Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гастарбайтэры зьнікаюць у Расеі


Казімір Яноўскі, Калінкавічы Сотні жыхароў Беларусі едуць у Расею ў пошуках лепшага заробку. У іх ліку і жыхар Калінкавічаў, бацька дваіх дачок Васіль Кліменка. Ён спадзяваўся зарабіць грошай, каб дочкі змаглі закончыць навучаньне, а жонка — сплаціць даўгі за кватэру, у якой камунальнікі адключылі ваду. Цяпер жонка Васіля, Тамара Кліменка, другі месяц шукае свайго мужа і бацьку дваіх дачок. Ён прапаў у Маскве 3 чэрвеня пасьля затрыманьня расейскімі міліцыянтамі на Беларускім вакзале.

Затрыманьне Васіля Кліменкі бачылі беларускія рабочыя, што разам вярталіся дамоў пасьля працяглай працы на нафтагазавых радовішчах Расеі. Жонка Васіля Тамара Кліменка спраўджвала гэту інфармацыю ў пастарунку транспартнай міліцыі Беларускага вакзалу. Там ёй паведамілі, што спадара Кліменку сапраўды затрымлівалі, склалі пратакол, што ён знаходзіўся нападпітку, і праз тры гадзіны нібыта адпусьцілі. Аднак да сёньняшняга дня Васіль Кліменка не знайшоўся. Распавядае Тамара Кліменка з Калінкавічаў:

(Кліменка: ) “Я ўжо тэлефанавала ў крымінальны вышук Масквы, даслала ліст на адрас тэлеперадачы “Жди меня”, зьвярнулася ў беларускую амбасаду. Сваякі мае абшукалі маскоўскія шпіталі і моргі — нідзе ніякіх сьлядоў. Крымінальная міліцыя адмовілася займацца зьнікненьнем майго мужа, сказалі — няма падставаў. Амбасада наша беларуская ў Маскве маўчыць, наагул нічога не адказвае”.

Зьвярталася з заяваю Тамара Кліменка наконт зьнікненьня мужа ў Маскве і ў калінкавіцкую міліцыю. Інспэктар вышуку зьніклых людзей Алег Дзяркач паведаміў:

(Дзяркач: ) “Мы пасьля праверкі цягам 10-дзённага тэрміну завялі крымінальную справу ў сувязі са зьнікненьнем Васіля Кліменкі. Даслана арыенціроўка начальніку міліцыі на Беларускім вакзале ў Маскве, каб яны пацьвердзілі факт затрыманьня жыхара Калінкавічаў. У Расеі зьнікае шмат людзей. Толькі ў мяне шэсьць такіх справаў. Аднак на нашы запыты расейская міліцыя не заўсёды адказвае. Яны ня вельмі добра ставяцца да нас, каб дапамагчы ў вышуку”.

Паводле некаторых зьвестак, у Расеі пасьля выезду на працу прапалі больш як 60 жыхароў рэгіёну. Пошукі іх пакуль не даюць вынікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG