Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялынкавічы


Ягор Маёрчык, Бялынкавічы, Касьцюковіцкі раён, Магілёўшчына Бульдозэр разгарнуўся, чарпануў каўшом зямлі. Палова мэтровага пагорку пайшла на замешваньне цэмэнту. Вось кургана і ня стала.

У Бялынкавічах прэзыдэнцкія дамкі будуюць за некалькі мэтраў ад старажытных пахаваньняў. Тутэйшыя насельнікі ня бачаць гістарычнай каштоўнасьці ў трыццаці купках зямлі. З тысячы вяскоўцаў будоўляй у ахоўнай зоне абураюцца адзінкі — людзі, чые сядзібы знаходзяцца побач з курганамі. Сярод незадаволеных — настаўніца хіміі Тамара Мухарэўская.

(Мухарэўская: ) “У нас тут засталася сядзіба валаснога старасты — гэта быў вялікі прыгожы сад над ракою. Але цяпер там нічога не засталося: дамы разбурылі, частка саду выкарчаваная, частка сьпілаваная, частка яшчэ засталася. Засталіся ліпы, якім болей за 150 гадоў. Трэба, каб гэтая алея захавалася, гэтыя ліпы — набытак нацыі.



Іх нельга вырубаць. А цяпер там ставяць дамкі. Хоць нам і абяцалі, што іх не закрануць, частку пачалі пілаваць. Ёсьць у нас другі помнік — гэта могілкі часоў нэаліту. Раней там была шыльда, што гэта археалягічная каштоўнасьць. У нас тут 33 курганы. І тыя самыя дамкі падыходзяць да іх. І мы цяпер змагаемся, каб яны засталіся”.

(Карэспандэнт: ) “Мясцовыя ўлады...”

(Мухарэўская: ) “...яны абяцалі, што нічога не пашкодзяць! Але яны іх кранаюць! Частка гэтых дрэваў сьпілаваная. Мы будзем змагацца далей, будзем зьвяртацца ў Міністэрства аховы прыроды. У нас тут бывае забруджаньне ракі. Мы ўключыліся ў маніторынг аховы прыроды басэйну Дняпра. Самым вялікім забруджвальнікам быў Хоцімск, яны ў раку скідвалі гарадзкую каналізацыю. Нашы вучні зьвярнуліся ў прэзыдэнцкую камісію, і ім дапамаглі. Пасьля гэтага каналізацыю ў раку не зьлівалі”.

(Карэспандэнт: ) “Можа мае сэнс зьвярнуцца ў прэзыдэнцкую камісію адносна ліпаў і курганоў?”

(Мухарэўская: ) “Я ўжо зьвярталася да аднаго вялікага чыноўніка. Калі не дапаможа Міністэрства аховы прыроды, будзем зьвяртацца да прэзыдэнта”.

Экалёгія — гэта адзіная тэма, на якую пагадзілася размаўляць спадарыня Мухарэўская. На пачатку 1990-х кабета была ў шэрагах Беларускага Народнага Фронту. Той час яна згадвае неахвотна, асьцярожна і падбіраючы кожнае слова, бо з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пачаліся цкаваньні.

(Мухарэўская: ) “Мы ўсе ўступілі ў арганізацыю БНФ. Але наступствы толькі мяне абышлі стараною, бо, мабыць, настаўніца аўтарытэтная. Толькі мяне працы і не пазбавілі, а ва ўсіх астатніх працы няма. На мне вісіць сям’я: сын і двое ўнукаў залежаць ад мяне. Дзякуй Богу, што мне даюць магчымасьць неяк працаваць у школе. Я ўжо на пэнсіі, але ў мяне ёсьць выпускныя клясы. Мае дзеці паступаюць, і праз гэта мяне трымаюць”.

Пасьля наведваньня школы я скіроўваюся да Мікалая Зарыцкага. Яго называюць вясковым філёзафам. Пару год таму колішні супрацоўнік Нацыянальнай Акадэміі навук перабраўся зь Менску сюды і пасяліўся ў звычайнай сялянскай хаце.

Спадар Зарыцкі нешта майстраваў, лежачы пад машынай. Ён ахвотна адарваўся ад працы. Мы селі на ганку і пачалі размову.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж добра размаўляеце па-беларуску. Так?”

(Зарыцкі: ) “Не, я размаўляю не зусім добра. Калі пачынаю, у мяне тады тэмпэратура падымаецца. Гэта я вам кажу дакладна! На месцах чыноўнікі ігнаруюць пастановы вышэйшай улады, у прыватнасьці, Лукашэнкі”.



(Карэспандэнт: ) “Калі казаць на прыкладзе Бялынкавічаў, што не выконваецца?”

(Зарыцкі: ) “Прыкладам, ён выдаў загад, яны накапалі ямаў і далі справаздачу, што зрабілі. А сьмецьце ў тыя яміны не вывозяць! Адсюль і бруд. Улада тут на месцы не выказвае ініцыятывы, каб усё сапраўды было для народу. Я падымаў гэтае пытаньне перад мясцовай уладай, яны паабяцалі, але нічога не зрабілі. Чыста там, дзе не засьмечваюць, а ня там, дзе мятуць. Калі дзесяць чалавек будуць месьці, а адзін раскідаць сьмецьце, будзе брудна. Трэба да кожнага давесьці, што чысьціня — гэта твая справа. Трэба зьмяніць самасьвядомасьць людзей. Калі над чалавекам вісіць сякера, ён рухаецца, як толькі прыбралі — ён пачынае сьвінячыць”.

Цэнтар калектыўнай гаспадаркі зь Бялынкавічаў перанесьлі ў суседнюю вёску Крапіўня. Вы запытаецеся: у чым сэнс? Тут справа такая: Крапіўня знаходзіцца ў забруджанай радыянуклідамі зоне. Калі сядзіба пераяжджае туды, то і ўсю гаспадарку пачынаюць лічыць пацярпелай ад радыяцыі. А гэта значыць, можна разьлічваць на дадатковую дапамогу дзяржавы.

У “прэзыдэнцкіх” дамках жывуць дзьве сям’і. Заходжу ў госьці да маладога газазварніка Івана Акуліча.

(Карэспандэнт: ) “Ваш калгас перанесьлі ў Крапіўню? Як людзі тут, у Бялынкавічах, гэта сустрэлі?”

(Акуліч: ) “Вельмі дрэнна. Людзям патрэбна дабірацца восем кілямэтраў пехам штодня ў адзін бок, а пасьля працы трэба восем кілямэтраў у іншы бок”.

(Карэспандэнт: ) “Якімі словамі можна апісаць дачыненьні простых працоўных і кіраўніка калектыўнай гаспадаркі?”

(Акуліч: ) “Кіраўнік ня вельмі чулы да людзей, асабліва да пэнсіянэраў. Сёлета ў жніво ўбіралі фэрмэры, якія прыяжджалі за дваццаць кілямэтраў. Наш мясцовы закатаў такія кошты, што гэта было нерэальна”.

(Карэспандэнт: ) “Ці патрэбна было ў Бялынкавічах будаваць “прэзыдэнцкія” дамкі?”

(Акуліч: ) “Будаваць было патрэбна. Аднак з васьмі пабудаваных людзі жывуць толькі ў двух. Яшчэ ў двух людзі заселеныя, але яны там не жывуць, паколькі ім нявыгадна адсюль дабірацца ў Крапіўню — у іх там ёсьць жытло. Жыхары сутыкнуліся зь вялікай праблемай — ацяпленьне ўзімку. Катлы прыстасаваныя не да дроваў і вуглю, а да торфу. Атрымаць яго тут вялікая праблема”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж таксама жывяце ў адным з “прэзыдэнцкіх” дамкоў...”

(Акуліч: ) “Мая жонка працавала ў амбуляторыі. Пасьля таго, як зьмяніўся кіраўнік у СПК “Бялынкавічы”, пачаліся праблемы. Кіраўнік падаў у суд на высяленьне, бо мая жонка не працуе ў СПК”.

(Карэспандэнт: ) “Вам прапаноўвалі нешта наўзамен, ці папросту выкідвалі на вуліцу?”

(Акуліч: ) “Нічога не прапаноўвалі. Я пайшоў працаваць у СПК электарагазазварнікам, каб толькі застацца ў хаце. Працоўны рэжым мяне не задавальняе: патрабуюць працаваць без выходных болей за дзевяць гадзінаў на суткі”.

(Карэспандэнт: ) “А як наконт аховы працы, прафсаюзнай арганізацыі?”

(Акуліч: ) “Ня сьмейцеся! Калі я запытаўся пра спэцадзеньне, мне адказалі, што не дадуць, бо я не адпрацаваў паўгоду”.

Перад тым, як прадставіць наступнага ўдзельніка праграмы, скажу колькі словаў пра кіраўніка гаспадаркі Сяргея Кротава. На ўвесь Касьцюковіцкі раён Магілёўшчыны колішні міліцыянт праславіўся мэтадамі абыходжаньня з падначаленымі. Некалі ён ачольваў калгас “Новае жыцьцё”, што ў вёсцы Тупічы. Там, як расказваюць, паміж ім і працоўнымі сапраўдныя бойкі чаргаваліся з публічнымі абразамі. Свавольствы спадара Кротава зайшлі так далёка, што пра гэта нават пісала прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия”. Празь нейкі час дырэктар зьмяніў адзін калгас на другі, цяпер ён кіруе ў Бялынкавічах.

А цяпер пра насельнікаў яшчэ аднаго “прэзыдэнцкага” дому. Тут жыве сям’я Ларысы Падабед — пяцёра дзяцей і двое дарослых. З усіх іх працуе адзін толькі бацька. Гаспадыню ў хаце я не засьпеў. На мае пытаньне адказвае старэйшы з братоў, Максім.



(Максім: ) “Прыйшоў новы старшыня і запатрабаваў, каб мы выселіліся з хаты. Нашу мамулю звольнілі з калгаснай працы”.

(Карэспандэнт: ) “За што выгналі?”

(Максім: ) “Ня ведаю. Прыйшоў новы старшыня, шмат каго пазвальняў. Ён і сказаў, каб мы высяляліся, але нам гэты дом даваў старшыня райана. У нас па гэтым доме былі тры суды. Мамка езьдзіла ў раён. Там ёй паабяцалі субсыдыю на пакупку свайго дому”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе дом будзеце набываць?”

(Максім: ) “Ня ведаю. Магчыма, у Касьцюковічах. Тут такога няма, нам патрэбна, каб дом быў 105 квадратных мэтраў”.

У працяг тэмы, каму ў Бялынкавічах добра жывецца, аповед дзядзькі Васіля. На дадзены момант ён беспрацоўны, але яшчэ ня так даўно быў у калгасе. А пасьля, нягледзячы на тое, што да пэнсіі засталіся лічаныя гады, махнуў рукой на малы заробак і звольніўся. Цяпер даглядае прысядзібную гаспадарку, кажа, што гэта больш выгадна.

(Васіль: ) “У калгасе заробку не даюць — усяго 30 тысяч. А тыя гады заробім 80 тысяч, а нам аддавалі толькі 40, а астатняе ўтрымлівалі. Такое цягнулася два гады. Аднаго старшыню гаспадаркі звольнілі, іншы памёр, так нам грошай і не вярнулі. Кажуць, што быў нейкі загад Лукашэнкі, каб палову ўтрымліваць, але мы нешта ня чулі пра такую пастанову”.

Старшыня Бялынкавіцкага сельсавету Сяргей Буракоў разам зь дзьвюма сваімі падначаленымі ў працоўны час рамантаваў кабінэт — клеілі шпалеры. Безь вялікага жаданьня вэртыкальнік выйшаў з пакою, каб пагаварыць сам-насам. Да прадстаўніка ўлады два пытаньні: пра будаўніцтва ў ахоўнай зоне і пра стасункі вяскоўцаў і кіраўніка гаспадаркі Сяргея Кротава.

(Буракоў: ) “Курганаў мы не зачапілі. Яны ўсе засталіся. Яны лічацца помнікам, але там нічога няма. Мы ў Горацкай акадэміі задавалі пытаньне: ці ёсьць там што-небудзь? Нам адказалі, што няма”.



(Карэспандэнт: ) “Мне казалі, што раней была ахоўная шыльда. Куды яна падзелася?”

(Буракоў: ) “Я пра шыльду нічога ня ведаю. Я тут усяго некалькі тыдняў працую”.

(Карэспандэнт: ) “А ці хутка ўсталюеце?”

(Буракоў: ) “А што на той шыльдзе напісаць?”

(Карэспандэнт: ) “Хіба праблема ў надпісе?”

(Буракоў: ) “Так. А шыльду можна і зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Я чуў, што было шмат прэтэнзіяў да кіраўніка гаспадаркі...”

(Буракоў: ) “Праблемы былі ў тых, хто ня ладзіў зь зялёным зьміем. Ён тут наводзіць дысцыпліну — і гэта толькі плюс. У калгасе разлад і сьпіваньне, таму да дысцыпліны тут ставяцца варожа. Я гэтага старшыню даўно ведаю. У мінулым калгасе, дзе ён працаваў, яго таксама ў штыкі ўспрымалі. А калі ён адтуль сышоў, яго пачалі згадваць як чалавека, які навёў парадак. Яго кідаюць на такія ўчасткі, дзе сама цяжка. З гэтым калгасам ніхто ня мог справіцца. Падыме ён гэты калгас і пойдзе далей. Гэта такі чалавек, які ізматвае свае нэрвы да немагчымасьці”.

Пры канцы вандроўкі ў Бялынкавічы вырашыў падзяліцца радасьцю ад сонечнага надвор’я зь вяскоўкай. Яна сядзела на лаўцы пад плотам сваёй хаты. Я далучыўся, каб крыху адпачыць.

(Карэспандэнт: ) “Якое ў вас добрае надвор’е, нібы лета!”

(Спадарыня: ) “Гэта дрэнна! Нам дождж патрэбны! Зябліва пасеялі, дажджу няма, нічога ня ўзыдзе. Калі дажджу няма, ня будзе і хлеба. 7 мільёнаў тонаў ужо не зьбяром. Наступны год можа быць галодным”.

Бялынкавічы знаходзяцца, як вяскоўцы кажуць, у анамальнай прыроднай зоне — увосень месячная колькасьць ападкаў тут не перавышае 200 мілімэтраў. Такіх кропак у Беларусі ўсяго некалькі. Тубыльцы зазначаюць, што адсутнасьць дажджоў — гэта не адзіная анамалія ў іхным жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG