Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд распачаў разгляд пазову мэдцэнтру “Нардзін”


Галіна Абакунчык, Менск У Вышэйшым гаспадарчым судзе распачаліся судовыя слуханьні паводле пазову прыватнага мэдычнага цэнтру “Нардзін” да Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва кампаніі просіць прызнаць незаконным рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі цэнтру — на мэдычную дзейнасьць. Падставай для гэтага сталася, нібыта, адсутнасьць належнай кваліфікацыі некаторых спэцыялістаў. Паводле аналягічных прычынаў зь Міністэрствам аховы здароўя судзяцца яшчэ дзьве камэрцыйныя мэдычныя кампаніі: “Экамэдсэрвіс” і “Аптымэд”.

Судовыя слуханьні праходзяць за зачыненымі дзьвярыма. Аб гэтым хадайнічала кіраўніцтва “Нардзіну”, спасылаючыся на патрэбу захаваньня мэдычнай таямніцы. Як паведамілі ў Вярхоўным судзе, паседжаньне распачалося раніцай і доўжылася цягам усяго дня. Былі прапановы адкласьці слуханьні, аднак і заяўнікі й адказчыкі пажадалі, каб судовае рашэньне было прынята як найхутчэй.

Нагадаю, што ў Вышэйшым гаспадарчым судзе таксама разглядаецца аналягічны пазоў да Міністэрства аховы здароўся яшчэ дзьвюх прыватных мэдычных кампаніяў — “Экамэдсэрвіс” і “Аптымэд”. Суд прыпыніў працэс і запатрабаваў ад Міністэрства аховы здароўя дадатковых тлумачэньняў. У гэтых кампаніях спадзяюцца, што суд вынесе рашэньне на іхную карысьць. У “Нардзіне” афіцыйных камэнтароў пакуль не даюць, але ў прыватных гутарках кажуць, што такіх спадзяваньняў ня маюць. Меркаваньня, што прыватным кампаніям трэба рыхтавацца да горшага, трымаецца таксама лідэр грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка.

(Шумчанка: ) “Не для таго забіралі ліцэнзіі, каб затым з дапамогай нашага, нібыта, гуманнага суду іх вярнуць. Калі ў нас Канстутыцыйны суд не валодае вяршэнствам закону, то што ўжо можна казаць пра звычайныя суды. Ніякага даверу да гэтай сыстэмы няма. Мяркую, што мы пабачым яшчэ не адзін выпадак ануляваньня ліцэнзіяў у прыватных кампаніях. Тым больш, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў усё будзе сур’ёзна “зачышчацца” і гэткім чынам будуць падавацца знакі іншым незадаволеным, якія асьмеляцца пахіснуцца ці пайсьці, ня дай бог куды-небудзь у бок ад улады”.

Толькі сёлета Міністэрства аховы здароўя анулявала ліцэнзіі на мэдычную дзейнасьць у 23 кампаніяў рознай формы ўласнасьці.

Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка падчас сваіх выступаў неаднойчы выказвалася ў падтрымку разьвіцьця прыватных мэдычных паслугаў. Адначасна яна заяўляе, што Міністэрства аховы здароўя распачынае ствараць сетку дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзе цалкам платнае. Гэтаму папярэднічала комплексная праверка, арганізаваная Камітэтам дзяржкантролю ў дачыненьні трох буйных прыватных мэдычных цэнтраў “Экамэдсэрвіс”, “Нардзін” і “Сучасная мікрахірургія вока”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG