Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васьмёрка ўхваліла плян дапамогі Афрыцы


ГЛЕНІГЛЗ. “Вялікая васьмёрка” павялічвае дапамогу афрыканскаму кантынэнту. Як паведаміў па заканчэньні саміту ў Шатляндыі прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр, краінам Афрыкі выдзяляюцца 50 мільярдаў даляраў, а найбяднейшым зь іх будуць сьпісаныя даўгі. Апрача таго, афрыканцы атрымаюць бесьперашкодны доступ да мэдыкамэнтаў для лячэньня СНІДу.

Лідэры васьмёркі ўхвалілі таксама пакет дапамогі для палестынцаў – 3 мільярды даляраў. Паводле Тоні Блэра, рашэньні “Вялікай васьмёркі” становяць “кантраст з палітыкаю тэрору”.

(Блэр: ) “Ня толькі мы, лідэры краінаў “Вялікай васьмёркі”, але й мільёны людзей вераць у дасягненьне прагрэсу шляхам дэмакратыі і шчырага супрацоўніцтва паміж цывілізаванымі людзьмі. Менавіта таму мы пераканыя, што нашая палітыка пераможа і заатрыюмфуе над тэрарызмам”.

Паводле Блэра, удзельнікі саміту дасягнулі таксама пагадненьня аб захадах для зьмяншэньня выкіду ў атмасфэру газаў, якія ствараюць так званы “парніковы эфэкт”, выклікаючы глябальнае пацяпленьне.
XS
SM
MD
LG