Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў ААН выступае А.Лукашэнка


Кастусь Бандарук, Прага Працягваецца саміт ААН у Нью-Ёрку з удзелам усясьветных лідэраў. Сёньняшнія прамовы і сустрэчы будуць тычыцца пытаньняў, якія выклікаюць найболей спрэчак і рознагалосьсяў: структуральнай рэформы Рады Бясьпекі ААН, а таксама глябальнай барацьбы з беднасьцю.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан лічыць, што наагул праект рэзалюцыі 60-га саміту ААН расчароўвае. “Сапраўднай ганьбай” ён назваў той факт, што ў дакумэнце нічога не гаворыцца пра разбраеньне і нераспаўсюджаньне зброі масавага зьнішчэньня.

(Анан: ) “Давайце будзем шчырымі паміж сабою і ў дачыненьні да народаў-сяброў ААН: Мы яшчэ не дасягнулі поўнай і фундамэнтальнай рэформы, якая на маю думку і на думку многіх, патрэбная. Глыбокія рознагалосьсі, у тым ліку абгрунтаваныя і легітымныя, адыгралі сваю нэгатыўную ролю і не дазволілі дасягнуць гэтага”.

Рэформа Рады Бясьпекі і дапамога бедным краінам зьяўляюцца бадай галоўнымі пунктамі дэклярацыі 60-га саміту ААН. У праекце дэклярацыі гаворыцца, што высока разьвітыя краіны павінны да 2010 году прызначаць на барацьбу з беднасьцю 0,5% свайго ўнутранага валавага прадукту, а да 2015 году, павялічыць гэты ўклад да 0,7%.

Прэзыдэнт Танзаніі Бэнджамін Ўільям Мкапа асудзіў багатыя краіны за эгаізм і абыякавасьць да лёсу бедных. “Калі разьбіваецца самалёт, мы адразу пасьпяшаем з дапамогай, але пры гэтым забываемся, што 30 тысяч дзяцей штодня паміраюць ад голаду, гэта ўсё роўна, што разьбівалася б 100 такіх самалётаў”.

Прэм’ер Даніі Ян-Пэтэр Балькэнэндэ заявіў, што эўрапейскія краіны гатовыя павялічыць дапамогу бедным краінам, але пажадана, каб тое самае зрабілі ЗША ды іншыя, разьвітыя краіны. Учора Джордж Буш падтрымаў гэтую ідэю, якая дарэчы фігуравала ў юбілейных плянах 2000 году на наступныя 15 гадоў.

Пакуль няма адзінства і ў пытаньні рэформы Рады Бясьпекі ААН. Некаторыя краіны, у прыватнасьці, Японія і ФРН хочуць атрымаць для сябе статус сталых сяброў Рады. Яшчэ іншыя краіны патрабуюць павялічыць Раду зь цяперашніх 15 да 25 сяброў. Аднак супраціўляюцца гэтаму праекту Злучаныя Штаты і Кітай. Яны лічаць, што пашыранай Радзе было б яшчэ цяжэй прыймаць рашэньні, чым у цяперашнім меншым складзе. У праекце дэклярацыі саміту гаворыцца, што “неабходна падтрымаць як мага хутчэйшую рэформу Рады Бясьпекі ААН”, аднак не ўдакладняецца, у чым будзе палягаць гэтая рэформа і калі яна будзе праведзеная.

Сёньня з прамовамі выступаюць прэзыдэнты Кітаю, Расеі, Ірану й Беларусі, а таксама прэм’еры Ізраілю, Францыі і Японіі.

Наагул, праект дэклярацыі саміту зьяўляецца вынікам кампрамісу. Група ў складзе 32 экспэртаў падрыхтавала дакумэнт, у якім акрамя рэформы Рады Бясьпекі гаворыцца пра стварэньне Камісіі будаваньня міру. Яна будзе дапамагаць краінам, якія выходзяць з крызысу пасьля ўзброеных канфліктаў. Трэцім, галоўным пунктам зьяўляецца пытаньне замены Камісіі правоў чалавека новай Радай чалавечых правоў. Старую камісію, у склад якой ўваходзілі 60 краінаў неаднойчы папракалі за тое, што ў яе склад ўваходзяць краіны, якія самі парушаюць правы чалавека і нічога з гэтым нельга зрабіць.

Учора Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю у справе барацьбы з тэрарызмам. Паводле яе, усе краіны павінны прадухіляць тэрарызм і ўхваліць такія законы, якія будуць забараняць любое падштурхоўваньне да тэрарызму. З праектам рэзалюцыі выступіла Вялікабрытанія пасьля тэрактаў 7 ліпеня. Рада Бясьпекі падпісала таксама Канвэнцыю супраць ядзернага тэрарызму, якая ўзмацняе кантроль за ядзернымі матэрыяламі, каб яны не трапілі ў рукі тэрарыстаў. Паводле генэральнага сакратара ААН Кофі Анана, упершыню міжнародная супольнасьць згадзілася актыўна рэагаваць на выпадкі генацыду, ваенныя злачынстваў і этнічныя чысткі.

Гл. таксама • Лукашэнка выступіў у ААН – заклікаў вызваліць Мілошавіча і Хусэйна
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG