Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі сьвяткуюць Купальле, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні


Ганна Соусь, Менск У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларусі адзначаюць Купальле, папулярнае цяпер паганскае сьвята ў гонар летняга сонцастаяньня. Дасьледчыкі гісторыі і этнаграфіі называюць арганізаваныя ўладамі сьвяткаваньні занадта фармалізаванымі.

Дасьледчык паганства Эдвард Зайкоўскі называе “прафанацыяй” сьвяткаваньне Купальля ў ліпені, паколькі гэта не адпавядае прыроднаму цыклю і старажытным традыцыям. Ён зазначае, што складанасьць сытуацыі ў Беларусі палягае ў тым, што тут двойчы сьвяткуюць Купальле — паводле грыгарыянскага і юліянскага календароў — спачатку ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, а потым у ноч з 6 на 7 ліпеня.

(Зайкоўскі: ) “У старажытнасьці Купальле было прымеркавана да сьвята летняга сонцастаяньня. Пазьней пасьля прыняцьця хрысьціянства яго прымеркавалі да дня Яна Хрысьціцеля і сталі сьвяткаваць у ноч з 23 на 24 чэрвеня. У Эўропе пры канцы 16 стагодзьдзя ўведзены грыгарыянскі каляндар, тым ня менш, вернікі праваслаўнай канфэсіі працягвалі адзначаць свае сьвяты паводле юліянскага календару. І адбыўся падзел. Фактычна паганскае сьвята Купальле расьцягнулі на праваслаўнае Купальле і на каталіцкае, што зусім няслушна. Сьвяткаваньне з 6-га на 7-га я б назваў хутчэй прафанацыяй Купальля”.

Але ў гэты дзень многія ў Беларусі адзначаюць Купальле, прычым нават на афіцыйным узроўні. Напрыклад, сёньня ўвечары ў Менску ў парку імя 900-годзьдзя Менску адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленьне з элемэнтамі народных абрадаў, прысьвечанае Купальлю. У праграме — воднае шоў, спартовае сьвята для моладзі, шашлыкі, гаданьне на вянках, распальваньне вогнішча. Подобныя сьвяты адбудуцца і ў іншых гарадах і вёсках. Фальклярыстка і дасьледчыца старажытных вераваньняў Антаніна Хатэнка ня будзе браць удзелу ў гэтым сьвяткаваньні Купальля, бо лічыць яго занадта фармальным.

(Хатэнка: ) “Я маю на ўвазе, калі найперш гэтым займаюцца ўстановы, якія ня ведаюць этнічнай асновы. Калі гэта ператвараецца проста ў скокі, у сьпевы, не адпаведныя, дарэчы, гэтаму дню. Купальле, якое на сёньня робяць, напрыклад, выканкамы, аддзелы культуры, на правінцыі гэта трошку бліжэй да абрадавай тканкі, а ў Менску звычайна такая абсалютна тыповая зьява, калі выводзяць калектывы, яны сьпяваюць што папала, што ўмеюць, чаму навучаныя. А тут трэба пасьлядоўна выбудоўваць рытуальную схему, калі называць гэта Купальлем”.

Адрозна ад Антаніны Хатэнкі этнакультуроляг Тацяна Кухаронак сёньня будзе сьвяткаваць Купальле. Я зьвязалася зь ёй, калі яна накіроўвалася ў вёску Мёдча Барысаўскага раёну.

(Кухаронак: ) “Як звычайна, вогнішча, вянкі купальскія дзяўчаты будуць кідаць. Пад раніцу будзе ачышчэньне — купаньне ў рэчцы, песьні, скокі каля вогнішча. Павінен усё гэта арганізаваць сельскі дом культуры і фальклёрны гурт “Мядоцкая талака”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG