(Барусевіч:) "Польшча выступіла супраць тых санкцыяў адносна Беларусі, якія хацеў увесьці Эўразьвяз. Гэта тлумачыцца тым, што мы суседзі і мусім разам вырашаць некаторыя канкрэтныя пытаньні. Акрамя таго, мы не хацелі абцяжарваць жыцьцё польскай меншасьці ў Беларусі. Гэтыя дзьве падставы давалі нам магчымасьць выступіць супраць санкцыяў Эўразьвязу. Больш таго, калі Эўразьвяз забараніў выдаваць уязныя візы некаторым беларускім асобам, Польшча не зрабіла такі крок. Цалкам верагодна, што Польшча пасьля парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў выступіць зь ініцыятывай у Эўрапарлямэнце ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Гандлёвы абарот Беларусі з краінамі Эўразьвязу апошнім часам складае амаль 40%. Гэта сур’ёзны аргумэнт".
Перадусім Богдану Барусевічу яшчэ трэба быць абраным у парлямэнт сваёй краіны. Уявім, што так і адбудзецца. Але ці падтрымаюць ягоныя захады іншыя дэпутаты? Гэты аспэкт разам з маім менскім калегам Раманам Якаўлеўскім мы абмяркоўвалі падчас нашай размовы з былым міністрам замежных справаў Польшчы, цяперашнім дэпутатам Эўрапарлямэнту Браніславам Герэмкам. Пан Герэмак упэўнены, што Эўропа падтрымае такія ініцыятывы. Былы міністар падкрэсьлівае: беларускі рэжым зьяўляецца фактарам дэстабілізацыі ў рэгіёне і на гэта трэба адпаведна адрэагаваць:
(Герэмак:) "У Эўразьвязе да нядаўняга часу мела вагу перакананьне, што Беларусь -- гэта або страчаная справа і таму няма сэнсу ёй займацца, або там не дазволяць нічога зрабіць. І толькі апошнім часам, перадусім пад уплывам прадстаўнікоў Польшчы і Літвы, пачынаюць разумець, што трэба дзейнічаць больш рашуча. І цяпер надзвычай важна, каб справа Беларусі ў Эўропе не разглядалася як справа Польшчы, Славаччыны ці Літвы, а як справа ўсёй Эўропы. Думаю, што мы тут знайшлі правільны кірунак".
Варта нагадаць, што парлямэнцкія выбары ў Польшчы прызначаныя на 25 верасьня. А ўжо ў кастрычніку тут пройдуць і выбары прэзыдэнцкія. Віцэ-сьпікер польскага сэйму і кандыдат на пасаду прэзыдэнта Дональд Туск, які наведваў ў мінулым месяцы Беларусь, каб выказаць падтрымку актывістам СПБ на чале з Анжалікай Борыс, паводле апытаньняў, выйшаў на першае месца ў прэзыдэнцкай гонцы. Ён значна абагнаў сваіх бліжэйшых канкурэнтаў -- мэра Варшавы Леха Качыньскага і цяперашняга сьпікера сэйму Уладзімежа Цімашэвіча.