Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Меншчыне адзначылі 85-ы дзень пачатку Слуцкага збройнага чыну


Севярын Квяткоўскі, Старыя Дарогі--Слуцак 27 лістапада ў музэі беларускага мастацтва Анатоля Белага ў Старых Дарогах рэпрэзэнтаваліся праекты помніку слуцкім змагарам з бальшавікамі. Імпрэза ладзілася разам з суполкай моладзі партыі БНФ пры ўдзеле музычнага гурту “Рокаш”.

Прапанаваныя тры праекты помніку належаць скульптарам Міхаілу Інькову і Аляксандру Зелянку. Гэта адна зь першых падобных ініцыятываў ад пачатку 1990-х гадоў, калі ў гістарычную сьвядомасьць беларусаў пачаў вяртацца Слуцкі збройны чын. Сьвята вядомае таксама як Дзень герояў і Слуцкае паўстаньне.

27 лістапада 1920 году на Случчыне ля вёскі Грозаў адбыўся першы бой войска Слуцкай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі супраць бальшавікоў. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што парэшткі першых забітых случакоў дагэтуль ляжаць ў вёсцы Семежава, недалёк сучаснай счярэдняй школы вёскі.

Бальшыня беларускіх гісторыкаў сыходзіцца ў тым, што менавіта Случчына сталася адзіным у Беларусі цэнтрам супраціву бальшавікам, бо гэты рэгіён гістарычна меў найбольш заможных, а значыць вальнейшых, сялянаў.

Таксама ёсьць меркаваньне, што назва “Слуцкі збройны чын” больш адпавядае рэаліям, чым назва “Слуцкае паўстаньне”. Бо змаганьне пачалося не на акупаванай, а вольнай тэрыторыі.

У 1920-м годзе у вайсковыя аддзелы Слуцкай Рады ўступілі тысячы сялянаў. На пачатку 1990-х ў слуцкіх школах дзецям распавядалі пра гераічныя ўчынкі землякоў на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. А ў гістарычным музэі гораду нават існавала адмысловая экспазыцыя пра байцоў БНР. Цяпер экспазыцыя ліквідаваная. Па іроніі лёсу, гістарычны музэй гораду месьціцца ў будынку, дзе была абвешчаная Слуцкая рада.

Сёньня пра падзеі Слуцкага збройнага чыну нагадваюць мэмарыяльныя крыжы ў вёсках Грозава і Семежава, усталяваныя на пачатку 1990-х гадоў.

26 лістапада да крыжоў усклала кветкі дэлегацыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі-БНФ, а 27 лістапада – дэлегацыя моладзі партыі БНФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG