Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мартыралёг Беларусі” выкупіў у КГБ больш за 50 тысячаў імёнаў рэпрэсаваных


Ганна Соусь, Менск У хуткім часе на інтэрнэт-старонцы “Мартыралёг Беларусі” зьявяцца больш чым 50 тысячаў імёнаў людзей, рэпрэсаваных у Менску ў часы кіраваньня Іосіфа Сталіна. Гэтыя сьпісы былі атрыманыя ў супрацоўніка КГБ, і цяпер стваральнікі сайту “Мартыралёг Беларусі” рыхтуюць іх для выстаўленьня ў інтэрнэт.

Пра тое, як былі з архіваў КГБ былі здабытыя сьпісы рэпрэсаваных, гаворыць каардынатар “Мартыралёгу Беларусі” Сяргей Дубавец.

(Дубавец: ) “Усе ведаюць, што ў Беларусі архівы КГБ, датычныя сталінскіх рэпрэсій, закрытыя, і вось сёлета ўзімку цалкам выпадкова на рынку ўдалося ў супрацоўніка КГБ набыць сьпіс, дакладней гэта ня сьпіс, а такі матэрыял з біяграфіямі больш чым 50 тысячаў рэпрэсаваных паводле палітычных матываў за часамі Сталіна – рэпрэсаваных менавіта ў Менску менскім КГБ. Умова прадаўца была – не канкрэтызаваць гэтую зьдзелку. Зразумела, што ён рызыкуе. Я спраўджваў гэты сьпіс па канкрэтных асобах. Не па вядомых асобах, а па звычайных людзях, сваяках рэпрэсаваных, і ўсё супадае. Таму гэта сапраўдны сьпіс”.

Падрыхтоўка і выстаўленьне ўсіх гэтых біяграфій у інтэрнэт вымагае вялікай працы. Публікацыя на сайце www.martyraloh.org пачнецца ў верасьні. Штомесяц будуць зьяўляцца па 2-3 тысячы біяграфіяў рэпрэсаваных. Прынцып “Мартыралёгу Беларусі” -- выставіць максымальную колькасьць біяграфіяў рэпрэсаваных людзей з тым, каб інтэрнэтныя “шукалкі” адгукаліся на прозьвішчы з гэтых сьпісаў.Такім чынам нехта можа набраць сваё ўласнае прозьвішча, напрыклад, у www.google.com, і яму адкрыецца, скажам, біяграфія ўласнага дзеда, рэпрэсаванага пры Сталіне.

Апошнім часам у Беларусі адбываецца рэабілітацыя гэтага дыктатара, у той час, як тэма палітычных рэпрэсій амаль не ўздымаецца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Як ўспрымаюць гісторыкі, дасьледчыкі зьяўленьне і пашырэньне дзейнасьці сайту “Мартыралёг Беларусі”? Вось меркаваньне гісторыка Ніны Стужынскай, якая напачатку 1990-х мела доступ да архіваў КГБ і дасьледавала лёсы ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій.

(Стужынская: ) “Ідэя вельмі добрая – адрадзіць зараз нейкую крыніцу інфармацыі пра рэпрэсаваных. Я адчувала вялікае шкадаваньне ад таго, што мы гэтых людзей неяк кінулі, неяк не дарабілі гэтую працу. Тое, што гэтую тэму спынілі трансьляваць у грамадзтве, адна з прычынаў таго, што з другога боку ківач нахіліўся ў бок сталінізма. Можа, да гэтага сайту нейкім чынам спрычынімся і мы, дададзім свой матэрыял. Толькі дазволяць забыць, як адразу паўстае гэтая пачварная постаць Сталіна. Гэтая “страшылка” з’явілася менавіта напярэдадні выбараў, каб яшчэ раз запалохаць людзей, выкарыстоўваючы гэтае імя іўсё тое, што зь ім зьвязана”.

Інтэрнэт-сайт “Мартыралёг Беларусі” зьявіўся ў сеціве летась у кастрычніку. Гэтая старонка апавядае пра злачынствы і ахвяраў камунізму ў Беларусі ў 20-ым стагодзьдзі. На сайце выстаўленыя больш за 6 тысячаў імёнаў рэпрэсаваных жыхароў Беларусі і некалькі соцень імёнаў карнікаў, некалькі дзесяткаў архіўных фатаграфій з Курапатаў, а таксама кнігі пра гісторыю палітычных рэпрэсій ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG