У публічным жыцьці сытуацыя выглядае трошкі інакш. Тут ужо існуе так званы прынцып паліткарэктнасьці, які паступова фармуецца ў працэсе зьменаў у грамадзтве. Незалежна ад партыйнай прыналежнасьці публічная асоба прытрымліваецца няпісаных правілаў, што базуюцца на лібэралізме, павазе да правоў асобы і законапаслухмянасьці. Напрыклад, дэпутат Бундэстагу ў ФРГ, які выступае за вельмі жорсткі варыянт закону аб імігрантах, публічна ня будзе аспрэчваць рашэньне Канстытуцыйнага суду, які дазволіў мусульманскаму мясьніку рэзаць жывёлу без папярэдняга усыпленьня. Тут правы мусульманіна як асобы на свабодную рэалізацыю веравызнаньня (мусульманін ня можа есьці “крывавага” нячыстага мяса) атрымалі прыярытэт перад палажэньнямі закону, які забараняе мучыць жывёлаў. Гэдак жа некарэктна, напрыклад, публічна сумнявацца ў выключнасьці галакосту, шукаць станоўчае ў дзеяньнях Гітлера, шальмаваць і нават выказвацца іранічна пра іншыя этнасы і нацыі, зьдзекавацца з прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі і г. д.
У розных краінах ЭЗ паліткарэктнасьць, асабліва ў адносінах да ўласнай нацыі, значна адрозьніваецца. Французы працягваюць любіць сябе як Grande Nation, што закладзена яшчэ Напалеонам. Палякі не забываюцца на свае пакутніцкія гістарычныя міты і гераізм, англічане пры ўсёй іхнай адкрытасьці сьвету і моры імігрантаў застаюцца ў значнай ступені гермэтычнымі брытанцамі… У немцаў, якія законапаслухмяна штодзень памятаюць пра сваю калектыўную адказнасьць за злачынствы нацыянал-сацыялізму, афіцыйная паліткарэктнасьць, спраецыраваная на ўласную нацыю, выклікае часам зьдзіўленьне і трывогу. Так здаецца мне, прафэсійнаму германісту.
Як першаму амбасадару РБ у ФРГ і даўняму сябру Інстытуту імя Георга Экерта ў Браўншвайгу, што займаецца “міжнародным дасьледаваньнем падручнікаў” (Georg Eckert-Institut für internаtionale Schulbuchforschung), давялося мне нядаўна браць удзел у подыюмнай дыскусіі ў Бэрліне на тэму “Агульны эўрапейскі падручнік гісторыі як інструмэнт інтэграцыі”. Маё амплюа: гаспадары хацелі пачуць думку прадстаўніка краіны, якая ня зьведала “постнацыянальнай” гісторыі і фактычна ў фазе недабудаванай нацыі ўступіла ў пэрыяд “каляніяльнага мультыкультуралізму”. Дыскусія выглядала як шоў: на сцэне чатыры рэфэрэнты і мадэратар, у зале – 70-80 асобаў, – гісторыкі, пэдагогі, журналісты. Кожны з чатырох выступоўцаў меў да 10 хвілінаў на маналёг, а потым – адказы на пытаньні з залы. Зь нямецкага боку: два вядомыя тытуляваныя гісторыкі, колішнія ініцыятары “спрэчкі нямецкіх гісторыкаў” 1986 г. пра “гістарызацыю” нацыянал-сацыялізму, выдавец сумеснага французска-нямецкага падручніка гісторыі для старэйшых клясаў “Эўропа пасьля 1945 году” (абсалютна адэкватны тэкст на абедзьвюх мовах і дадаткі на DVD), міністар адукацыі Зямлі Заксэн-Ангальт і дырэктарка Інстытуту імя Г. Экерта, паміж іншым аўтарка навуковага бэстсэлеру пра гісторыю эўрапейскіх габрэяў.
Дыскусія пакінула абсалютна унікальнае уражаньне: паліткарэктныя выступоўцы на сцэне і шмат “непаліткарэктных” пытаньняў з залы. Прадметам абмеркаваньня быў зьмест магчымага агульнаэўрапейскага падручніка гісторыі і аналіз ужо ўзгаданага французска-нямецкага пра пасьляваенную Эўропу, – наколькі кніжная мадэль эўрапейскага грамадзтва адпавядае рэальнаму стану рэчаў і разуменьню большасьці ягоных чальцоў?
Нешта “вісела ў паветры”, адчувалася, што існуе пэўная напруга паміж заляй і рэфэрэнтамі, якія занадта акуратна падбіралі словы. І рэфэрэнты і прысутныя гаварылі пра сучасную постнацыянальную эўрапейскую ідэнтычнасьць, мусульманізацыю Эўропы (“паралельныя грамадзтвы” і разбурэньне карэннага этнасу), магчымасьці тыпалягізацыі фэномэну нацыянал-сацыялізму (“гістарызацыя” супраць “паталягічнага” падыходу), спрачаліся пра мультыкультуралізм і “вызначальную нацыянальную” культуру, нацыянальны і “канстытуцыйны” патрыятызм, “пазытыўную дыскрымінацыю” імігрантаў (дзяржаўныя праграмы інтэграцыі), цытавалі сучасных палітыкаў і філёзафаў, прыводзілі трывожную статыстыку… Было цікава разумець, што мы ў сябе ў Беларусі маем паводле тэрміналягічных фармулёвак тыя ж праблемы, толькі з іншым гістарычным зьместам ды іншымі акторамі ў сучаснасьці.
Прыгадаю некаторыя пасажы і лічбы, што прагучалі ў той вечар у прадстаўніцтве Зямлі Заксэн-Ангальт на Люізэн-Штрасэ, што недалёка ад Брандэнбургскай брамы, падчас афіцыйных спрэчак і “small talks” на сяброўскім прыёме.
– Паводле Infografik 2006 у вялікіх гарадах ФРГ 40% жыхароў узростам да 25 гадоў маюць імігранцкае паходжаньне;
– У раёне Берлін-Нойкёльн нямецкай сталіцы ёсьць 4 школы, дзе няма ніводнага нямецкага дзіцяці;
– Паводле прынцыпу паліткарэктнасьці ў дзяржаўнай інфармацыйнай службе ARD мелі месца выпадкі, калі пры найме на працу аддавалася перавага журналістам імігранцкага паходжаньня;
– “Адрозьненьне аўтахтоннай большасьці і прышлай меншасьці, размовы пра вядучую нацыянальную культуру – абсалютныя анахранізмы, таму што Германія стала краінай імігрантаў” (цытата з газэтнага выступу дэпутаткі Бундэстагу Лалы Агкюн, нар. 1951 у Стамбуле, грамадзянкі ФРГ з 1981 г.);
– “Тыя гісторыкі, якія спрабуюць зьмясьціць галакост у адзін шэраг з генацыдам армянаў, полпотаўскім людажэрствам, зьнішчэньнем усходніх славянаў, сталінскім клясава-нацыянальным генацыдам і г. д., сасьлізгваюцца ў гістарычны рэлятывізм і становяцца ўскоснымі саюзьнікамі новых правых радыкалаў…”;
– “Пасьля краху нацыянал-сацыялізму у Германіі ўзьнікла нешта новае. Германія пазбавілася ад сваёй старой ідэнтычнасьці, парвала зь мінулым. Але сярод усіх эўрапейскіх народаў яна стала нацыяй без нацыянальнай сьвядомасьці. Яна перамалола сябе бязьмежнай крытыкай…” (узгадка пра інтэрвію з унукам Томаса Мана);
– “Ці можна назваць карэктным шальмаваньне лібэральнымі журналістамі рымэйкаў мастацкіх твораў, прысьвечаных гістарычнай патрыятычнай тэматыцы, напрыклад, пастаноўкі опэры “Германія” італьянца Альбэрта Франчэці або твораў Вагнэра ў інтэрпрэтацыі Бэрлінскага сымфанічнага аркестру?” (пытаньне музычнага аглядальніка);
– “Нацыя ў традыцыйным разуменьні зьнікла… Міт пра яе падаграваецца толькі ў сродках масавай інфармацыі як карысьлівы гістэрычны самагіпноз…Нацыі – гэта палітычныя парадкі генэтычнага кшталту. У сучасным сьвеце ўсё ўласнае з паходжаньня адступае ў другі шэраг, каб даць месца адносінам абмену з сучасным і чужым. Гэта прывядзе ў трэцім тысячагодзьдзі да зьнікненьня традыцыйных нацыяў. Іхныя прадстаўнікі павінныя будуць прыняць рэчаіснасьць, дзе чужыя жывыя будуць важнейшыя за ўласных мёртвых…” (кампіляваны пераказ з эсэ Петэра Сьлётэрдайка – “Добрая нагода быць разам “ і “Расповяд пра ўласную краіну”). Peter Sloterdijk (нар. 1947) – знакаміты нямецкі філёзаф, культуроляг і эсэіст, рэктар Акадэміі дызайну ў Карлсруэ (ФРГ), прафэсар Венскага унівэрсытэту, дзіця немкі і галяндца, што “нарадзілася ў віхуры пасьляваеннай Эўропы і ня зьведала бацькоўскага ўплыву” (з аўтабіяграфічнага). Вучыўся ў Гамбургу і Мюнхене, працаваў гасьцявым прафэсарам у Францыі і ЗША. Магістэрская праца – “Структуралізм як паэтычная герменэўтыка”. Найбольш цытаваная праца – “Крытыка цынічнага розуму”.