Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс улады ва Ўкраіне і рэакцыя на яго ў суседніх дзяржавах


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: палітоляг Косьць Бандарэнка з Кіева і журналістка газэты “Белорусский рынок” Марыя Садоўская зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Усьлед за скандальнай адстаўкай Дзяржсакратара Ўкраіны Зінчанкі ў чацьвер у адстаўку адпраўленыя сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Пётар Парашэнка і ўрад Юліі Цімашэнкі. Такім чынам, відавочны крызіс улады, распад каманды, якая прыйшла да ўлады ў выніку аранжавай рэвалюцыі крыху больш як паўгоду таму. Якія прычыны такога разьвіцьця падзеяў? Гэта лягічны вынік распаду разнароднай кааліцыі, якая аб’ядналася на аснове непрыняцьця старой улады ці нешта іншае?”

(Косьць Бандарэнка: ) “Падчас аранжавай рэвалюцыі было заяўлена пра некалькі момантаў, якія неабходна зьмяніць ва ўкраінскім грамадзтве. Аднак ніводзін з гэтых момантаў ня быў выкананы. Гаварылася пра тое, што неабходна поўнасьцю ліквідаваць сыстэму, створаную ў час Кучмы. Гарантыяй такой зьмены магла б стаць канстытуцыйная рэформа. І мы бачылі, што канстытуцыйную рэформу імкнуліся затармазіць альбо ўвогуле адмовіцца ад яе.

Таксама гаварылася пра прафэсіяналізацыю ўлады, пра тое, што да ўлады прыйдуць ня кляны, а каманда людзей, якія бачаць, як патрэбна зьмяніць уладу, у якім рэчышчы дзейнічаць. Але нічога гэтага не адбылося. Прыйшла новая ўлада агрэсіўных дылетантаў, людзей, якія не разумелі, што патрэбна рабіць у эканоміцы, выкарыстоўвалі эканамічныя чыньнікі для нарошчваньня свайго палітычнага капіталу. Больш за тое, пачаліся супярэчнасьці паміж Юліяй Цімашэнкай і Віктарам Юшчанкам і ягоным атачэньнем. Фактычна, ужо летам 2005 году пачалі казаць, што не існуе аднаго цэнтру прыняцьця рашэньняў, а існуюць як мінімум два такія цэнтры: Цімашэнка і Юшчанка.

Нарэшце на пры канцы жніўня — напачатку верасьня людзі з атачэньня Цімашэнкі пачалі ва ўльтыматыўнай форме размаўляць з прэзыдэнтам, казаць, што атачэньне прэзыдэнта карумпаванае. І такім чынам прэзыдэнт у гэтай сытуацыі мусіў дзейнічаць. Ён вырашыў ліквідаваць такую сытуацыю існаваньня двух цэнтраў, асабліва напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Юшчанка мусіў ісьці ва-банк, паказаць сваю сілу. І таму ён адправіў у адстаўку ўсе бакі канфлікту. Тым самым прэзыдэнт прадэманстраваў, што рэальна ўладная кааліцыя перастала быць адзінаю камандаю. І тое, што ў адстаўку пайшлі і Зінчанка, і Парашэнка, і Цімашэнка, можа сьведчыць пра тое, што прэзыдэнт узмацняе свае ўладныя пазыцыі. І ў той жа час ён дае магчымасьць Юліі Цімашэнцы і яе прыхільнікам фармаваць яшчэ адну апазыцыю ва Ўкраіне”.

(Карбалевіч: ) “Сацыёлягі зьвярнулі ўвагу, што крызісу ўлады спадарожнічае крызіс даверу. Рэйтынгі і прэзыдэнта Юшчанкі і ўраду Цімашэнкі зьніжаюцца. Чым вы гэта патлумачыце?”

(Бандарэнка: ) “Справа ў тым, што рэйтынгі — гэта такая рэч, на якую мала ўплываюць унутраныя палітычныя канфлікты, але моцна ўплываюць зьнешнія паказчыкі. Новая ўлады больш займалася вырашэньнем палітычных пытаньняў, зьвядзеньнем рахункаў з старою ўладаю, сваімі апанэнтамі, займалася пражэктэрствам, гаварыла, што нас хутка прымуць у Эўразьвяз і мы зажывём новым жыцьцём, чым займалася рэальна эканамічнымі пытаньнямі. Як вынік, пачалі рэзка расьці цэны на мяса, хоць Цімашэнка абяцала, што не дапусьціць іх росту і нават даможацца іх зьніжэньня. Цэны на бэнзін павялічыліся больш як у два разы. Цяпер чакаецца цукровы, збожжавы і іншыя крызісы.

Акрамя таго, пачаліся рэпрыватызацыйныя працэсы, якія прывялі да фактычнага паралюшу дзейнасьці некалькіх вялікіх прадпрыемстваў у Днепрапятроўскай, Харкаўскай і іншых індустрыяльных абласьцях, якія значна папаўнялі ўкраінскі бюджэт. Як вынік, гэтыя вобласьці перасталі выконваць пляны напаўненьня бюджэту.

Такім чынам, падзеньне рэйтынгу ўлады — гэта вынік нязьдзейсьненых чаканьняў. Насельніцтва ўбачыла, што тыя спадзяваньні, якія яно ўскладала на новую ўладу, ня зьдзейсьніліся”.

(Марыя Садоўская: ) “Зь беларускага гледзішча тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, вельмі важна як для ўлады, так і для дэмакратычных сілаў Украіны. Таму што ў пэўным сэнсе Ўкраіна стала мадэльлю разьвіцьця для краінаў рэгіёну. Таму нашая ўлада будзе зацікаўленая ў тым, каб у мэдыях падаваць найбольш скандальныя моманты сытуацыі ва Ўкраіне, паказваць, што любая дэмакратычная рэвалюцыя прывядзе да такога ж выніку, як ва Ўкраіне. Будуць казаць, што новая пострэвалюцыйная ўладная каманда пасварылася з-за грошай.

А для дэмакратычных сілаў у Беларусі важна зрабіць высновы, што аб’ядноўвацца трэба ня толькі дзеля перамогі над рэжымам, але і дзеля наладжваньня сталай і стабільнай працы новай уладнай каманды. То бок галоўны досьвед апошніх падзеяў ва Ўкраіне — гэта неабходнасьць ня толькі перамогі дэмакратыі, але і ўтрыманьня перамогі”.

(Карбалевіч: ) “Расейскія тэлеканалы надалі значную ўвагу адстаўцы дзяржсакратара Ўкраіны Зінчанкі, ягоным абвінавачаньням у карупцыі найбліжэйшага атачэньня Юшчанкі. Падалося, што гэта рабілася з задавальненьнем і нават зларадна. Чым вы патлумачыце такую рэакцыю расейскіх тэлеканалаў?”

(Бандарэнка: ) “Справа ў тым, што Расея вельмі ўвязалася ў падзеі ва Ўкраіне і вельмі ўважліва сочыць за тым, што там адбываецца. І гэта ня дзіўна. Расея зрабіла ў свой час стаўку на Віктара Януковіча. Нават Пуцін прыяжджаў ва Ўкраіну і амаль што агітаваў за Януковіча напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У выніку Масква прайграла гэтую кампанію. І цяпер яна шукае моманту, каб з такой злараднасьцю глядзець на сытуацыю ва Ўкраіне”.

(Садоўская: ) “Я магу пагадзіцца з спадаром Бандарэнкам у тым, што расейскі бок зацікаўлены ў тым, каб атрымаць нейкі рэванш за тую палітычную паразу, якую ён перажыў падчас памаранчавай рэвалюцыі. Але акрамя таго Аляксандар Зінчанка ў камандзе Юшчанкі быў адным з тых, каго прызначылі на высокую пасаду ў тым ліку і таму, што ён меў моцныя сувязі ў Расеі. Таму палітычныя аглядальнікі не выключаюць, што ягоныя дзеяньні і выказваньні могуць быць інсьпіраваныя Масквою. Таму натуральна, што ў такім разе расейскія тэлеканалы будуць надаваць яму шмат увагі.

Але галоўнае тлумачэньне такой пазыцыі расейскіх мэдыяў палягае ў тым, каб паказаць, што ва Ўкраіне ўсё нестабільна, што Пуцін меў рацыю, калі падтрымліваў іншы бок. І яшчэ расейскія мэдыі імкнуцца паказаць заганы дэмакратыі, што нараджаецца, каб у насельніцтва стварылася ўражаньне, што лепш стабільная недэмакратычная краіна, чым нестабільная дэмакратыя”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што беларуская апазыцыя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ускладвае пэўныя надзеі на беларускі “Майдан”. Акрамя таго, паводле папярэдняй інфармацыі аб’яднаная апазыцыя плянуе правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў у Кіеве. А гэта мае пэўнае сымбалічнае значэньне. Так бы мовіць, беларуская дэмакратычная супольнасьць прымае эстафэту аранжавай рэвалюцыі. Як могуць паўплываць гэтыя гучныя адстаўкі, крызіс улады ва Ўкраіне на пазыцыі беларускай апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў?”

(Садоўская: ) “Тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, добра ілюструе словы былога дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт, якія яна сказала на мінулым тыдні падчас сьвяткаваньня юбілею ўтварэньня “Салідарнасьці” ў Польшчы. Яна адзначыла, што недастаткова выбраць колер і выйсьці на вуліцу, каб у краіне ўсталявалася дэмакратыя. Таму што дэмакратыя — гэта цяжкая праца, якую трэба рабіць пасьля таго, як сыходзіць эўфарыя свабоды.

У гэтым сэнсе кожная краіна, якая выбірае шлях трансфармацыі, падобны да ўкраінскага, пройдзе такія ўрокі падзеяў пасьля пераменаў. І тое, як Украіна выйдзе з гэтай сытуацыі, павінна стаць добрым урокам для беларускіх дэмакратычных сілаў. Калі беларускія апазыцыйныя сілы цяпер вывучаць урокі Ўкраіны, то змогуць не дапусьціць падобных памылак у будучыні. Акрамя таго, трэба вельмі адказна ставіцца ўжо цяпер да таго, якая каманда будзе прэтэндаваць на перамогу. Таму што на ўкраінскім досьведзе мы бачым, што асобы, якія несумяшчальныя адна з другой, могуць уплываць на разьвіцьцё сытуацыі такім чынам, калі пад пагрозу ставяцца дэмакратычныя заваёвы”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, крызіс улады ва Ўкраіне — гэта падзея, якая набывае міжнародны рэзананс. З аднаго боку, распад старых і стварэньне новых кааліцыйных уладных камандаў — гэта адзін з нармальных і важных чыньнікаў дэмакратыі. Зь іншага боку, гэта, безумоўна, сьведчаньне сур’ёзных праблемаў, зь якімі непазьбежна сутыкаецца пострэвалюцыйная ўлада ў пераходных краінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG