Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка Мікалая Аўтуховіча працягваецца ўжо пяць дзён


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч галадае за кратамі пяць дзён. Пра гэта паведаміла адвакат Надзея Станкевіч, якая наведала яго ў турме.

Надзея Станкевіч кажа, што Мікалай Аўтуховіч ня скардзіўся на ўмовы ў камэры, ён сказаў, што адносіны зь іншымі вязьнямі нармальныя. Адзінае, што напачатку яго пасадзілі ў асобную камэру, дзе было вельмі халодна. Зрэшты, адвакат зазначае, што ў турме па-ранейшаму халодна, паколькі яе падлучаюць да ацяпленьня заўсёды ў апошнюю чаргу.

(Станкевіч:) “Цяпер у яго пытаньняў да ўтрыманьня няма, але ён з 14-га кастрычніка, з моманту затрыманьня, як абвясьціў галадоўку, так і галадае. Ня выключана, што апынецца на шпітальным ложку толькі таму што галадае. І гэтая галадоўка ягоная, вы ведаеце, ня першая за апошнія паўгода. Мы будзем прасіць, канешне, каб яму зьмянілі меру стрыманьня, але гэта ўжо будзе вырашаць суд”.

Нагадаю, што за паўгода Мікалай Аўтуховіч трэці раз абвясьціў галадоўку, апошнюю — ужо за кратамі. Надзея Станкевіч кажа, што выглядае арыштаваны прадпрымальнік ня вельмі добра. Праўда, яна зможа часта сустракацца зь ім у турме, паколькі ў яе як у адваката абмежаваньняў для наведваньня свайго кліента няма. Такім чынам, яна будзе ведаць аб ягоным становішчы і стане здароўя.

Што датычыць радыётаксовак Мікалая Аўтуховіча у Ваўкавыску, дык упраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў апісала дзевяць машын, якія ў прадпрымальніка ўзяла ў арэнду фірма “Ніка-транс”. Гэта зроблена, каб у будучыні было магчыма забраць ў яго маёмасьць. Паводле крымінальнай справы супраць Аўтуховіча, яго абвінавачваюць у тым, што ён не даплаціў падаткі на суму 679 мільёнаў рублёў. Справа распачатая паводле другой часткі артыкулу 243, які прадугледжвае зьняволеньне ад трох да сямі гадоў і таксама канфіскацыю маёмасьці.

У офісе Мікалая Аўтуховіча у Ваўкавыску мне сказалі, што кіроўцы цяпер баяцца, што апісаныя таксоўкі змогуць забраць і яны страцяць працу. Усяго на машынах, якія належаць прадпрымальніку, працуе каля сарака кіроўцаў.

***

Мікалай Аўтуховіч за два гады правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы таксовак, таму акцыі рабіліся масавымі, у іх удзельнічалі больш за трыццаць чалавек. Першая галадоўка адбылася ў кастрычніку 2003 году, другая — увесну сёлета, апошняя — пры канцы верасьня.

Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў, накладзеных падатковай службай, а два гады таму і супраць арышту таксовак, якія яму належаць. Спадар Аўтуховіч таксама змагаўся за скасаваньне штрафных санкцыяў, якія дасягнулі амаль мільёну даляраў, у судах. Пры канцы верасьня Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіў накіраваць справу прадпрымальніка на новы разгляд, і ён спыніў галадоўку. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG