Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дровы ў беларускіх гаспадарках


Аляксандар Уліцёнак, Менск З пачатку гэтага году ў Беларусі дзейнічае новы парадак выкарыстаньня драўніны: у асноўным яна рэалізуецца цяпер цэнтралізавана, толькі ў нарыхтаваным выглядзе. Пастанова Саўміну тычыцца і звычайных дроў. Праўда, пакуль вяскоўцам дазволена пэўную частку дрэваў пілаваць і траляваць самастойна. Каб гэты ліміт зьмяншаўся, мясцовай уладзе загадана наладжваць спэцыяльныя службы, якія мусяць забясьпечваць патрэбы насельніцтва ў паліве. Ці задаволеныя людзі новымі парадкамі? Як на справе рэалізуе ўлада свае пляны? Ці ёсьць ім альтэрнатыва?

У брашуры для ўдзельнікаў папулярных сярод моладзі інтэлектуальных гульняў ёсьць такое заданьне: “Хто дапаможа жыхарам адной эўрапейскай краіны вырашыць праблему паліва праз падваеньне нарыхтоўкі дроў да 2015 году? Якая гэта краіна? ” Адказы: “лесаруб”, “Беларусь”. Як стасуецца гэткі падыход з тэндэнцыямі ХХІ стагодзьдзя? Паводле кіраўніка Саўміну Сяргея Сідорскага, выкарыстаньне ў якасьці паліва дроў можа замяніць каля васьмі працэнтаў нафты і газу, які закупляюцца ў Расеі. Дык ці адчулі вяскоўцы палёгку ў зьвязку з новымі тэндэнцыямі?

(Ала: ) “Нарыхтоўваюць пераважна маладыя мужчыны. Мой сусед, напрыклад, нарыхтоўвае. Навазіў – ляжаць каля хаты. Нехта купляе, калі ёсьць дзесьці магчымасьць”.

Спадарыня Ала жыве ў вёсцы Караліно, якая месьціцца ў лясістым кутку Зэльвеншчыны. Адтуль і 73-гадовая Зінаіда Кузьміч. Бабуля дажывае век адна, бо дачка жыве далёка. Як пэнсіянэрка рыхтуецца да зімы?

“(Кузьміч: ) “Купляла дровы, два вазы. Там я ім і абед давала – выйшла, калі палічыць, 40-45 тысяч рублёў. І наймала, каб секлі. Што пасеклі, то выйшла 60 тысяч. Ведаеце, гэта дорага...“

Атрымліваецца, праблемы маюць нават тыя, хто жыве пасярод пушчы... Між тым афіцыйна лічыцца, што сёлета дроў нарыхтавана ажно 111 працэнтаў ад пляну. Гэтаму, лічыцца, паспрыяла і ўрадавая пастанова, і магутны летні буралом: па ўсёй краіне стыхія паваліла лесу, што толькі пасьпявай наводзіць парадак. Пра схему забесьпячэньня насельніцтва палівам расказвае старшыня выканкаму Весялоўскага сельсавету Барысаўскага раёну:

(Сяменава: ) “У асноўным наша насельніцтва забясьпечваецца пра гартоп. Саманарыхтоўкай займаюцца тыя, хто маладзейшы. Старэйшае пакаленьне ужо ня ў сілах... А так выпісваем на лясьніцтва, і лясьніцтва выдзяляе. У нас працуюць сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць адзінокіх, маламаёмасных і састарэлых”.

Гэтак мусіць рабіцца па ўсёй краіне. Усё нібыта адладжана: ідзі ў сельсавет ці скажы сацыяльнаму работніку, і ніякіх табе клопатаў... Часам, абачліва папраўляюцца “вэртыкальнікі”, здараюцца і накладкі, аднак, яны, маўляў, агульнай карціны не псуюць. Каб спраўдзіць гэтыя словы, мы зьвярнуліся да спадарыні Кузьміч, якая жыве літаральна побач з сельсаветам – ці адчувае бабуля Зіна карысьць ад суседзтва з мясцовым выканкамам?

“(Кузьміч: ) “Ой, хто мне што дапамагае?! Сама хаджу, прашу, плачу людзям. Так вось… Тут у сельсавеце плот раскідалі. Я ўсё прасіла старшыню сельсавету, каб прадалі мне гэты штыхетнік. Плот ставілі з цэмэнту, такі добры... Але старшыня ня даў. Сказаў, што ў яго ёсьць куды падзець гэтае дабро. Нікому сельсавет нічога не дапамагае, гэта я вам па праўдзе кажу”.

Між іншым, адзінокая Зінаіда Кузьміч – жонка памерлага вэтэрана вайны. Каб дацягнуць да вясны, печку паліць толькі раз на дзень. І хоць яшчэ няма вялікіх халадоў, хата не саграваецца.

(Кузьміч: ) “Калі два разы паліць, то дзе яно хопіць? Холадна, як кладуся спаць. То апрану цёплы халат дый пад коўдру. Вядома, трэба паліць печку два разы. Але шкадую дровы гэтыя...”

Бо, па-першае, іх паспрабуй дастаць, а па-другое, шмат для каго цэны, як кажуць, “кусаюцца”. Кошт за кубамэтар ўстанаўліваюць на месцах, бо ўсюды розныя ўмовы. Таму па рэгіёнах ёсьць разьбежкі. Расказвае памочнік лясьнічага Вепрынскага лясьніцтва Чэрыкаўскага раёну Валянціна Ерафеева:

(Ерафеева: ) “У нас лясьніцтва прадае дровы ў гатовым выглядзе. Колькі заўгодна. Дзесьці 8-10 тысяч рублёў за куб”.

Некаму гэта можа падацца танным. Аднак многія вепрынцы не гараць жаданьнем купляць ужо нарыхтаванае. Бо калі самім пілаваць, вазіць, калоць, складваць, дык атрымліваецца мінімум удвая таньней. Аднак такога права ім не даюць, хоць у раёне 300 гектараў лесу, паваленага стыхіяй улетку. Лясьніцтва тлумачыць сваю пазыцыю клопатам пра бясьпеку людзей, а тыя ў сваю чаргу абвінавачваюць лесьнікоў у жаданьні займець лішнюю капейку. Гэтая праблема выходзіць далёка за рамкі Чэрыкаўскага раёну. Гаворыць сакратарка лясгасу са Століншчыны Ніна Галавач:

(Галавач: ) “Самы час нарыхтоўкі, але нам райвыканкам ня шмат лесу дазваляе выдаткоўваць насельніцтву. Так што і людзі церпяць, і мы. Яны на нас “бочкі” коцяць, а мы ня маем права рэалізаваць лес, які нам ня вызначаны”.

Гэтыя няўвязкі здараюцца, у прыватнасьці, таму, што навагодняя ўрадавая пастанова пра радыкальныя зьмены ў нарыхтоўцы драўніны фактычна нацэльваюць галіну на самаакупнасьць. Ужо сёлета яна мусіць павялічыць паступленьні ў бюджэт амаль удвая. Каб выйсьці на вызначаныя паказчыкі, найперш падымаюць цэны на лес, цэнтралізаваныя паслугі і скарачаюць ліміт так званага самавывазу. А раней ён традыцыйна складаў амаль траціну ад таго, што нарыхтоўвалі непасрэдна лесьнікі. Цяпер жа інтарэсы дзяржавы і насельніцтва перасякліся, лічыць столінскі лясьнічы Мікалай Пачко:

(Пачко:) “У нас моцна густанаселены раён. Таму і праблема. Рэжуць толькі лесьнікі і вальшчыкі лесу, якія з “корачкамі”. Брыгада нарыхтоўвае, выпісваем па нарадах сельсавету, райвыканкаму і лясгасу. На гартоп дровы аддаём, ён вывозіць”.

Тое самае і ў Віцебскай, напрыклад, вобласьці, дзе пры сельсаветах ствараюць гаспадарчаразьліковыя мэханізаваныя атрады ці зьвёны. Паводле задуманага, яны мусяць узяць на сябе ўвесь цыкль дрованарыхтовак. На паперы выглядае цікава, аднак у жыцьці, кажуць людзі, часьцяком праблемы: дорага, несвоечасова, няякасна.

(Спадарыня: ) “Адзін чалавек учора хадзіў, пытаўся, дык казаў, што за адзін прычэп 12 кубамэтраў 90 тысяч рублёў. Рэзаныя, доўгія, але ня бітыя, нічога. Дык я кажу, што ў мяне столькі грошай няма. І я не магу парэзаць круглыя. Гэта як аполкі, дык яны кароткія, вузенькія. А так трэба наймаць чалавека зь пілой, каб хто парэзаў ды пасек гэтыя дровы”.

Спадарыню, якая дзеля захаваньня добрых стасункаў зь сельсаветам не захацела называцца, дапаўняе жыхар Меншчыны Міхаіл Апанасевіч. Ён купіў сабе каня, умее валіць сухастой, мае неабходны дазвол і прыхільнасьць мясцовага лясьніцтва, якому бракуе працоўнай сілы.

(Панасевіч: ) “Каб дастаць паліва на зіму людзі зьвяртаюцца у большай частцы ў гарпаліўзбыт. Прывозяць прычэп колатых дроваў, кошт – 70-80 тысяч рублёў. Але так сабе дровы – асіна. Яна дае агонь большы, але духу ад яе няма”.

Жыхар вёскі Хатомель Столінскага раёну спадар Анатоль:

(Анатоль: ) “Каб прывезьці празь дзяржаўную кантору, то на гэта трэба патраціць шмат часу і сілы”.

І што тады застаецца? Тыя, у каго няма моцы ці жаданьня дабівацца самавывазу лесу, ідуць да прадпрымальных знаёмцаў, суседзяў. Гэтыя ў сваю чаргу працуюць ці законна, ці нелегальна. Аднак першых зусім мала, а на другіх палюе лясная ахова, расказвае Мікалай Пачко з Куршавіцкага лясьніцтва, што ў Столінскім раёне.

(Пачко: ) “Калі хто украў тую бярозу ці вольху, то пратакол – па таксаваму кошту, базавыя велічыні ёсьць – усё, афармляем. У тым годзе папаліся чалавек дваццаць, а мажліва і больш. Сёлета таксама папаліся – напачатку году і цяпер”.

Лясьнік кажа, што злодзеяў насамрэч значна больш. І прыводзіць наступны факт: незаконнымі вырубкамі тут займаюцца нават жыхары суседняй Украіны. Калі ім удаецца часьцяком перавезьці крадзеныя дровы празь мяжу, якая ахоўваецца вайсковымі нарадамі, што ўжо казаць пра сваіх?

(Пачко: ) “Жыць людзі хочуць. Памежнікі ахоўваюць, мы таксама выяжджаем. Але і мы – людзі. Мы ня можам цэлую ноч там сядзець. Памежнікі, здараецца, затрымліваюць, афармляюць пратаколам. Але бывае, што скрадзе чалавек два пянькі ці адзін, не сакрэт... Ёсьць праблема”.

І яна дастаткова вострая. На мяжы з сур’ёзным крыміналам. Вось радкі зь міліцэйскай зводкі надзвычайных здарэньняў: “Блізу вёскі Раманы Воранаўскага раёну ў 15.00 у лясным масіве з рубленымі ранамі галавы знойдзены труп пэнсіянэра, жыхара вёскі Гільвінцы. Устаноўлена, што падчас спрэчкі пры нарыхтоўцы дроў яго зарубіў сякерай аднавясковец”. А ў Ляхавіцкім раёне, расказвае лясьнічы Ігар Сакун, аднавяскоўцы нядаўна забілі чалавека, які паведаміў пра намеры злодзеяў:

(Сакун: ) “Паведамілі, што ў пэўным квартале грузяцца дровы, крадуць. Нашы людзі ўзялі машыну, паехалі. Знайшлі гэтых людзей. Пагутарылі. Памочнік, які прыехаў на разборкі, працаваў некалі з тым, хто краў дровы, – разам бярозавы сок зьбіралі. А зь лесьніком яны ў адну школу хадзілі. Яны і сказалі: “Мы ведаем, хто тэлефанаваў”. На тым і закончылася, а пасьля атрымалася так, што гэтага Казіка ў Асосах яны прыбілі...”

Аднак тыя, хто жыве незаконным “бізнэсам” на дровах, злачынцамі сябе ня лічаць. Паводле спадара Анатоля з палескай вёскі Хатомель, яны папросту дапамагаюць бедным, абыдзеным увагай дзяржавы людзям.

(Анатоль: ) “Мы бяром у сельсавеце даведку, каб была магчымасьць пілаваць дровы ў лесе. Бяром коні, нагружаем вазы, прывозім дровы. Затым яшчэ некалькі разоў езьдзім у лес па гэтай даведцы. Прадаём дровы старым людзям па коштах, якія задавальняюць нас і гэтых людзей. Яны за гэта кажуць: “Дзякуй!” Там што каб куплялі празь дзяржаўную кантору, то гэта выйшла б у разы тры даражэй. Ды трэба было б мець больш клопату. Мы ня лічым, што робім нешта надзвычайнае. Тамы што бяром няшмат і гэта ня робіцца зь нейкімі драпежніцкімі кірункамі. Людзям старым трэба зімой грэцца, а хто ім дапаможа, як ня мы?”

Альтэрнатыву прапанавала не дзяржава, а звычайны прадпрымальны чалавек, Міхаіл Апанасевіч зь Меншчыны. Калі летась ён стаў сьведкам сытуацыі: лес гінуў, бо ва ўлады не было моцы падняць два гектары сухастою, а ў мясцовых жыхароў грошай, часу ці жаданьня, ён вырашыў выступіць афіцыйным, так бы мовіць, пасярэднікам паміж двума бакамі:

(Панасевіч: ) Хаця праца гэта і цяжкая, але цікавая: зробіш парадак на тым участку, што табе даручылі. Ня будзе завалаў, гальля, а калі прадасі, то капейка нейкая. Папрацаваў, ведаеш за што. Наагул, калі усе добра пойдзе, то мяркую афармляцца прадпрымальнікам. Дапамагаць тым, каму цяжка. Вазіць дровы па вёсках...”

Аднак ці пройдзе ён рэгістрацыю – вялікае пытаньне. Бо ва ўрадавай пастанове пра такіх, як спадар Панасевіч, – ані слова. Злодзеі, кажуць аднавяскоўцы, пры новых умовах якраз выжывуць, іх нават яшчэ больш стане. А вось ці прыжывецца сапраўды карысная грамадзкая ініцыятыва – вялікае пытаньне...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG