Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторым беларусам, якія знаходзіліся ў Вялікабрытаніі, пра тэракты ў Лёндане паведамілі з бацькаўшчыны


Ігар Карней, Менск Нягледзячы на тое, што Міністэрства замежных справаў папрасіла грамадзянаў Беларусі ўстрымацца ад паездак у Вялікабрытанію, немалая колькасьць беларусаў, якія жывуць ці навучаюцца ў гэтай краіне, ня маюць намераў карэктаваць свае пляны ў зьвязку з учорашнімі тэрактамі ў лёнданскім мэтро.

Паводле афіцыйных зьвестак, пацярпелых падчас выбухаў у грамадзкім транспарце Лёндану сярод грамадзянаў Беларусі няма. Між тым, самі беларусы, якія гэтымі днямі знаходзяцца ў Лёндане, кажуць, што беларусаў у горадзе шмат, і ня ўсе працуюць тут легальна і стаяць на ўліку. Апавядае Дар’я Анціпава:

(Анціпава: ) “Канечне, поўна тут беларусаў. Ну, ня так шмат як, прыкладам, расейцаў, але ёсьць: вучацца, едуць цэлымі групамі па студэнцкіх праграмах, прыяжджаюць на практыку тыя, хто ангельскую мову вывучае. Вельмі шмат хто зь іх застаецца тут на падпрацоўку: едуць быццам мову “падцягнуць”, а насамрэч застаюцца і жывуць. Шмат беларусаў... А ўвогуле, толькі падумала — хоць і абралі Лёндан алімпійскай сталіцай 2012 году, але, магчыма, не да лепшага гэта. А тут і сапраўды гэтыя тэракты”.

Беларусы хоць і не пацярпелі фізычна, але у некаторых зь іх сарваліся дзелавыя перамовы. Якраз учора студэнт Павал ехаў на сустрэчу з працадаўцам і, як можна, здагадацца, у прызначанае месца ня трапіў. Дарэчы, Павал, як і шмат хто ў той дзень, аб тэрактах даведаўся зь Беларусі.

(Павал: ) “Інтэрвію было прызначанае на 1.30 дня. Мы з маёй сяброўкай выехалі а 12-й, а празь пятнаццаць хвілінаў зь Беларусі затэлефанавала яе бабуля і пачала высьвятляць, ці ўсё ў нас добра”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ў гэты час нават ня ведалі, што адбываецца?”

(Павал: ) “Абсалютна нічога ня ведалі, бо ў нашым пакоі няма тэлевізара. І вось такім чынам мы даведаліся ад бабулі, што былі тэракты. Тады ўжо пачалі заўважаць шмат людей на вуліцах, потым даехалі да станцыі мэтро, якая была зачыненая. Там нам растлумачыў супрацоўнік службы бясьпекі, што было сем выбухаў. Такім чынам, на працу я ня трапіў, бо мэтро было зачыненае, а аўтобусы функцыявалі толькі на ўскрайку гораду”.

(Карэспандэнт: ) “Усё гэта працадаўцы неяк улічылі?”

(Павал: ) “Так. Да таго ж, мэнэджар, зь якім павінна было быць інтэрвію, таксама не даехаў да працы. Сёньня ён павінен затэлефанаваць і прызначыць новае інтэрвію”.

Яшчэ адна студэнтка зь Беларусі, Кацярына Кісялёва, вучыцца ў магістратуры ўнівэрсытэту Кент у Кентэрбэры. Дагэтуль жыла ў Лёндане, дзе скончыла каледж і месьцілася побач з адной са станцыяў мэтро, дзе адбылася трагедыя.

(Кісялёва: ) “Тое, што адбывалася, я бачыла па тэлевізіі, але па рэакцыі людзей было адчувальна: амаль усе падумалі, што сутыкнуліся цягнікі. Названыя станцыі — гэта практычна бізнэс-цэнтар Лёндану. У такі час (8—9 раніцы) мэтро “запакаванае” пад завязку. Да таго ж, лёнданскае мэтро само па сабе зусім не такое, як наша. Цягнікі нашмат меншыя, вагончыкі маленькія, у іх вельмі душна. Калі ў нашых вагонах можна досыць вольна стаяць, то там можна стаяць толькі ў праходзе, а калі бліжэй да дзьвярэй, то нават у поўны рост ня станеш, бо вагоны паўкруглыя. Таму дастаткова спыніць цягнік і выключыць сьвятло, каб пачалася паніка. Людзей набіваецца поўныя вагоны, вельмі шмат хто карыстаецца мэтро. Людзі на машынах езьдзяць у цэнтар ня вельмі любяць: па-першае, уезд платны, па-другое — пастаянныя заторы. Бальшыня даяжджае да мэтро, пакідае там машыны і далей едуць “падземкай”. Але ў часы пік лёнданскае мэтро горш за нашае”.

Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан зь Лёндану апавёў, што ня мае зьвестак пра пацярпелых беларусаў. Кажа, што ў Лёндане пануе вельмі сумная атмасфэра:

(Надсан: ) “Нас не кранула, але сумна, што такія рэчы ўвогуле здараюцца. Столькі людзей нявінных пацярпела і згінула невядома дзеля чаго. Цяжка на душы, хоць, беларусы, здаецца, не пацярпелі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы самі наступстваў гэтага выбуху ня бачылі, не выяжджалі ў цэнтар?”

(Надсан: ) “Не, ня бачыў. Мне ўжо амаль 80 гадоў, і ня ежджу так часта. Але ж там нашыя маладыя беларусы былі і нават ехалі некаторыя на працу, але не даехалі. Сёньня быццам ужо нармалёва, але ўсё роўна адчуваецца вельмі сумная атмасфэра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG