Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьменяць пэнсійнае заканадаўства і павысяць пэнсіі


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства працы й сацыяльнай абароны падрыхтавала праект паправак у дзейнае заканадаўства аб пэнсійным забесьпячэньні. У часе адпаведнай нарады іх падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік краіны распарадзіўся таксама з 1 верасьня падвысіць усе віды пэнсій. Чыноўнікі тлумачаць гэта эканамічнымі перадумовамі й патрэбаю рэформы пэнсійнай сыстэмы. Незалежныя экспэрты зьвязваюць гэтыя крокі уладаў з прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году.

У Міністэрстве працы заяўляюць, што пераразьлік пэнсій праводзіцца, калі сярэдні заробак па краіне павялічваецца на 15%. Цяпер такое павелічэньне складае 12%, аднак пэнсіі ўсё роўна будуць падвышаны прыкладна на 11%. У справе рэфармаваньня пэнсійнага заканадаўства чыноўнікі прапануюць замацаваць неабходнасьць налічэньня пэнсій толькі пры ўмове працоўнага стажу ня менш за пяць гадоў; даць магчымасьць рабіць унёскі ў пэнсійны фонд асобам, якія цяпер працуюць за мяжой; замацаваць гарантыі пэнсійнага забесьпячэньня людзям, якія атрымалі калецтвы на вытворчасьці. А галоўнай мэтай рэфармаваньня ёсьць пошук дадатковых сродкаў для пэнсійнай сыстэмы — заявіла кіраўніца ўправы Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва.

(Каралёва: ) “Дадаткова можа быць знойдзена каля 21 мільярда рублёў, дзякуючы прапанаваным зьменам у заканадаўстве. Гэта быццам бы й не вялікая сума, аднак яна можа быць накіравана на падвышэньне ўзроўню пэнсійнага забесьпячэньня й сацыяльнай абароны пэнсіянэраў ужо бліжэйшым часам”.

З насьпеласьцю ўдасканаленьня пэнсійнага заканадаўства пагаджаюцца таксама й незалежныя экспэрты. Яны заяўляюць: сёньня пэнсійная сыстэма зладавана такім чынам, што бальшыня пажылых людзей атрымлівае прыкладна аднолькавыя пэнсіі (для іх дзейнічае прынцып “ураўнілаўкі”), а максымальна высокія пэнсіі налічваюцца асобнай катэгорыі чыноўнікаў.

Існуе таксама шмат іншых хібаў. Аднак тое, што ўлады прапануюць у якасьці пэнсійнай рэформы сёньня, ёсьць перадвыбарчым піярам — кажа намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) “Казаць пра такія рэформы — сарамата нейкая. Гэта маленькія ўдакладненьні, якія выдаюць за рэформы. А рэформа патрэбна агульная, вельмі вялікая. Яна тычыцца пераходу на пэрсанальны ўлік пэнсійных адлічэньняў. Гэта перадвыбарчы піяр для Лукашэнкі, бо ён галоўны й вось які добры. Ніякіх рэформ не было й ня будзе пры гэтым рэжыме”.

Паводле незалежных эканамістаў, праблема пэнсійнай рэформы будзе ўзрастаць і надалей у зьвязку са старэньнем насельніцтва Беларусі. Так, апошнімі гадамі колькасьць пэнсіянэраў павялічылася з 46 да 60 чалавек на кожную сотню людзей працаздольнага ўзросту. Гэткім чынам, сёньня ў краіне налічваецца 2,5 мільёны пэнсіянэраў, альбо 26% адносна працоўнага насельніцтва. Паводле прагнозаў, да 2025 году пэнсіянэры складуць 32% жыхароў краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG