Лінкі ўнівэрсальнага доступу

39-дзень галадае ў турме прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Паводле лекараў, такая працяглая галадоўка вельмі небясьпечная для здароўя. Пакуль няма адказу на хадайніцтва адвакатаў да адміністрацыі гарадзенскай турмы, яны прасілі тэрмінова шпіталізаваць Мікалая Аўтуховіча і аказаць яму неадкладную мэдычную дапамогу. Сёньня прадпрымальнік заявіў свайму адвакату, што будзе галадаць да канца.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога на час сьледзтва пасадзілі пад арышт, не спыняе галадоўку. Пра стан яго здароўя ўдаецца даведацца толькі раз-пораз, дзякуючы візытам у турму адвакатаў. У турэмнай мэдчасьці сёньня мне адмовіліся сказаць хоць што-небудзь пра Мікалая Аўтуховіча.

(Турэмны мэдык: ) “Ці разумееце — у якой сыстэме мы працуем? Ніякай інфармацыі, пагатоў па тэлефоне, мы не даем. Можаце не тэлефанаваць, я вам нічога не скажу”.

Двойчы галадаў падчас арыштаў за несанкцыянаваныя акцыі кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык, мэдык па адукацыі. Ён гаворыць, што свае галадоўкі на волі Аўтуховіч выйграў дзякуючы таму, што яны мелі вялікі інфармацыйны розгалас, і яго падтрымалі кіроўцы. Галадоўка ў ізаляцыі — значна больш сур''ёзнае выпрабаваньне.

(Мальчык: ) “Пасьля трыццаці дзён поўнага галаданьня арганізма пачынае выкарыстоўваць і для жыцьця, і для перабудовы клетак бялкі, прычым гэта бялкі жыцьцёва важных структураў: цягліц, кішэчніка, пячонкі, сэрца, нырак, ідзе разбурэньне гэтых органаў, арганізм пераходзяць на мінімальны рэжым жыцьцядзейнасьці.

І самае галоўнае, адбываецца пастаяннае вугляводнае галаданьне, зьніжэньне узроўню глюкозы вельмі адмоўна адбіваецца на дзейнасьці імуннай сыстэмы, галаўнога мозгу”.

Сяргей Мальчык зазначае, што адбываецца атручэньне арганізму. Ён гаворыць, што галадоўніку неабходна рабіць штодзень клізмы і прымаць душ, каб змываць солі, шкодныя рэчывы, якія выдзяляюцца праз скуру, паколькі дзейнасьць нырак і пячонкі парушана.

Зразумела, што ў Мікалая Аўтуховіча такіх магчымасьцяў няма.

(Мальчык: ) “Я думаю, што трэба ўзьняць праблему аб допуску да яго незалежных мэдыкаў, прадстаўнікоў грамадзкасьці і сродкаў масавай інфармацыі, трэба трубіць ва ўсе трубы. Трэба абавязкова паглядзець яго стан, таму што чалавек можа проста памерці, і ўлады на гэта не зрэагуюць, для іх: няма чалавека, няма праблемаў”.

***

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.

***

Сёньня Мікалая Аўтуховіча наведала ў гарадзенскай турме адвакат Галіна Іванова. Паводле яе, стан здароўя арыштаванага пагаршаецца, ён вельмі кволы, ціск нізкі, сёньня ціск быў 110 на 90. Мікалай Аўтуховіч нават ня хоча слухаць аб тым, каб спыніць галадоўку, гаворыць адвакат. Ён заяўляе, што будзе галадаць “да пераможнага канца”, а калі не — дык “будзь што будзе — памру так памру”, перадае словы Аўтуховіча яго адвакатка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG