Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канічы (фота)


Ягор Маёрчык, Канічы, Касьцюковіцкі раён, Магілёўшчына (эфір 27 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Надзеі Маёравай спатрэбілася дзесяць хвілінаў, каб дапаўзьці ад ганку хаты да брамы і адчыніць заблякаваныя дзьверы. Менавіта дапаўзьці, бо гэтая пэнсіянэрка ня можа хадзіць. Яна таксама ня здольная ўтрымацца на мыліцах альбо кіёчках, бо яе рукі слабейшыя за ногі. Спадарыня недаверліва глядзіць на мяне ў шчыліну плоту. Я ж у сваю чаргу спрабую пераканаць, што ёй нічога не пагражае.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень!”

(Маёрава: ) “Добры”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ня бойцеся, я вас не заб’ю, я не злачынца”.

(Маёрава: ) “А хвароба яго ведае, дзетка, цяпер нікому верыць нельга”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта правільна. А я вам магу дакумэнты паказаць”.

(Маёрава: ) “Ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “У нас на радыё ёсьць праграма пра тое, як людзі ў вёсках жывуць”.

(Маёрава: ) “Ой, дзетачка, жывуць так, што ніхто ня гляне”.

(Карэспандэнт: ) “А сацыяльны работнік?”

(Маёрава: ) “А што яна? Прыходзіць раз на тыдзень. Але што гэта за абслугоўваньне? Яна прыйшла і пайшла, а мяне прыступ як схопіць і да такой ступені ванітуе, што ўсё вантробы выцягвае. І я так двое сутак ляжу. Які ж гэта сацработнік?! А я ім за гэта яшчэ і плачу! Каб толькі сюды прэзыдэнт прыехаў і паглядзеў, што тут творыцца. Але сюды вачэй ніхто не паказвае. Я паўзком поўзаю. Так, дзетка, і жыву”.



(Карэспандэнт: ) “Калі ў вас баляць ногі, гэта можна хадзіць з кійком”.

(Маёрава: ) “Мне ўжо дзеці і мыліцы прывезьлі, але ногі мяне не трымаюць. Праўда, мне далі стары інвалідны вазок. Але ў яго ўвесь час колы спускае. Ён бяз справы і стаіць”.

(Карэспандэнт: ) “І як вы перасоўваецеся?”

(Маёрава: ) “Вы ж бачылі, як я паўзла. Вось так і поўзаю. І ўзімку так. Анучамі апутаюся, каб не было балюча каленкам. Мне нічога іншага не застаецца”.

* * * (Карэспандэнт: ) “Добры дзень! Давайце дапамагу!”

Сагнутая ад старасьці Ганна Грыгор’ева дзьвюма рукамі спрабуе выцягнуць вады. Я дапамагаю старой напоўніць вёдры, а пасьля нясу іх да хаты. Пакуль ідзем, тлумачу кабеце, што ў Касьцюковіцкім раёне Магілёўшчыны я ў камандзіроўцы. Вандрую ды распытваю вяскоўцаў пра жыцьцё-быцьцё.

Пэнсіянэрка недаверліва паглядае і маўчыць. А калі мы даходзім да сядзібы, яна загадвае, каб я пачакаў ля брамы і не заходзіў на двор. Сама зьнікае ў хаце. Праз хвіліну зьяўляецца зноў зь невялікім пакункам у руках. Разварочвае яго і, матляючы нейкай прыладай, пачынае свой аповед:

(Ганна Грыгор’ева: ) “Адзін тут зь Менску прыяжджаў ды мяне абдурыў на 45 тысяч. Дзетачка, яны хітра зрабілі. Машыну сваю далей адагналі, а сам ён ля маёй хаты застаўся. Разадзеты так шыкоўна, пантофлі лякіраваныя. Кажа: мяне зь Менску прыслалі, каб вам на лячэньне апарат перадаць. Вам, пэнсіянэрам, ён будзе каштаваць 45 тысяч. Схапіў грошы і ўсё. Гэта такія прахадзімцы, якія патрэбныя толькі грошы. А тое, што ён мне гэта жалеза прадаў... Калі ўжо няма здароўя, то жалеза гэтае яго ня дасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта масажнік, каб масіраваць цела. А вы спрабавалі ім карыстацца?”

(Ганна Грыгор’ева: ) “Не, дзетачка, яно мне сто гадоў не патрэбна”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы яму 45 тысяч паказалі?”

(Ганна Грыгор’ева: ) “У мяне грошы на стале ляжалі. Ён да мяне прыйшоў у хату”.

(Карэспандэнт: ) “А чаго вы яго ў хату пусьцілі?”

(Ганна Грыгор’ева: ) “Ён мне сказаў, што ён лекар зь Менску”.

(Карэспандэнт: ) “Трэба было ў міліцыю зьвярнуцца”.

(Ганна Грыгор’ева: ) “Я, дзетачка, нікуды не зьвярталася. Хоць бы ён тут машыну паставіў, я б тады нумар запомніла. Тады б я магла зьвярнуцца ў міліцыю. А як я цяпер буду зьвяртацца? Дзе каго яны шукаць будуць? Старым наагул дрэнна жывецца. Нам коней не даюць гароды сеяць. Мы ўжо гароды пакідалі, там бярэзьнік расьце. І гною нам не даюць. “Адпрацавалі век, атрымлівайце пэнсію, вам хутка паміраць”, — так старшыня кажа. А ў мяне і дроваў няма. І ніхто не паклапаціўся, каб прывезьці”.

(Карэспандэнт: ) “Вы зіму мерзнуць будзеце?”

(Ганна Грыгор’ева: ) “Прыйдзецца. Натуральна, калі б я зьвярнулася да прэзыдэнта, было б лепей. У мяне пляменьнік працуе побач з прэзыдэнтам, Грыгор’еў, ён амбасадарам у Маскве”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, сельсавет, ведаючы пра такое вашае сваяцтва...”

(Ганна Грыгор’ева: ) “А што той сельсавет! Дроваў-то няма!”

(Карэспандэнт: ) “А вы выпівохаў найміце, яны за бутэльку зробяць усё, што захочаце”.

(Ганна Грыгор’ева: ) “Няпраўда, дзетачка. Яны просяць за воз 10 тысяч, а тры вазы ня хопіць... А тады парэзаць — 30 тысяч, пакалоць — 15. І пэнсіі будзе мала. Я думаю, што я троху падупраўлюся, пасаджу градачку часныку, атрымаю пэнсію і паеду ў Менск. Хай мяне там да Лукашэнкі давядуць”.

Некалі ў Канічах было 400 двароў. Цяпер засталося 100 — жывуць дзе па два, а дзе і па адным чалавеку. Я крочу па адной з вуліцаў, атрымліваючы асалоду ад апошніх дзён бабінага лета: задзіраю галаву на чыстае неба і ўдыхаю сьвежае паветра. Аж у гэты момант мяне кліча Алена Котава. Пэнсіянэрка сядзіць на лаўцы і махае рукой. Маўляў, падыдзі.



(Котава: ) “Я ж пабачыла, што вы на слупы глядзіце. І я падумала, што вы начальнік па гэтай справе. А я толькі правяла тэлефон, аж ён у Данецк ня звоніць. У мяне там усе дзеці жывуць. Я толькі праз сваіх дзяцей яго і правяла. Ці “васьмёрка” не падключаная, ці што іншае — адным словам, я не датэлефанавалася. А ўжо ўзрадавалася, што пагавару зь дзяцьмі, але я іх так і не пачула. Я званіла — ні гуку, і яны мне званілі — ні гуку. Што гэта такое? Тэлефон будзе стаяць, я за яго грошы буду плаціць, а да дзяцей не датэлефануюся? Я за ўсталяваньне тэлефону заплаціла 124 тысячы. Гэта ж немалыя грошы!”

(Карэспандэнт: ) “А тэлефон усталявалі без праблемаў?”

(Котава: ) “Нумароў не было. Адзін тут пераехаў, і мне аддалі ягоны нумар. А за Лукашэнку мы будзем галасаваць і рукамі і нагамі. Ён сапраўдны гаспадар. А калі б ня ён, у нас бы ўсё разбурылася і нічога не было б”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, трэба было б абраць іншага”.

(Котава: ) “Каго?”

(Карэспандэнт: ) “Вылучылі нядаўна адзінага апазыцыйнага кандыдата — Аляксандра Мілінкевіча”.

(Котава: ) “Я пра такое ня чула. мы толькі чуем пра Пазьняка, Шушкевіча і Кебіча”.

У Канічах гарантаваная папулярнасьць майстравітаму чалавеку, які можа нешта адрамантаваць. Пытаньне, ці не зьяўляюся я майстрам-рамонтнікам, гучала часьцей за іншыя.

Пэнсіянэрка Праскоўя Грыгор’ева:

(Праскоўя Грыгор’ева: ) “Ці ня майстар вы па тэлевізары ці пральнай машыне?”

(Карэспандэнт: ) “Не, а ў вас нешта зламанае?”

(Праскоўя Грыгор’ева: ) “Зламанае. Лядоўня сьвеціць, а не марозіць. А целявізер... Ляцелі гусі і ўдарыліся аб правады, пасьля гэтага ён зусім не паказвае”.



(Карэспандэнт: ) “Можна патэлефанаваць у Касьцюковічы ды выклікаць майстра”.

(Праскоўя Грыгор’ева: ) “Дзетачка, як атрымаю пэнсію, так і зраблю. Жыву так, што напавер прашу хлеба — няма грошай. Дзякуй вялікі, што даюць. 14-га чысла атрымаю пэнсію і раздаю пазыкі. А калі раптам памру, будуць мяне толькі клясьці”.

(Карэспандэнт: ) “Як вашае жыцьцё?”

(Праскоўя Грыгор’ева: ) “Ай, дзетачка, дрэнна. У мяне кабыла жарабілася. Жарабя пабегла і ланцугом мне руку параніла. Кабыла пасьля бегла, я стала яе заварочваць, а яна мяне за бок укусіла”.

(Карэспандэнт: ) “Хіба кабылы кусаюцца?”

(Праскоўя Грыгор’ева: ) “Кусаюцца. Ды так укусіла, што баліць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы б на ФАП схадзілі”.

(Праскоўя Грыгор’ева: ) “Дзетачка, я такое гора перанесла. Захварэла і ляжала ў шпіталі, перанесла два інфра... Бачыце, нават ня выгавару, бо ніводнага зуба няма. Я на нафтабазе працавала. Залівала ў бак бэнзін. Пісталет гэты зрываўся і ўсе зубы павыбіваў. Зусім бяззубая і ніводнага слова не выгавару. У мяне было два... інфаркт”.



У Канічах ажно тры помнікі архітэктуры. Касьцёл, царква і панскі маёнтак. Усё тры разбураныя, засталіся толькі сьцены. Як называецца касьцёл і царква, у паселішчы ніхто ня ведае, прозьвішча пана, якому належыла сядзіба, — таксама. Дзядзька Іван прыгадвае, што па вайне царкву прыстасавалі пад зернясховішча, а касьцёл разбурылі яшчэ раней. Як толькі тут арганізавалі калгас, каталіцкую бажніцу пачалі разьбіраць на цэглу. Праўда, з гэтага нічога не атрымалася — такія моцныя былі сьцены. Іван прыгадвае, што ў маленстве сам аддзіраў ад сьцяны ўмураваную шыльду. Кажа, што на ёй быў пазначаны год будоўлі. Ён памятае толькі першыя лічбы: “1” і “7”.



Гэты тубылец жартуе, што хутка на адзін закінуты помнік архітэктуры ў Канічах паболее. У ваколіцах ацалела толькі два кароўнікі. Дый тыя хутка зачыняць.

(Карэспандэнт: ) “Народ тут чым займаецца?”

(Іван: ) “Займаюцца купі-прадай: там скраў — туды завёз — адтуль прывёз. А моладзь цяпер займаецца пойлам”.

(Карэспандэнт: ) “Сьпірт?”

(Іван: ) “Так. Дрэнь гэтую прывязуць, разбаўляюць разы ў два-тры і прадаюць. А пасьля чалавек выпіў — і канцы! Колькі маладых людзей ляжаць на могілках! Поўна!”

(Карэспандэнт: ) “Калі чалавек памёр, мусіць быць мэдычная экспэртыза”.

(Іван: ) “Пішуць, што сардэчная недастатковасьць. У яго матор ня вытрымаў, бо хватануў гэтай гадасьці”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе ў людзей галава? Калі людзі паміраюць — можа, яго ня піць?”

(Іван: ) “Прыкладам, я ўчора капаў бульбу. Мне трэба зь людзьмі разьлічыцца. Я пабег на кропку і набыў. Купляю і ня ведаю, што там. Пытаюся: “Самагонка?” — “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А вы не баіцеся, што людзі, якія ў вас бульбу капалі, заўтра памруць?”

(Іван: ) “Натуральна, што баюся”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, прасьцей у краме набыць гарэлкі ці чарнілаў”.

(Іван: ) “У краме аддасі 5 тысяч, а тут — 2”.

(Карэспандэнт: ) “А міліцыя на гэты сьпірт нейкім чынам рэагуе?”

(Іван: ) “Прычым тут міліцыя? Гэта сьмешна! Але калі зловяць, караюць”.

(Карэспандэнт: ) “А адмысловую апэрацыю правесьці...”

(Іван: ) “Гэта ня мае сэнсу”.

Са сьпіртам зьвязаная ўся гісторыя Канічаў. У час Расейскай імпэрыі тут быў свой сьпіртзавод. За савецкай уладай на сьпірт вазілі здаваць бульбу ў Касьцюковічы. А ў незалежнай Беларусі, пасьля таго, як скасавалі мяжу з Расеяй, сюды пайшла кантрабанда з блізкага расейскага гораду Суражу. Праблема толькі ў тым, што гэта ня той сьпірт, зь якога робяць гарэлку, гэта тэхнічная вадкасьць для мыцьця шкла. Ад яе выпівохі і труцяцца.

Жыхар Канічаў пэнсіянэр Іван Котаў выдзяляецца з сваіх аднавяскоўцаў тым, што алькаголю не ўжывае.

(Котаў: ) “Дайце мне 100 грамаў гарэлкі і прапануйце 10 тысяч, каб я выпіў. Я ня п’ю. Гэты сьпірт прывозяць, ад яго людзі падыхаюць. Чалавек дзевятнаццаць так памерла: нап’юцца, ідуць, лягуць і ўжо канцы аддаюць. Ідзівоты з ідзівотаў! Каб мне прапанавалі набыць, я б сказаў: “Пайшоў ты да чортавай галавы! Мне гэта ня трэба!”



(Карэспандэнт: ) “А чаму вы не п’яце?”

(Котаў: ) “Я пляваць на гэта хацеў”.

(Карэспандэнт: ) “Няма такога мужыка, які ня п’е. Прыкладам, на сьвята госьці прыйдуць, што вы тады рабіць будзеце?”

(Котаў: ) “Вып’ю адну лыжку. Я вам шчыра кажу, без усякага падману: адна лыжка, і мне болей не патрэбна”.

Іван Котаў — выключэньне з грамады каніцкіх мужыкоў. А тыя, хто ня могуць перамагчы спакусы пакаштаваць разьведзенага сьпірту, раней часу перасяляюцца на могілкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG