Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі друк: “бандэраўскія набегі” пазбавілі беларусаў вітамінаў


Сяргей Абламейка, Прага Штодзень многія расейскія газэты прысьвячаюць артыкулы падзеям у Беларусі. Характар публікацыяў залежыць ад агульнай накіраванасьці выданьняў.

Расейская “Парламентская газета” зьмяшчае сёньня артыкул “Кангрэс для апазыцыі”. Артыкул мае пяць абзацаў і амаль цалкам складаецца з цытатаў Аляксандра Лукашэнкі без камэнтароў да іх. Заканчваецца артыкул словамі беларускага кіраўніка, які сказаў, што загадаў сваім чыноўнікам аказаць дапамогу апазыцыі ў правядзеньні Кангрэсу Дэмакратычных сілаў. “Хай праводзяць яго ў Менску. Хто будзе ведаць аб ім? Людзі і так плююцца. Нашто нам гэтая апазыцыя?” – цытуе газэта Аляксандра Лукашэнку і забываецца нагадаць чытачам, што беларускія ўлады цалкам кантралююць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, а многім недзяржаўным адмоўлена ў праве друкавацца і свабодна распаўсюджвацца ў краіне.

“Лукашэнка забараніў апазыцыю сабе” – так называецца сёньняшняя публікацыя у “Независимой газете”. Газэта сьцьвярджае, што ўлады Беларусі спрабуюць абясшкодзіць апазыцыю і прыдумалі, як гэта зрабіць. Цяпер Міністэрства юстыцыі будзе рэгістраваць ня толькі асобныя партыі і грамадзкія рухі, але і “рухі, ініцыятывы і кааліцыі”, у якія могуць уваходзіць беспартыйныя грамадзяне. “Наша яшчэ ненароджанае дзіця абвешчана па-за законам” – так для “Независимой газеты” пракамэнтаваў сытуацыю лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі абвясьціла пачатак афіцыйнага расьсьледаваньня з нагоды росту імпарту белага цукру зь Беларусі. Аб гэтым сёньня піша “Коммерстантъ”. Расьсьледаваньне пачатае на просьбу Зьвязу вытворцаў цукру Расеі. У заяве Зьвязу сьцьвярджаецца, што цяпер мае месца выцясьненьне расейскіх вытворцаў цукру з унутранага рынку. Толькі за 2002 год доля расейскіх вытворцаў на ўнутраным рынку скарацілася з 92 працэнтаў да 88, а беларускіх узрасла з 5 да 7 з паловай.

На агульным тле вылучаецца публікацыя ў расейскай “Трибуне”. Газэта з дапамогай зьдзеклівых украінізмаў расказвае чытачам пра (цытую) “бандэраўскія набегі” на Беларусь. Узмоцненыя патрулі памежных войскаў Беларусі, – піша “Трибуна”, – перакрылі мяжу з Ўкраінай. Але ўсё роўна кожны дзень па глухіх сьцежках дзясяткі тысяч “самостийных украинских громадян” спрабуюць прарвацца у беларускія пушчы ў разгар збору журавін. Тое самае было і ўлетку з ураджаем чарніцаў. Гэтыя “бандэраўскія набегі” па журавіны , – піша “Трибуна”, – практычна пазбавілі беларусаў вітамінных ягадаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG