Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 ліпеня адбылася каранацыя Міндоўга


RFE/RL Каляндар Свабоды – 6 ліпеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 6 ліпеня

Сёньня ў Літве адзначаецца Дзень дзяржавы, зьвязаны з каранацыяй вялікага князя Міндоўга. 6 ліпеня 1253 году Міндоўг прыняў тытул караля ў сваёй рэзыдэнцыі ў Наваградку, які тады быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

6 ліпеня 1415 году на вогнішчы быў спалены правадыр чэскіх пратэстантаў Ян Гус.

6 ліпеня 1909 году нарадзіўся Сяргей Грыцавец. Ваенны лётчык і двойчы герой Савецкага Саюзу, ён паходзіў зь вёскі Бароўцы Баранавіцкага раёну. Бюст Грыцаўца доўгі час стаяў у Менску на тым месцы, дзе цяпер помнік Янку Купалу ў Купалаўскім сквэры. Праўда, і бюст Грыцаўца захаваўся, але ў іншым сквэры на былым праспэкце Скарыны. Сяргей Грыцавец з 1936 году ваяваў у Гішпаніі, у 1939-м змагаўся на рацэ Галгін-Гол. Там, дарэчы, падбілі самалёт ягонага сябра і той на парашуце спусьціўся проста ў лягер праціўніка. Грыцавец хуценька пасадзіў сваю машыну на варожай тэрыторыі, схапіў калегу і ўзьняўся ў паветра. А загінуў Грыцавец яшчэ да вайны, у верасьні 1939-га.

Таксама 6 ліпеня ў розныя гады нарадзіліся беларускі паэт Янка Лучына, польскі генэрал Войцех Ярузэльскі, беларускі мастак Кастусь Харашэвіч, славуты бітлоўскі барабаншчык Рынга Стар, прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў і цяперашні лідэр Тыбэту далай-лама. 6 ліпеня 1946 году прыйшоў на сьвет цяперашні прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш.

Сёньняшняй ноччу, з 6 на 7 ліпеня адбудзецца адно з найвялікшых каляндарных беларускіх сьвятаў – Купальле. У царкоўнай традыцыі гэта дзень Івана Прадцечы. Цягам вякоў з гэтых двух сьвятаў – паганскага і хрысьціянскага – вырабіўся сымбіёз – дзень Івана або Яна Купалы. Мяркуюць, што найвялікшы беларускі паэт Янка Купала абраў сабе такі псэўдонім, бо нарадзіўся акурат на Купальле, 7 ліпеня.

Традыцыйна ў гэтую ноч адбываюцца гуляньні, паляцца вогнішчы, а закаханыя пары шукаюць у лесе чароўную папараць-кветку, якая павінна прынесьці ім шчасьце.
XS
SM
MD
LG