Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы купляюць беларускае сала, каб прадаць ва Ўкраіне


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомелі ўрадавыя дэлегацыі Беларусі і Ўкраіны дамаўляліся пра пашырэньне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў памежных рэгіёнах. Прыватны гандаль паміж суседзямі зьведвае асаблівыя цяжкасьці.

З надыходам лістапада на рынках Гомелю заўважна паменела ўкраінскіх гандляроў. Яны перасталі вазіць сыры, каўбасы, паштэты, алей, сала з прычыны сэзоннага абмежаваньня на ўвоз харчу ў Беларусь. Гавораць украінскія гандляры:

(Гандлярка з Гарадні: ) “Моцна нас прыціснулі — беларуская міліцыя. І праз мытню можна толькі пяць кіляграмаў харчу правезьці, таму людзі мала езьдзяць”.

(Гандлярка са Шчорсу: ) “Нам дазваляецца правезьці толькі пяць кіляграмаў харчаваньня ды 1 літар сьпірту. Нявыгадна. У нас білет каштуе 8 тысяч беларускіх “зайцаў”, каб прыехаць да вас і ад вас. Гэта для нас вельмі дорага”.

Зьменшыўся апошнім часам і асартымэнт харчоў, якія вязуць украінцы ў Беларусь:

(Гандлярка: ) “Цукеркі прывезла, грэцкія арэхі, тварог ды літар гарэлкі”.

(Гандлярка: ) “Я толькі малочныя прадукты вязу — і нічога болей”.

На рынках абласнога цэнтру, па сутнасьці, ня стала ўкраінскіх памідораў, перцаў, бакляжанаў, іншай гародніны. Зьвязана гэта з тым, што беларускі бок сёлета ў верасьні ўвёў сэзонныя мыты на бульбу ды гародніну. Калі вязе ўкраінец той жа гародніны больш як на 10 эўра, на мяжы трэба плаціць дадатковыя немалыя мыты. Зрэшты, украінцы ня толькі прывозяць свае харчы ў Беларусь, але і купляюць беларускія — цукар, напрыклад. І ня толькі.

(Гандлярка: ) “Сала беларускае купляем, вэнджаніну. Сала ў нас — 9 тысяч “зайцоў” за кіляграм. Такі кошт на вашы грошы. Мы купляем у вас за 6,5—7 тысяч і прадаём у сябе ва Ўкраіне. Тлушч яшчэ купляем. Пераважна мясныя прадукты, яны ў нас нашмат даражэйшыя, чым у вас”, — кажа ўкраінская гандлярка са Шчорсу.

Жыхары Ўкраіны прапануюць спрасьціць узаемадачыненьні ў памежных раёнах, а разам і перагледзець нормы на ўзаемны ўвоз харчу.

(Гандлярка: ) “Трэба паціснуць адзін аднаму рукі і скласьці дамову, каб была адчынена мяжа. Так, як калісьці ў былым Саюзе”.

(Гандлярка: ) “Каб ня пяць, а хаця б кіляграмаў дзесяць харчу дазвалялі правозіць празь мяжу. Пяць кіляграмаў — гэта вельмі мала”.

Гэтак мяркуюць жыхары з Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG