Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: Ці патрэбна ў Беларусі сьмяротнае пакараньне?


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўнік краіны прапанаваў Палаце прадстаўнікоў разгледзіць законапраект аб папраўках у Крымінальны кодэкс Беларусі, які прадугледжвае магчымасьць адмены сьмяротнага пакараньня. Аднак гэта немагчыма зрабіць без скасаваньня вынікаў усенароднага рэфэрэндуму 1996 года, паводле якога 85% грамадзянаў краіны выказалася за захаваньне так званай “вышкі”.

Адначасна старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч заяўляе, што “Сьмяротнае пакараньне можа й павінна ўжывацца як прэвэнтыўная мера”. Дык ці патрэбна ў Беларусі сьмяротнае пакараньне?

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да патрэбы сьмяротнага пакараньня ў Беларусі: патрэбнае яно альбо не й чаму?”

(Спадар: ) “Я думаю, што патрэбна. Чаму? Вельмі ў нас шмат выпадкаў здараецца, калі наўмысна забіваюць людзей. Да прыкладу, мы тры месяцы працуем у парку Чалюскінцаў, а за гэты час адбылося чатыры такія выпадкі. І ўсё гінуць маладыя дзяўчаты 17-19 гадоў. Таму я лічу, што патрэбна”.

(Спадар: ) “Адначасна патрэбна. Таму што калі чалавек не наўмысна стаўся прычынаю сьмерці, то тады трэба выкарыстоўваць іншую форму пакараньня. Але калі калі нейкі мярзотнік ходзіць і забівае па 10-15 чалавек, а я яшчэ й павінен яго ўтрымліваць? Я лічу, што такім мярзотнікам увогуле ня месца ў нашым грамадзтве.”

(Спадарыня: ) “Калі гэта вельмі цяжкае злачынства, то сьмяротная кара мусіць быць. Такіх людзей трэба зьнішчаць”.

(Спадар: ) “Пазбаўляць быцьця, як кажуць, толькі Ўсявышні можа. Але бываюць моманты, калі гэта неабходна рабіць. Думаю, варта ўвесьці маратор на сьмяротнае пакараньне”.

(Спадарыня: ) “Калі гэта тэрарызм, калі гвалт над людзьмі адбываецца наўмысна, то гэта адназначна. Ну як яны могуць жыць, калі яны забіваюць дзяцей? Але ж здараецца таксама, што чалавек учыняе забойства ў нейкім сваім глыбокім душэўным непарадку. І спадзявацца на Фэміду, што яна разьбярэцца што да чаго – таксама ня варта. Складанае пытаньне”.

(Спадар: ) “Патрэбна. Бо бандыты, якія забіваюць людзей павінныя адказваць за свае злачынствы. Я за тое, каб сьмяротнае пакараньне не адмянялі ніколі. Забіў – значыць – сьмерць за сьмерць”.

(Спадарыня: ) "Напэўна так, калі зьдзяйсьняецца вельмі сур''ёзнае злачынства. Канечне, у кожным выпадку варта індывідуальна падыходзіць, але я не выключаю такой магчымасьці”.

(Юначка: ) “Я супраць сьмяротнага пакараньня, бо я набожны чалавек. Гэта вялікі грэх і мы ня маем права пазбаўляць жыцьця іншага чалавека”.

(Спадар: ) “Цяжкае пытаньне ўвогуле, але, пэўна не патрэбна яно. Хто яго ведае, ці папярэджвае гэта злачынствы, а тым больш ці пакараньне гэта чалавеку? Лепш няхай так пакутуе, бо гэта цяжэй. А сьмерць гэта што – раз – і няма чалавека”.

“Як заяўляе міжнародная арганізацыя “Amnesty International”, Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, якая ўжывае сьмяротнае пакараньне. У краінах пасьлясавецкай прасторы гэтую форму пакараньня выкарыстоўвае толькі Ўзбэкістан. Расея ды Ўкраіна трымаюць маратор на пакараньне сьмерцю. Паводле іншых праваабарончых арганізацыяў, сьмяротнае пакараньне таксама шырока распаўсюджанае ў сьвеце. Так, ў 58 краінах, у тым ліку ў Японіі, жыцьця пазбаўляюць праз шыбеніцу. У шасьці краінах Сярэдняга Ўсходу вінаватага асуджаюць да забойства камянямі. У трох краінах сьвету злачынцу адсякаюць галаву. 73 краіны, у тым ліку Кітай і Беларусь, выкарыстоўваюць расстрэлы. Сьмяротнае пакараньне таксама застаецца адной зь мераў пакараньня ў шэрагу штатаў ЗША”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG