Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славамір Адамовіч: беларусы павінны самі ўзяць свой лёс у рукі


Ганна Сурмач, Прага Ужо трэці год жыве ў эміграцыі паэт Славамір Адамовіч і сёлета Новы год ён сустракае ў Нарвэгіі. Мы папрасілі яго падсумаваць вынікі 2005 году.

На нашае пытаньне, якую падзею адыходзячага году ён лічыць найбольш важнай для Беларусі, Славамір адказаў так:

(Адамовіч: ) "На жаль, для Беларусі лёсавызначальных падзеяў не здарылася, усё працягвае каціцца па вызначаным шляху. І гэта сумна.

Магу толькі пра сябе сказаць. Галоўнае, што ў гэтым годзе я застаўся ў жывых. Як памятаеце, у пачатку года, у лютым, на мяне быў зроблены напад. Магчыма, гэты выпадак падштурхнуў мяне зрабіць прыезд на Радзіму. Я пабачыў блізкіх, родных, быў на пахаваньні Анатоля Сыса.

Пажыўшы два з паловай гады ў Нарвэгіі, пабачыць, як гэта я паэтычна называю, пабачыць Радзіму як бы зьверху, аб''ёмна, пралятаючы "над гняздом зязюлі", гэта было вельмі балюча.

Відаць, гэты боль ізноў штурхнуў мяне назад. Унутраны дыскамфортны стан, немагчымасьць зрабіць нешта тут і зараз проста выштурхнулі мяне назад”.

(Сурмач: ) “Чаго Вы чакаеце ад наступнага году, ці адбудуцца, на Вашу думку, нейкія зьмены на бацькаўшчыне і ў Вашым асабістым жыцьці?”

(Адамовіч: ) “Лёсавызначальныя падзеі павінны былі б адбыцца, і мы ўжо ведаем гэтую дату – 19 сакавіка. Але, на жаль, нягледзячы на тое, што апазыцыя кажа, што абралі адзінага кандыдата, і што мы пераможам, я як паэт і як філёляг бачу, што нават словы гаворацца ня тыя. Ёсьць шмат адмоўных момантаў, якіх апазыцыя не пазбылася, і ўсе гэтыя памылкі нагрувашчваюцца адна на адну.

Што да асабістага жыцьця, магчыма, будзе ізноў паварот на Радзіму, але, канечне, гэта ўжо будзе канчатковае вяртаньне. Такія, як я, не прыжываюцца. Каб прыжыцца, трэба паставіць вялікі крыж на ўсім, што было дагэтуль і проста жыць прыватным, абыватальскім жыцьцём. Гэтага мне ня хочацца, і гэта немагчыма.

Я хацеў бы пажадаць нашым людзям не чакаць, што нас павядуць, нехта там выбраны і мы за яго пойдзем. Трэба самім, самім ісьці і дыктаваць і рэжыму, і апазыцыі, калі хочаце. Самім браць свой лёс у рукі, толькі так, толькі ў гэтым аптымізм можа быць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG