Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі павялічваецца колькасьць мусульманаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Паводле спэцыялістаў Інстытуту сацыялёгіі, сёньня ў Беларусі жыве каля трыццаці тысяч мусульманаў. Траціна зь іх - беларускія татары, якія маюць сваю шасьцісотгадовую гісторыю пражываньня на тэрыторыі Беларусі. А каля дваццаці тысяч - эмігранты з былых савецкіх рэспублік, Аўганістану, Ірану ды некаторых арабскіх краінаў. Трэцяя катэгорыя - нэафіты: людзі, якія нядаўна прынялі іслам. Чым адметныя мусульмане ў Беларусі? Як татары суіснуюць са сваімі адзінаверцамі зь іншых краінаў? Хто яны - новыя беларусы-мусульмане?

Мячэць на менскай вуліцы Грыбаедава. Пятніца, мула заклікае вернікаў да малітвы. Не, вы не пачуеце зьдзіўленых ці абураных жыхароў раёну, якія рэагуюць на нязвыклы беларускаму вуху гук. Голас мулы запісаны на стужку, і гучыць у памяшканьні: без практычнай мэты, а хутчэй, як аздабленьне вялікай будаўнічай бытоўкі, дзе моляцца менскія мусульмане: беларускія татары, іншаземцы і нэафіты.

Уласна будынак мячэці будуюць адзінаццаты год. Побач мізар - старыя мусульманскія могілкі. Мусульманскае селішча на гэтым месцы вядомае ад XV стагодзьдзя пад назвай Татарскія агароды. Зрэшты, духоўны цэнтар сучасных беларускіх татараў ня Менск, а Іўе. Менавіта ў гэтым заходнебеларускім мястэчку цяпер жыве найбольшая татарская грамада. Пра сваё роднае мястэчка гаворыць Абубікір Шымановіч:

(Шымановіч: ) "Там і мізары ў доглядзе, там і дзьверы мячэці не зачыняліся цягам амаль шасьці стагоддзяў. Таму там народ са сваімі духоўнымі поглядамі, не хачу пакрыўдзіць іншых, але бліжэй да ісламу".

(Новікава: ) "У іх вера мае культурны, а не рэлігійны характар. Яны абсалютна адаптаваныя за некалькі стагоддзяў да беларускай гісторыі і культуры. Іхны іслам вельмі спэцыфічны. Вера для іх ёсьць спосаб самазахаваньня свайго культурнага асяродзьдзя".

Супрацоўніца інстытуту сацыялёгіі спадарыня Новікава такім чынам характарызуе большасьць беларускіх татараў. Працягвае Абубікір Шымановіч:

(Шымановіч: ) "На сёньняшні час ва ўсходніх раёнах Беларусі, дзе менш захавалася беларускіх татараў, а больш прыежджых, там некалькі іншая мэнтальнасьць. Пад узьдзеяньнем атэізму яны больш адышлі ад рэлігіі".

Шымановіч, Александровіч, Аліевіч, Асановіч, Багдановіч, Варановіч, Канапацкі, Байрашэўскі, Ясінскі… Вось некаторыя з тыповых прозьвішчаў беларускіх мусульманаў, альбо татараў. Адметнасьць беларускіх татараў у тым, што беларуская мова - іхная родная мова. Ад XV стагодзьдзя мусульмане не былі адзінай этнічнай групай: прыбывалі ў Вялікае Княства Літоўскае з розных краёў. Каб паразумецца, карысталіся беларускай мовай. Татары стваралі рукапісныя кітабы па-беларуску арабскай графікай, якая перадае асаблівасьці гучаньня словаў. Дзякуючы гэтай акалічнасьці, мы ведаем, што ўжо ў XV стагодзьдзі старабеларуская мова мела адметнасьці сучаснай, напрыклад "аканьне". Традыцыйна беларускія татары займаліся агародніцтвам і гарбарствам. У часе паўстаньня 1863 году большасьць падтрымала Кастуся Каліноўскага.

***

Сёньня традыцыйныя беларускія татары-мусульмане падвойная меншасьць. Бо іхныя адзінаверцы зь іншых краінаў удвая большыя па колькасьці. Тунісец Абукарым сямнаццаты год жыве ў Беларусі, зусім нядаўна атрымаў беларускае грамадзянства. Мае жонку-беларуску і сына. Абукарым вельмі любіць Беларусі за ўтульнасьць і гасьціннасьць людзей. Адзінае, чаго не прыняў, - тое, што ўмоўна завецца культам чаркі і шкваркі. Вось як Абукарым распавядае пра сьвяточныя візыты да сваякоў жонкі:

(Абукарым: ) "Мы не сядзім за сталом. Прыходзім, напрыклад, віншуем. Можа быць торт, альбо напой... Без сьпірытусовых напояў. Гэта яны ўжо асобна. Але віншуем пастаянна".

Абукарым са скрухай адзначае, што некаторыя іншаземцы-мусульмане праз колькі год жыцьця ў Беларусі забываюцца на забарону ісламу на алькаголь. На пытаньне, ці сустракаў Абукарым нэгатыўную рэакцыю на свой бок ад беларусаў, з усьмешкай адказвае адмоўна. Маўляў, не: заўсёды добрае стаўленьне. Ці сапраўды такая мірная карціна пануе ў Беларусі?

Сяргей Богдан - 23-гадовы беларус, які пяць гадоў таму прыняў іслам. Сяргей гаворыць пра выпадкі псыхалягічнай дыскрымінацыі:

(Богдан: ) "Сядзіш, напрыклад, можаш ехаць у цягніку, перабіраць ружанец, табе адкрыта будуць гадасьці казаць. Дзядзька аднойчы пабачыў, кажа, відаць, мусульманін. Маўляў, а дзе ягоная бомба. А другі кажа, маўляў, бачыш сумку побач зь ім – там бомба. Цемрашальства і дурасьць, а як яшчэ назваць?"

***

Сярод прыхаджанаў мячэці па вуліцы Грыбаедава пануе згода. Але беларускія мусульмане гавораць пра тое, што існуюць псыхалягічныя канфлікты. Тлумачыць Ібрагім Канапацкі, старшыня Рады мусульманскай грамады Менску.

(Канапацкі: ) "Канечне, краіна наша прываблівае, краіна нашая спакойная. Пакідаюць (свае краіны) па палітычных матывах, гэта ёсьць. На жаль, пакідаюць сваю радзіму, павінен горка сказаць, ня лепшыя. І вось тыя, што прыяжджаюць, пачынаюць прапаведаваць, усталёўваць нешта сваё, таму мы крыўдзімся калі-нікалі... Але закон трэба прымяняць".

Маюцца на ўвазе прапаведнікі ісламскіх рэлігійных сэктаў. Самай простай здабычай сэктантаў-радыкалаў у кожнай рэлігіі робяцца нэафіты. Пра асьцярожнае стаўленьне да новазьвернутых мусульманаў кажа прыхажанін мячэці Аляксандар:

(Аляксандар: ) "Павінны быць пісьменныя настаўнікі: з дыплёмам, з рэлігійнай адукацыяй, з вопытам, з дазволам дзяржавы на рэлігійную дзейнасьць урэшце рэшт. Інакш мы бачым, што адбываецца ў Чачэніі ды іншых краінах. Там часьцяком замбіруюць людзей, прамываюць мазгі. Маўляў, калі ты штосьці ўзарвеш альбо заб''еш нявернага, то пратрапіш у рай. Няма такога ў ісламе".

Аляксандру, 28 гадоў. Пяць гадоў мусульманін, мае вышэйшую эканамічную адукацыю, заняты ў прыватным бізнэсе. Гаворыць, што ад праваслаўя адхіснулі расцэнкі на паслугі, разьвешаныя ў цэрквах.

А вось як гаворыць пра ўзаемадачыненьні з праваслаўнымі Ібрагім Канапацкі - на прыкладзе роднага мястэчка Сьмілавічы:

(Канапацкі: ) "Там, калі пачалася адбудова царквы, нашы татары давалі грошы на адбудову царквы. Бацюшка Валяр''ян сказаў, што калі будзе будавацца мячэць, яны таксама не застануцца ў баку. Вось што нам трэба рабіць. Няма небясьпекі ў рознагалосьсях. Гэта сьцішыцца. А вялікая небясьпека - ад бязбожнікаў".

Перад прыходам бальшавікоў і агрэсіўнага атэізму, у Беларусі самымі масавымі канфэсіямі былі праваслаўе, каталіцызм і юдаізм. Пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму беларусы пачалі аднаўляць традыцыйныя канфэсіі, у тым ліку іслам. Але шмат што зьмянілася. Досыць тыповая сытуацыя, калі, напрыклад, нашчадак юдэяў стаўся індуістам, нашчадак каталікоў стаўся праваслаўным, а нашчадак праваслаўных - мусульманінам:

(Аляксандар: ) "Рыба шукае, дзе глыбей, чалавек - дзе лепей. Раз людзі ідуць у іслам, значыць, ім лепш там. значыць, яны знаходзяць сабе душэўны спакой у гэтай рэлігіі".

Аляксандар - адзін зь беларускіх мусульманаў-нэафітаў. У Беларусі няма такога масавага захапленьня ісламам, як, напрыклад, у Расеі ці ЗША. Згодна расейскіх і амэрыканскіх тэлеканалаў, у ЗША апошнія два-тры гады штогод да ісламу зьвярталіся каля дваццаці тысяч чалавек. У адной толькі Маскве - больш за дзесяць тысяч. Вельмі распаўсюджаная зьява, калі жанчына бярэ шлюб з мусульманінам і прымае веру мужа. Альбо самастойна прыходзіць да ісламу. Што да мужчын, выключна сьвядомы выбар робіць зь іх новаабернутых мусульманаў. Пра беларускіх мусульманаў-нэафітаў - у наступнай праграме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG