Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курбакі: “Тут вабшчэ глуха, як у танку. Няма куды выйсьці. Моладзі няма!”


Ягор Маёрчык, Курбакі, Краснапольскі раён, Магілёўшчына (эфір 29 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Каб адчуць сябе ў скуры Дзеда Мароза, ня трэба апранаць чырвонага строю і начапляць сівую бараду. Дастаткова сесьці на воз і праехаць сотню-другую мэтраў. Халодна, вецер дзьме ў твар, а яшчэ трэба трымаць лейцы і кіраваць конікам. Усё гэта я выпрабаваў на сабе, калі падсеў да вяскоўкі, якая канём ехала на фэрму.

(Спадарыня: ) “Падаецца, што праблемаў у нас тут няма. А якія ў нас могуць быць праблемы? Жывём памаленьку, працуем, цялятак даглядаем, каровы кормім і поім”.

(Карэспандэнт: ) “Неяк нязвыкла бачыць, каб жанчына конікам кіравала...”

(Спадарыня: ) “А я ўжо пятнаццаць гадоў на кані ежджу. Мы самі іх кормім, мы самі іх поім”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, вы яшчэ самі запрагаеце?”

(Спадарыня: ) “Самі запрагаем!”

(Карэспандэнт: ) “Новы год ідзе. Як сьвяткаваць будзеце?”

(Спадарыня: ) “Падаецца, што кармоў у нас на фэрме дастаткова: сенка ёсьць, фуражык ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Я ж пытаюся не пра тое, як каровы будуць сьвяткаваць, а як вы?”

(Спадарыня: ) “Гэта ўжо нашы справы”.

(Карэспандэнт: ) “Падарункі падрыхтавалі?”

(Спадарыня: ) “Мужчына, я вас зусім ня ведаю, і вы мне такіх пытаньняў не задавайце!”

(Карэспандэнт: ) “А што б вы хацелі атрымаць у падарунак?”

(Спадарыня: ) “Я з вамі на такія тэмы першы раз размаўляю. І нават ня ведаю, што адказаць”.

Мала таго, што Курбакі — самы ўскраек Краснапольскага раёну Магілёўшчыны, гэта яшчэ і самы край Беларусі. Праз два кілямэтры ўжо Расея. Выглядае паселішча так: тры вуліцы, у цэнтры сажалка, на беразе якой стаіць крама. З аднаго боку да вёскі падступае лес, іншы — упрыгожаны кароўнікамі.

У Курбаках праваслаўныя Каляды сьвяткуюць усе. А з новым годам ня ўсё так проста. Старыя яго за сьвята ня лічаць, і весяляцца ў ноч з 31-га на 1-га звычайна моладзь і людзі сярэдняга веку.

Галоўны вынік 2005 году для наступнай маёй суразмоўцы — гэта тое, што малодшы сын скончыў школу і хутка пойдзе ў войска. Спадзеў налета — выйсьці на пэнсію і пачаць жыць заможна. Спадарыня перакананая, што даход ад заслужанага адпачынку будзе большы, чым заробак у саўгасе.

(Спадарыня: ) “Хто хоча працаваць, працуе, хто ня хоча — не. Збольшага тут жывуць пэнсіянэры і працуюць людзі ўсяго ў некалькіх сем’ях. У нас тут ёсьць фэрма саўгасу “Дружба” Я даглядаю цялятаў. Працую без выходных. Праца вельмі цяжкая”.

(Карэспандэнт: ) “Грошы хоць добрыя плацяць?”

(Спадарыня: ) “Каб ня ўласная гаспадарка, хапала б толькі на хлеб. Зарабляю 100 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Яшчэ пяць гадоў таму Лукашэнка абяцаў 100 даляраў...”

(Спадарыня: ) “Няпраўда, няма такога! Трэба, каб болей плацілі. Вы б паглядзелі, як мы працуем! Салому самі возім, сянаж самі цягаем, ваду кадкамі возім, а пасьля вёдрамі цягаем. Я пяцёра дзяцей вырасьціла, мне год да пэнсіі застаўся. Трэба неяк дапрацоўваць, а так бы я кінула, бо жаночым рукам такое не пад сілу”.

(Карэспандэнт: ) “А тое, што Расея побач, на жыцьцё вёскі неяк уплывае?”

(Спадарыня: ) “Туды мы нават і ня езьдзім, бо патрэбная страхоўка — гэта ўсё адно, што візы адкрываць. У нас ёсьць свая машына. Але куды мы паедзем? За страхоўку трэба аддаць тысячу расейскіх рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам трэба працаваць, каб зарабіць тысячу расейскіх рублёў?”

(Спадарыня: ) “Месяц трэба працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Якія яшчэ праблемы ёсьць?”

(Спадарыня: ) “У нас няма дарогі. У нас тут возера ёсьць, яно разьліваецца. Прыяжджае начальства, мы пачынаем казаць пра дарогу, а яны нам кажуць: “Разводзьце качак і жывіце!”

(Карэспандэнт: ) “А прычым качкі да дарогі?”

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю. Нас прыціскаюць за пустазел, каб быў парадак. Я ім кажу: “Вы адразу зрабіце дарогу, а пасьля будзе гаварыць пра пустазел”. Яны нават слухаць ня хочуць”.

Бальшыня хатаў у Курбаках пабудаваная некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. Тыповая забудова: на сялянскім падворку да жытла гаспадароў прытуліўся хлеў і склеп. Я падыходжу да сядзібы Тацяны Піманавай. Хай не крыўдуюць гаспадары, але маю ўвагу прыцягнулі парослыя імхом сьцены хаты і перакошаная агароджа.

За 2005 спадарыня Піманава так і не вырашыла праблемы жытла.

(Піманава: ) “Якое гэта жытло?! Хата разваліцца. Яна кругом гнілая. Анучамі шчыліны затыкаеш, шалёўкай забіваю, дзе магчыма, замажу яе — гэта не жытло! Пуні і хлявы валяцца. А каб нешта папрасіць, ніхто ня дасьць. У іх саміх няма матэрыялаў, каб фэрмы адрамантаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Побач з вамі аграгарадок. Можа, туды перасяліцца?”

(Піманава: ) “Я б хацела, і сын мой ня супраць, але мужык ня хоча. Там шмат дамоў, а зямлі на палеткі няма. Невядома, дзе там градку можна разьбіць. А каб там жыць і сюды езьдзіць на агарод, таксама нявыгадна”.

(Карэспандэнт: ) “Вы на пэнсіі?”

(Піманава: ) “Яшчэ не. Паводле стану здароўя кінула працу і сяджу ў хаце. Мне на пэнсію выходзіць у красавіку”.

(Карэспандэнт: ) “Што тут ёсьць, апроч фэрмы?”

(Піманава: ) “Маладыя працуюць у клюбе. На фэрму ісьці ня хочуць і лезуць туды то прыбіральшчыцай, то яшчэ кім”.

(Карэспандэнт: ) “Там лепей, чым на фэрме?”

(Піманава: ) “Натуральна, што лягчэй. Ніхто ня хоча лезьці ў гной! Там і заробак большы будзе. Там працуюць бюджэтнікі, ім увесь час заробак падымаюць! А на фэрме заробак залежыць ад малака: колькі надаіў, столькі і атрымаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ваш сын ходзіць у адзінаццатую клясу. Ён будзе некуды паступаць?”

(Піманава: ) “Ён зьбіраецца паступаць. Ён ня хоча адсюль выяжджаць А што тут рабіць?! Тут празь пяць гадоў усе памруць, нават аўтобус сюды хадзіць ня будзе!”

(Карэспандэнт: ) “Раней, я ведаю, да вас езьдзіла аўталаўка і гандляры з Расеі. Цяпер яны ці езьдзяць?”

(Піманава: ) “Так, з Расеі машыны езьдзяць. Прывозяць усё, што душа пажадае. Езьдзяць па вёсцы, сыгналяць, каму што трэба — людзі выходзяць і набываюць”.

Пасярод Курбакаў стаяць закінутыя катэджы. Гэтыя так званыя фінскія домікі некалькі пачалі ўзводзіць для працаўнікоў калектыўнай гаспадаркі. Пасьля будаўніцтва закінулі, бо бракавала грошай. Яго так і не аднавілі, затое ў суседняй Яноўцы за 2005 год вырас аграгарадок. Жыхарам Курбакаў з гэтага нічога не перапала, перабрацца ў Яноўку пакуль нікога не запрашалі.

Разам з тым, нараджэньне аграгарадку нагадала пра праблему даўгабуду. Менавіта негаспадарлівасьцю раённых ды сельсаветаўскіх уладаў абуралася яшчэ адна вяскоўка. Кабета пагадзілася пагаварыць, але прасіла не называць ейнага імя.

(Спадарыня: ) “На пэнсіі жывецца добра!”

(Карэспандэнт: ) “А тым, хто не на пэнсіі?”

(Спадарыня: ) “А таму — дрэнна. Заробкі вельмі малыя. Мой мужык працаваў фэльчарам і атрымліваў 45 тысяч. Я яму сказала: “Звальняйся, я цябе на пэнсіі болей пракармлю”. Грошай усё жыцьцё будзе не хапаць. У нас усё дарагое! Хлеб дарагі, і есьці яго немагчыма! Прывязуць такі, што хоць біся ім”.

(Карэспандэнт: ) “2005-ты заканчваецца. Як Новы год сьвяткаваць будзеце?”

(Спадарыня: ) “Атрымаем пэнсію, набярэм ласункаў. А што нам яшчэ рабіць?”

(Карэспандэнт: ) “Які падарунак сужэнцу падрыхтавалі?”

(Спадарыня: ) “Вазьму пляшку, і хопіць яму”.

(Карэспандэнт: ) “А што самі хацелі б атрымаць?”

(Спадарыня: ) “Каб было танна, набыла б торцік. А так будзем меркаваць, паводле памеру пэнсіі. Нічога, што-небудзь прыдумаем”.

Жыхароў у Курбаках менее. Моладзь заканчвае школу і едзе вучыцца, а старыя дажываюць свой век. Пэнсіянэрка Аляксандра Чыграй зазначае, што такое цягнецца ня першы год. Раней яна на гэта не зьвяртала ўвагі, аднак зусім нядаўна агледзелася, што хата леваруч, хата праваруч і тая, што насупраць — спусьцелі.

(Чыграй: ) “Дзетка любая, мы — людзі аджылыя, хворыя і ніякія. У нас за пяць месяцаў памерла васьмёра чалавек. Усё гэта ад радыяцыі. Я сама некалькі інфарктаў перанесла”.

(Карэспандэнт: ) “А як сьвяткаваць будзеце?”

(Чыграй: ) “Як Бог дасьць! Гэта вам, маладым, трэба сьвяткаваць і Новы год, і Каляды, а нам — на печ залез і там сьвяткуй”.

(Карэспандэнт: ) “Падарунак свайму дзеду падрыхтавалі?”

(Чыграй: ) “Пэнсія яшчэ на пошце”.

(Карэспандэнт: ) “А што б вы хацелі атрымаць?”

(Чыграй: ) “Мне нічога не патрэбна. Мяне дзеці ўсім засыпаюць, а здароўя мне гэта не дадае. У шпіталі ляжала, яны мне прыносілі розныя прысмакі, а мне яны ў глотку не палезьлі”.

(Карэспандэнт: ) “А нешта добрае ў жыцьці ёсьць?”

(Чыграй: ) “Зямлі хапае, засявай колькі заўгодна, пасі колькі хочаш, а здароўя няма!”

(Карэспандэнт: ) “Праблемы ў Курбаках ёсьць?”

(Чыграй: ) “Няма каму вады прынесьці. А ў калодзежы такая вада, што там адны сараканожкі плаваюць. Нармалёвай вады няма, вось мы гэту дрэнь і п’ем. У мяне стаіць калёнка, але яе ніхто не ўключае. Чаму!? Лукашэнка загадаў падключыць ваду і даць людзям жыцьцё. А якое тут жыцьцё?”

(Карэспандэнт: ) “Зьвярнуліся б у сельсавет...”

(Чыграй: ) “Мой родненькі, учора ўкруцілі дзьве лямпачкі. А нашая заўмаг сказала, што адна зь іх нягодная. Яна стала сёньня тэлефанаваць у сельсавет, а там адказалі: “Якія былі, такія і далі!” Вось вам і сельсавет. І дроваў у нас таксама няма. Адзін вазок — 100 тысяч. Аддай за іх адну пэнсію і сядзі, паклаўшы зубы на паліцу”.

Краснапольскі раён амаль на 100% забруджаны радыянуклідамі. Пасьля выбуху на чарнобыльскай станцыі тутэйшае насельніцтва скарацілася ўдвая, з мапы зьнікла 80 паселішчаў, а гаспадаркі згубілі амаль палову зямель. Некалі жыхарам гэтай мясцовасьці плацілі кампэнсацыю, якую самі чарнобыльцы называлі “дамавінныя грошы”. Але пару гадоў таму выплаты скасавалі.

Пра мэдыцыну мы працягваем гаварыць з Томай Фёдаравай. Са старой мы сустрэліся на прыпынку. У Курбакі якраз прыехаў рэйсавы аўтобус. Старая вылезла зь яго, зьбіралася крочыць да сваёй хаты, але я прыпыніў яе на колькі хвілінаў.

(Карэспандэнт: ) “Якія спадзяваньні на наступны год?”

(Фёдарава: ) “Каб Бог даў здароўя, каб ня езьдзіць у той шпіталь і не лячыцца. Шпіталь ад Курбакаў за трыццаць кілямэтраў. Паехала на ноч і толькі цяпер вярнулася. Пайшла там на нейкае вузі. Дачцэ кажу: “Пайшлі рана!” А яна мне кажа: “Шпіталь толькі а 8-й адчыняецца!” А я хацела ісьці ў чатыры ночы! Прыйшлі на тое вузі, а яно толькі з гадзіны дня”.

(Карэспандэнт: ) “Ідзе Новы год. Як сьвяткаваць будзеце?”

(Фёдарава: ) “А ніяк! Сынок, мы той Новы год ні разу не спраўляем”.

(Карэспандэнт: ) “Сто грамаў хоць вып’еце?”

(Фёдарава: ) “Я атрымліваю пэнсіі 120 тысяч. А ці можна на іх выпіць? Я тром унучкам дала па 5 тысяч. А што яны набудуць за 5 тысяч? Нічога!”

(Карэспандэнт: ) “Як 2005-ты для вас прайшоў?”

(Фёдарава: ) “Было і добрае, было і дрэннае”.

(Карэспандэнт: ) “А што было добрае?”

(Фёдарава: ) “А Бог яго ведае! Я ўжо забылася”.

Пэрсанальныя вынікі 2005-га. У Курбаках я запісаў самае незвычайнае цягам гэтага году інтэрвію. Дакладней сказаць, гэта не размова, а падрыхтоўка да яе.

Па вуліцы крочаць дзьве кабеты. Адна зь іх апранутая па-гарадзкому: зімовае паліто, капялюш і пальчаткі. Другая — па-вясковаму: стаптаныя боты, фуфайка і хустка на галаве. Першую завуць Люда, цяпер яна жыве ў райцэнтры, а ў Курбакі прыяжджае да сваякоў. Другая, Валя, усё жыцьцё адпрацавала на фэрме і, як сама выказалася, сьвету белага ня бачыла. Адна — хітраватая і дасьведчаная, другая — шчырая і наіўная.

(Карэспандэнт: ) “Як людзям жывецца ў Курбаках?”

(Валя: ) “Ну, добра”.

(Карэспандэнт: ) “А праблемы ёсьць?”

(Валя: ) “Не-а. У нас няма ніякіх праблемаў”.

(Люда: ) “Гавары, што на слупах няма ліхтароў...”

(Валя: ) “Люда, чаму ў нас няма сьвятла?!”

(Люда: ) “Я табе сказала, гавары, што няма сьвятла!”

(Валя: ) “На слупах у нас няма сьвятла”.

(Карэспандэнт: ) “Вы спрабавалі зьвярнуцца ў сельсавет, каб вам дапамаглі?”

(Люда: ) “Гавары, што мы зьвярталіся, і ніякага выніку няма”.

(Валя: ) “Мы ім гаварылі. А які з гэтага плён?”

(Карэспандэнт: ) “Я чуў, што ў вас з дарогамі праблемы?”

(Валя: ) “Не, з дарогамі ў нас нармальна!”

(Люда: ) “На вёсцы яміна на яміне. Ты скажы, што калі сьнегам заносіць, іх ня чысьцяць! Валя, гавары так!”

(Валя: ) “А-а-а! У нас няма сваіх трактароў, каб узімку чысьцілі. Калі толькі з Краснапольля трактар даедзе, то пачысьцяць”.

Маё апошняе пытаньне было адрасаванае гараджанцы Людзе. Я пацікавіўся, у чым асаблівасьці жыцьця Курбакаў.

(Люда: ) “Тут вабшчэ глуха, як у танку. Няма куды выйсьці. Моладзі няма! Толькі тры дзіцёнкі езьдзяць у Яноўку. Глухамань!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG