Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фактычна акт вайны». Новая справаздача Bellingcat паказала маштабы абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Расеі


Ілюстрацыя са справаздачы Bellingcat
Ілюстрацыя са справаздачы Bellingcat

Справаздача называе зьвесткі чарговым пацьвярджэньнем неабвешчанай вайны Расеі супраць Украіны.

Незалежнае расьсьледаваньне пацьвердзіла вялізныя маштабы абстрэлаў Украіны расейскай артылерыяй летам 2014 году. Абʼяднаньне незалежных сьледчых Bellingcat апублікавала 21 сьнежня справаздачу з доказамі сотняў абстрэлаў.

Bellingcat раскрывае маштабы дзеяньняў расейскіх войскаў, выкарыстоўваючы зьвесткі з агульнадаступных спадарожнікавых здымкаў за пэрыяд лета — пачатку восені 2014 году.

Расейскія вайскоўцы часта выкладвалі ў сеціва свае здымкі з вайсковай тэхнікай (тут — на фоне «Бука») і пазначэньнем лякацыі. Bellingcat выкарыстоўвала іх у іншых расьсьледаваньнях для вызначэньня месцаў, зь якіх вяліся абстрэлы
Расейскія вайскоўцы часта выкладвалі ў сеціва свае здымкі з вайсковай тэхнікай (тут — на фоне «Бука») і пазначэньнем лякацыі. Bellingcat выкарыстоўвала іх у іншых расьсьледаваньнях для вызначэньня месцаў, зь якіх вяліся абстрэлы

Bellingcat паведамляе пра доказы сама меней 149 асобных выпадкаў трансгранічных абстрэлаў Украіны расейскімі войскамі. Па колькасьці выбуховых кратэраў на ўкраінскай тэрыторыі аўтары справаздачы падлічылі, што з расейскага боку па Украіне летам 2014-га былі выпушчаныя тысячы артылерыйскіх снарадаў.

«Гэта было сыстэматычнае імкненьне расейскіх вайскоўцаў зьнішчыць украінскія сілы, разьмешчаныя тады ўздоўж мяжы з Расеяй, – кажа аўтар справаздачы Шон Кейс. — І менавіта гэта — новае. Раней мы лічылі, што гаворка ішла пра спарадычныя напады, але, грунтуючыся на высновах гэтай справаздачы, мы цяпер ведаем, што гэта была буйнамаштабная спроба — фактычна акт вайны Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, каб зьнішчыць украінскія вайсковыя падразьдзяленьні».

Сьляды абстрэлаў украінскай тэрыторыі з боку Расеі выяўленыя ўздоўж усёй паласы баявых дзеяньняў у Данецкай і Луганскай абласьцях. Bellingcat заяўляе, што памылкі ў высновах магчымыя толькі ў выпадку, калі хтосьці наўмысна сфальсыфікаваў спадарожнікавыя здымкі, але іх можна спраўдзіць і пацьвердзіць.

Поўная справаздача Bellingcat «Неабвешчаная вайна Пуціна: расейскія артылерыйскія ўдары па тэрыторыі Ўкраіны летам 2014 году» па-расейску (PDF) >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG