягоўдзіка, для Алены Лось гэта была асабістая трагедыя.

Разам зь першым мужам Гары Якубені. 1961 г.
Разам зь першым мужам Гары Якубені. 1961 г.

12. Абодва яе мужы памерлі ад слабога сэрца

Асабліва трагічныя перажываньні былі зьвязаныя зь першым мужам, мастаком Гары Якубені. Паводле Ўладзімера Ягоўдзіка: «Алена Лось вярнулася позна ўвечары дахаты і знайшла яго мёртвым у кватэры. Ускрыцьцё рабіў бацька мастачкі — знакаміты хірург. Другога мужа ня стала на пачатку 90-х».

Алена Лось і Гары Якубені. Вокладка да казкі «Маша і мядзьведзь». 1963 г.
Алена Лось і Гары Якубені. Вокладка да казкі «Маша і мядзьведзь». 1963 г.
Ілюстрацыя да гэтай кнігі.
Ілюстрацыя да гэтай кнігі.

13. У брэжнеўскія часы яе параўноўвалі з Гагенам і Матысам

«Асобнай увагі заслугоўвае каляровае вырашэньне ілюстрацый. Можна ўпэўнена гаварыць аб бясспрэчным жывапісным таленце мастачкі. /.../ Побач зь яркімі, чыстымі колерамі раптам загучыць які-небудзь складаны зялёны або охрысты. Асабліва выразна і высакародна гучыць у гэтым асяродзьдзі чорны. Калі, напрыклад, узяць такія кніжкі, як „Дударык“ Васіля Віткі або „Маша і мядзьведзь“ (народная казка), аформленыя разам з Гары Якубені, дык, мне здаецца, тут шчасьліва спалучыліся традыцыі беларускага выяўленчага фальклёру і тое разуменьне колеру, якое прынесьлі ў мастацтва Гаген і Матыс» (Міхась Забораў. У сьвеце казак // Літаратура і мастацтва. Пятніца, 15 верасьня 1967 г.).

Ілюстрацыя да кнігі Васіля Віткі «Хто памагае сонцу». 1975 г.
Ілюстрацыя да кнігі Васіля Віткі «Хто памагае сонцу». 1975 г.
У майстэрні. 1982 г.
У майстэрні. 1982 г.

14. Не любіла акадэмічных хораў

«Не хачу здацца афэктнай, але вельмі люблю, як пяюць вясковыя людзі. Для мяне гэта — неверагодны эмацыйны ўсплёск. Вясковыя сьпевакі твораць песьню душой, таму, можа, я цярпець не магу акадэмічны хор, бо яго артысты сьпяваюць, як працуюць...» (Валянціна Аксак. Партрэт самотнай кветкі // Беларусь. 1993, № 1).

Разам з тым паважліва ставілася да клясычнай інструмэнтальнай музыкі і любіла, паводле ўспамінаў яе сяброўкі Вольгі Шугайла, сьпевы... Гарыка Сукачова, бо ў яго, па словах мастачкі, «ёсьць характар».

15. Кашкурэвіч захапляўся яе сьмеласьцю, калі яна ілюстравала «Слова пра паход Ігаравы»

«Слухай, Алена, а мне ж у свой час таксама прапанавалі афармляць „Слова пра паход Ігаравы“. Прачытаўшы гэты твор, я зразумеў, што вельмі мала ведаю нашу старажытную гісторыю. І — адмовіўся. А ты ўзялася, і такая цудоўная кніжка атрымалася ў цябе». Мастачка яму адказвала: «Вельмі ахвотна рабіла я „Слова“. Такое ж задавальненьне мела ад працы зь дзіцячымі вершамі Францішка Багушэвіча...» (Валянціна Аксак. Партрэт самотнай кветкі // Беларусь. 1993, № 1).

Ілюстрацыя да «Руслана і Людмілы». 1978 г.
Ілюстрацыя да «Руслана і Людмілы». 1978 г.

16. Яе шмат што раздражняла ў сучасным беларускім мастацтве

«...выставачныя залі запаланіла плякатная крыклівасьць, імкненьне любымі сродкамі зьдзівіць, агаломшыць гледача. Між тым, зьдзівіць і ўразіць — розныя паняцьці. У свой час мне давялося нямала паезьдзіць па сьвеце, у прыватнасьці, і па Заходняй Эўропе. Таму адважуся сьцьвярджаць, што цьмянае рэха даўно забытых там авангардных плыняў у нас нярэдка спрабуюць выдаць за арыгінальную мэлёдыю. (Уладзімер Ягоўдзік. «Каб не маўчала душа...» // Наша вера. № 7, 2007 г.).

Разам зь Зінаідай Грындзінай і Аляксандрай Пасьлядовіч. 1983 г.
Разам зь Зінаідай Грындзінай і Аляксандрай Пасьлядовіч. 1983 г.

17. Самыя любімыя мастакі Алены Лось былі жанчыны

Асабліва на яе творчасьць паўплывалі: «Тацяна Маўрына /.../ на яе карцінах краявіды выглядалі /.../ казачна, ярка, гучалі зусім іншай „мовай“ /.../ Мае сяброўкі паўплывалі — таленавітыя мастачкі Валярʼяна Жолтак і Аляксандра Пасьлядовіч» (Вольга Паўлючэнка. А для душы малюю кветкі // Літаратура і мастацтва. № 29, 22 ліпеня 2011 г.).

«Аляксандра Пасьлядовіч /.../ назаўсёды мяне паланіла сваімі каляровымі літаграфіямі. Па сутнасьці, да Пасьлядовіч у нас не было нацыяльна адметнай літаграфіі. Цяпер так ніхто ня ўмее рабіць. /.../ Я вучылася, любуючыся яе творамі /.../ Валярʼяна Жолтак — каралева натурморту. Цяпер мала хто помніць, як яе ў маладосьці прыціскалі начальнікі ад культуры. Ніяк не маглі дараваць „грэх“, што яна, дваццацігадовая дзяўчына, жывучы ў акупаваным Менску, не далучылася да партызанаў, ня трапіла ў сувязныя да падпольшчыкаў...» (Уладзімер Ягоўдзік. «Каб не маўчала душа...» // Наша вера. № 7, 2007 г.).

Лялькі Алены Лось, зробленыя з таўкачыкаў
Лялькі Алены Лось, зробленыя з таўкачыкаў

18. Калі перажывала творчы крызіс, то рабіла лялькі з таўкачоў

Па ўспамінах пісьменьніцы Алены Масла: «Алена Георгіеўна мне гаварыла, што як не пісалася, як не магла маляваць, то ў скрусе пачынала рабіць лялькі, і тады абавязкова вяртаўся творчы настрой і натхненьне. „Абавязкова трэба што-небудзь рабіць!“ — паўтарала яна».

Алена Лось. 1983 г.
Алена Лось. 1983 г.
Алена Лось. 2011 г.
Алена Лось. 2011 г.

19. Калі ў Расеі выбралі прэзыдэнтам Пуціна, яе напалохалі яго блізка пасаджаныя вочы

Па ўспамінах Вольгі Шугайлы, Алена Лось казала: «Вочы ў яго маленькія, блізка пасаджаныя, як у ваўка. Каб ён там кепска нікому не зрабіў...»

Алена Лось. 1987 г.
Алена Лось. 1987 г.

20. Была засмучаная, калі атрымала ў 2003 годзе мэдаль Францыска Скарыны

Яе сяброўка Вольга ўзгадвае ўражаньні мастачкі: «...было сумнае пачуцьцё ад уручэньня мэдаля. Не пачула я па-сапраўднаму шчырых, цёплых, прачулых слоў ад прэзыдэнта. Магчыма, ён проста стаміўся, бо шмат каму яшчэ ў той дзень выдаваў гэтых мэдалёў».

З Марыяй і Верай Ягоўдзік. 2006 г.
З Марыяй і Верай Ягоўдзік. 2006 г.
Ілюстрацыя да кнігі Васіля Віткі «Ладачкі-ладкі». 1977 г.
Ілюстрацыя да кнігі Васіля Віткі «Ладачкі-ладкі». 1977 г.

Выратаваў Чырвоны касьцёл, любіў рок. 20 фактаў пра Гаўрылу Вашчанку

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG