Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пашкевіч: “У Расеі кнігі Васіля Быкава друкаваць таньней і надзейней”


Валянціна Аксак, Менск Увесь наклад чатырнаццацітомнага збору твораў Васіля Быкава будзе перададзены ў бібліятэкі Беларусі. Гэта робіцца для таго, каб творы народнага пісьменьніка былі даступныя ўсім чытачам краіны, а не аселі на паліцах прыватных кнігазбораў.

Так вырашылі выдаўцы — Саюз беларускіх пісьменьнікаў і грамадзянская ініцыятыва “Воля народу”. Сёньня ўвечары ў Доме літаратара на прэзэнтацыі першых трох тамоў збору яны маюць намер падпісаць адпаведную дамову з прадстаўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэчнага калектару.

Тры важкія тамы быкаўскага кнігазбору, сямсот старонак кожны, прывезеныя ў Менск з расейскага гораду Екацярынбургу, дзе яны друкаваліся. Чаму кнігі беларускага пісьменьніка выдаўцы вырашылі друкаваць не ў Беларусі, а далёка за яе межамі? Вось што адказаў на гэтае пытаньне адзін зь сяброў рэдакцыйнае калегіі старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Як засьведчыла практыка, друкаваньне накладу там таньней — і нашмат таньней. Па-другое, надзейней і апэратыўней, паколькі аб’ёмныя кнігі ў цьвёрдых вокладках у Беларусі друкуюць толькі дзяржаўныя друкарні. Таму было прынята рашэньне друкаваць у Расеі”.

Быкаўскі чатырнаццацітомнік — выданьне некамэрцыйнае. Але даволі багата аздобленыя, у цьвёрдых вокладках тамы каштуюць выдаўцам ня танна. Хто фінансуе гэты праект? Алесь Пашкевіч так адказаў на гэтае пытаньне:

(Пашкевіч: ) “Пакуль магу сказаць, што спрычыніліся і інтэлектуальна, і фінансавы рэсурс прыцягвалі да ажыцьцяўленьня гэтага праекту Саюз белрускіх пісьменьнікаў і грамадзянская ініцыятыва па стварэньні агульнанацыянальнага руху “Воля народу”.

Алесь Пашкевіч сказаў, што збор твораў Быкава наагул ня будзе прадавацца, а ўвесь трохтысячны ягоны наклад будзе бясплатна перададзены бібліятэкам краіны.

(Пашкевіч: ) “У кожнай — ад самай вялікай Нацыянальнай да раённай — бібліятэцы быкаўскі кнігазбор будзе захоўвацца і будзе на паліцах чытальных заляў. Вялікая частка накладу будзе захоўвацца ў адкрытым доступе ў бібліятэцы Саюзу пісьменьнікаў”.

Прэзэнтацыя першых трох тамоў выданьня адбудзецца сёньня ўвечары ў Менску ў вялікай залі Дому літаратара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG