Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі цукар будзе ўвозіцца ў Расею толькі праз мытню


Юлія Шарова, Менск Адпаведнае рашэньне прыняла расейскае Міністэрства эканамічнага разьвіцьця. Загад міністэрства пачне дзейнічаць у лютым. Беларускія вытворцы цукру рыхтуюцца да праблемаў з рэалізацыяй сваёй прадукцыі на рынку суседняй краіны.

Прэтэнзіі расейцаў грунтуюцца на тым, што вытворчасьць цукру, які завозіцца зь Беларусі, у значнай ступені субсыдуецца дзяржавай. Да таго ж ёсьць падазрэньні, быццам у Расею завозяць белы трысьняговы цукар пад выглядам бураковага. Такі цукар лічыцца таварам з трэціх краінаў, бо сырэц завозіцца ў Беларусь і толькі перапрацоўваецца на айчынных прадпрыемствах. Таму за яго трэба плаціць мыта ў Расеі.

У верасьні было распачатае кампэнсацыйнае расьсьледаваньне ў дачыненьні імпарту беларускага цукру – на 1 сьнежня ў Маскве заплянаваныя слуханьні ў гэтай справе. Але рашэньне пра мытнае афармленьне ўжо прынятае. Загад расейскага Міністэрства эканамічнага разьвіцьця падпісаны 8 лістапада, а дзейнічаць ён пачынае праз 90 дзён пасьля апублікаваньня – то бок, у пачатку лютага. Цукар зь Беларусі будуць завозіць на агульны склад у Маскву, там правяраць, афармляць і накіроўваць у іншыя рэгіёны.

У Беларусі чатыры прадпрыемствы выпускаюць цукар – Слуцкі, Скідзельскі й Гарадзейскі камбінаты, а таксама Жабінкаўскі цукровы завод. Вось як пракамэнтаваў захады расейцаў намесьнік дырэктара Слуцкага цукровага камбінату Аляксей Сайко.

(Сайко: ) "Калі ўвядуць склад часовага захоўваньня, то тэхнічная рэалізацыя на тэрыторыі Расеі ўскладніцца, па-першае, праз тое, што нам трэба будзе завезьці цукар у Маскву, а потым ужо разьмеркаваць па рэгіёнах. Па-другое, прапускная здольнасьць складу ня будзе нават 10% ад таго, што цукровыя заводы выпускаюць. Гэта проста дробязь будзе. Гэта навязваюцца, натуральна, дадатковыя выдаткі: на перавозку, на мытнае афармленьне і прастой вагонаў. Гэта дадатковыя выдаткі, цераз якія мы можам быць неканкурэнтаздольнымі на рынку".

На думку спадара Сайко, Расея спрабуе такім чынам змагацца з кантрабандай цукру, якая, магчыма, ідзе зь Беларусі. Прыкладна гэткім жа чынам Беларусь спрабуе прадухіліць незаконны імпарт расейскага піва: піва завозіцца на склады і там афармляецца. Гэтыя склады ёсьць у кожным больш менш буйным горадзе, таму праблемаў не ўзьнікае. А беларускі цукар будуць цэнтралізавана везьці ў Маскву. Аляксей Сайко лічыць, што расейцам варта навесьці парадак у сваёй мытнай службе, а не вырашаць свае праблемы за кошт беларускіх вытворцаў цукру. А праблему з імпартам нібыта белага цукру пад выглядам бураковага ён называе надуманай.

Расейскія вытворцы між тым зьбіраюць доказы таго, што на іхны рынак усё ж трапляе белы цукар, і мыта за яго беларусы ня плацяць. Як паведамілі "Свабодзе" ў Саюзе цукравытворцаў Расеі, цягам апошніх год зь Беларусі завозілі цукру ў паўтара разы болей, чым гэтага прадукту выраблялі з буракоў. Сёлета па выніках году аб''ём паставак можа дасягнуць ужо 600 тысячаў тонаў, хоць у буракоў у Беларусі вырасьцілі толькі 380 тысячаў тонаў. Таму, лічаць у Саюзе цукравытворцаў, іншага спосабу знайсьці праўду, апрача ўвядзеньня мытнага кантролю, няма.

***

Абмежаваньні, уведзеныя Расеяй адносна цукру, які ўвозіцца з Беларусі, фактычна зьяўляюцца выняткам з рэжыму адзінай мытнай прасторы. Такое меркаваньне выказалі "Інтэрфаксу" экспэрты беларускага Міністэрства замежных справаў. Паводле іх, неабходнасьць дэкляраваць усе пастаўкі цукру ў адным мытным пункце зьяўляецца фактычна “элемэнтам аднаўленьня мытнага афармленьня беларускіх тавараў”.

Адмыслоўцы беларускага МЗС лічаць, што абавязковая экспэртыза імпартаванага зь Беларусі цукру зьяўляецца вотумам недаверу да сэртыфікатаў, якія выдаюць беларускія ўпаўнаважаныя органы.

Гэтая працэдура павялічвае транспартныя выдаткі і робіць беларускую прадукцыю неканкурэнтаздольнай на расейскім рынку.

Разам з тым суразмоўцы "Інтэрфаксу" ўдакладнілі, што фармальна Расея такімі крокам не парушае пагадненьня пра тое, што бакі не ўжываюць супраць адзін аднаго меры нетарыфнага рэгуляваньня ва ўзаемным гандлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG