Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 тысяч замежнікаў ня змогуць прыехаць у Беларусь


Любоў Лунёва, Менск Прыкладна 40 тысячам іншаземцам забаронены ўезд у Беларусь. Паводле супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў, у “чорны сьпіс” занесьлі прозьвішчы асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычных арганізацыяў, а таксама тых, якія раней зьдзейсьнілі правапарушэньні на тэрыторыі Беларусі.

Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў толькі за апошнія два гады ў сьпіс занесьлі прозьвішчы 10 тысяч асобаў. Сярод іх тыя, каго дэпартавалі з краіны за злачынства альбо правапарушэньні ў часе знаходжаньня на тэрыторыі краіны, большасьць зь іх — нелегальныя мігранты. У Беларусі паводле афіцыйнай статыстыкі знаходзяцца каля 120 тысяч іншаземцаў. Праваахоўчыя органы пачалі ствараць базу зьвестак пра ўсіх іншаземцаў, якія часова альбо стала жывуць у краіне.

Кіраўнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Віталь Грынкевіч паведаміў Радыё Свабода:

(Грынкевіч: ) “Правілы ўключэньня іншаземных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства ў дадзены сьпіс распрацаваў урад Рэспублікі Беларусь. Гэты сьпіс фармуецца на падставе інфармацыі ад беларускіх праваахоўчых органаў ды іншых краінаў СНД. Ёсьць агульная база зьвестак пра нелегальных мігрантаў. Колькасьць асобаў, якіх уключылі ў сьпіс, увесь час зьмяняецца. Аналягічная практыка і такія ж сьпісы існуюць у кожнай краіне, у тым ліку і ў краінах Эўразьвязу. Наша ўстанова падрыхтавала сьпіс на 10 тысяч чалавек. Астатніх унесьлі іншыя праваахоўчыя органы”.

На думку апазыцыйных палітыкаў, тое, што сьпіс пэрсонаў нон-грата складаецца з 40 тысяч прозьвішчаў іншаземцаў, сьведчыць пра тэндэнцыю да ізаляцыі краіны. Раней краіны Эўразьвязу і ЗША пэрсонамі нон-грата ў сваіх краінах абвясьцілі чатырох беларускіх сілавікоў, якіх падазраюць у датычнасьці да выкраданьня і забойства апазыцыйных палітыкаў. Потым у кастрычніку 2004 году пасьля выбараў і рэфэрэндуму сьпіс неўязных папоўніўся прозьвішчамі яшчэ двух чалавек — камандзіра Менскага АМОНу Юрыя Падабеда і старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. За арганізацыю вулічных дэманстрацыяў супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня Мікола Статкевіч і Павал Севярынец трапілі на “хімію”. Мікола Статкевіч лічыць, што сьпіс іншаземцаў, у якім пакуль каля 40 тысяч прозьвішчаў, будзе значна пашыраны.

(Статкевіч: ) “Мяне зьдзіўляе, што так мала. Столькі ж ворагаў у нашай краіны — увесь Эўрапейскі Зьвяз, палова амэрыканскага кантынэнту, відаць, акрамя Расеі і краінаў Цэнтральнай Азіі. Столькі ворагаў на нашу краіну… А тут толькі некалькі дзясяткаў тысяч. Тэндэнцыя такая, што трэба пачакаць — будзе болей. Безумоўна, у кожнай краіны ёсьць непажаданыя асобы. Сярод іх тыя, якія зьдзейсьнілі злачынства ці правапарушэньні — у тым ліку, візавага рэжыму, ці парадак парушылі. Ёсьць людзі, якіх абвясьціў у вышук Інтэрпол. Мабыць, ёсьць нейкі сьпіс тэрарыстаў, але, паверце, ён вельмі невялікі. Але ў нас гэта толькі пачатак”.

Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала толькі чацьвертую частку сьпісу.

Прэсавы сакратар КДБ Валеры Надтачаеў, спаслаўшыся на занятасьць, паведаміў Радыё Свабода, што пакуль не гатовы даць інфармацыю наконт асобаў, прозьвішчы якіх унесьлі ў сьпіс супрацоўнікі КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG