Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч наведвае Берасьце (абноўлены)


Алесь Дашчынскі, Менск Адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца ў Берасьці. Сёньня ён плянуе адказаць на пытаньні жыхароў гораду па адмысловай тэлефоннай лініі і сустрэцца зь сябрамі гарадзкога штабу.

Тэлефонная лінія зь берасьцейцамі спачатку плянавалася ў рэдакцыі мясцовай газэты “Брестский курьер”. Але ў апошні момант галоўны рэдактар Мікалай Аляксандраў прыняў рашэньне яе адмяніць — як ён кажа, з “тактычных меркаваньняў”.

(Аляксандраў: ) “Паколькі цяпер у сьнежні спатрэбіцца заключаць усе дамовы — з друкарняй, зь “Белсаюздрукам”, зь “Белпоштай” пад пытаньнем, хаця падпіска яшчэ залежыць і ад мясцовых уладаў. Інфармаваць пра тое, што Мілінкевіч прыехаў, мы будзем. Але гарачай лініі проста дзеля таго, каб газэта далей існавала, мы вырашылі не праводзіць. Проста мы самі адчуваем, што ў гэтай сытуацыі трэба ад яе адмовіцца, каб захаваць газэту”.

У гэтай сытуацыі актывісты тэрмінова распаўсюдзілі ўлёткі з тэлефонамі, па якіх жыхары Берасьця змогуць зьвязацца са сваім кандыдатам Аляксандрам Мілінкевічам. Паводле кіраўніка гарадзкога штабу Зьмітра Шыманскага, пакуль ніякіх перашкодаў з боку ўладаў не заўважана.

(Шыманскі: ) “Мы былі вымушаны ў апошні момант распаўсюдзіць інфармацыю і ўлёткі пра тое, што адбудзецца гарачая лінія, і праводзім яе цяпер на штаб-кватэры адной з грамадзкіх арганізацыяў. Сюды людзі будуць тэлефанаваць, таксама запрошаныя карэспандэнты. Яна будзе цягнуцца з 17 да 19 гадзін вечара. Мы спадзяемся, што выбаршчыкі, якія атрымалі ўлёткі, інфармацыю пра гарачую лінію, возьмуць даволі актыўны ўдзел у ёй”.

У Бабруйску ўлады забаранілі мясцовым газэтам правесьці ў рэдакцыі тэлефонную лінію з Аляксандрам Мілінкевічам. А калі яе паспрабавалі наладзіць на адной з кватэраў, там адключылі сьвятло і тэлефон.

Тым часам “Газета для вас” усё ж спадзяецца правесьці прамую лінію з Аляксандрам Мілінкевічам падчас яго знаходжаньня ў Івацэвічах. У сваім апошнім нумары выданьне зьмясьціла адпаведны анонс. Між іншым, “Газета для вас” вымушана шукаць новы офіс, бо мясцовыя ўлады адмовіліся працягваць цяперашнюю дамову на арэнду, а “Белпошта” не ўключыла яе ў падпісны каталёг. Тлумачыць журналіст Аляксей Грышын:

(Грышын: ) “Спадзяемся, што нам гэтыя тэлефоны не адключаць падчас правядзеньня “гарачай” лініі. І ў наступным нумары мы ўжо дадзім па выніках гэтай лініі вялікі матэрыял”.

Пасьля тэлефоннай лініі з жыхарамі Берасьця Аляксандар Мілінкевіч сустрэнецца сёньня з гарадзкім штабам. Асноўная праграма паездкі разьлічана на заўтра. Спадар Мілінкевіч ускладзе кветкі да вечнага агню мэмарыялу “Брэсцкая крэпасьць”, наведае царкву і мастацкі музэй. Пазьней плянаваная сустрэча з кіраўнікамі пратэстанцкіх прыходаў Берасьцейскай вобласьці. У праграме паездкі — сустрэча з прадпрымальнікамі, студэнтамі, працаўнікамі праблемных прадпрыемстваў, інтэлігенцыяй і дэмакратычным актывам. Аляксандар Мілінкевіч перадасьць таксама падарункі дзіцячаму сірочаму прытулку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG