Першая акцыя адбылася каля Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, другая — насупраць будынку КДБ. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі пяцёх чалавек. Яны знаходзяцца ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Ленінскага раёну Менску. Маладзёны запэўнілі, што акцыі будуць адбывацца штодня і ня толькі ў сталіцы, а і ва ўсіх абласных гарадах і ў рэгіёнах, пакуль Артуру ня зьменяць меру пакараньня.
Каля дванаццаці чалавек з моладзевага руху “Джынс за Свабоду” правялі акцыю пратэсту супраць зьняволеньня актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча. Нагадаем: днямі Артура пакаралі зьняволеньнем на паўтара года за дробныя парушэньні правілаў унутранага распарадку ў інтэрнаце магілёўскай спэцкамэндатуры. Гэта здарылася за некалькі дзён да заканчэньня двухгадовага тэрміну абмежаваньня волі за палітычныя графіці, зробленыя падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
Супрацоўнікі міліцыі парвалі партрэты Артура і затрымалі пяцёх чалавек. Дакладна вядома, што трое зь іх непаўналетнія. Заканадаўства забараняе міліцыянтам накіроўваць іх на ноч у турму. Іх павінны аддаць пад росьпіс бацькам.
А 16 гадзіне актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” правялі пікет насупраць будынку КДБ. Яны разгарнулі расьцяжку “Свабоду Артуру Фінькевічу” і бел-чырвона-белы сьцяг. Маладзёны скандавалі: “Жыве Беларусь!”, “Свабоду Фінькевічу!” і “Свабоду палітвязьням!”.
Кіроўцы аўтамабіляў на праспэкце Незалежнасьці падавалі гукавыя сыгналы на знак салідарнасьці з пікетоўцамі.
Адзін з удзельнікаў акцыі паведаміў “Свабодзе”:
“Акцыя, якая сёньня адбылася насупраць будынку КДБ, сымбалічная, бо менавіта гэтая структура ініцыявала пасадку Артура Фінькевічаі ў 2006 годзе, а таксама лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Акцыі такога кшталту будуць ладзіцца кожны дзень, у кожным рэгіёне і, канешне, у нашай сталіцы. Прычым акцыі абяцаюць быць крэатыўнымі і міліцыя ня будзе пасьпяваць за нашым крэатывам. Такім чынам мы заўжды будзем іх апярэджваць на крок на два і мы ўсё ж прымусім рэжым выпусьціць Артура Фінькевіча”.
У Менску на станцыях мэтро і на аўтобусных прыпынках зьяўляюцца партрэты палітвязьняў. Камунальным службам даручана сачыць, каб партрэтаў не было, прынамсі ў людных месцах. На платах вакол будоўляў уначы моладзевыя актывісты наносяць надпісы: “Свабоду Артуру Фінькевічу”.