Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі супэркампутар выпаў зь першай сотні ўсясьветнага рэйтынгу


Ігар Карней, Менск Супэркампутар “СКІФ-1000”, які шырока рэклямаваўся як самы пасьпяховы інтэлектуальны прадукт так званай Саюзнай дзяржавы, паступова губляе пазыцыі ва ўсясьветнай кваліфікацыі. Калі пры канцы мінулага году “СКІФ” уваходзіў у першую сотню самых магутных кампутараў у сьвеце, то ўжо праз паўгоду ён апусьціўся на 174-ы радок гэтага рэйтынгу.

Нягледзячы на страту пазыцый, “СКІФ-1000” па-ранейшаму застаецца №1 ня толькі ў СНД, але і ва ўсёй Усходняй Эўропе. Разам з тым, спэцыялісты прагназуюць “СКІФу” імклівае маральнае старэньне, бо ад кастрычніка мінулага году тэхнічна ён больш не карэктаваўся. Чаго нельга сказаць пра замежныя аналягі, якія пастаянна ўдасканальваюцца, што і пацьвярджаюць дадзеныя ўсясьветнага “гіт-параду” супэркампутараў. Цяпер “СКІФ-1000” прапісаны ў Інстытуце аб’яднаных праблемаў інфарматыкі (былы Інстытут кібэрнэтыкі) Нацыянальнай Акадэміі навук. Напярэдадні мне ўдалося пагаварыць з вучоным сакратаром згаданага Інстытуту Альбертам Пятроўскім, які з супэркампутарам у непасрэдным “кантакце”. Перадусім, я запытаўся – ці можна зьвязваць “спаўзаньне” “СКІФа” ва ўсясьветным рэйтынгу са спыненьнем матэрыяльных укладаньняў у гэты праект?

(Пятроўскі: ) “Не, справа ня ў гэтым. Проста ў сьвеце зьяўляюцца новыя мадэлі, новая элемэнтная база, больш вытворча здольная. Калі б у той жа самай канфігурацыі паставіць іншыя працэсары (ня тыя, якія зараз стаяць у “СКІФе-1000”), магчыма, у яго таксама вытворчасьць падвоілася б. Але ўвогуле гэта сьведчыць на тое, што супэркампутары зьяўляюцца адной са сфэраў, якія разьвіваюцца найбольш інтэнсіўна”.

Ня гледзячы на тое, што “СКІФ” лічыцца сумесным прадуктам так званай Саюзнай дзяржавы, ініцыятарам падобнай вытворчасьці колісь выступіў акадэмік Аляксандар Вайтовіч. Яшчэ ў 1997 годзе тагачасны кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук пераканаў улады пачаць распрацоўку высокавытворчых кампутараў. Неўзабаве да беларускай Акадэміі навук далучыўся Інстытут праграмных сыстэмаў Расейскай Акадэміі навук. Але спадар Вайтовіч прагназуе: як часта бывае, пакуль беларусы будуць шукаць сфэры прымяненьня супэркампутару, расейцы на гэтым пачнуць багацець.

(Вайтовіч: ) “Вынікам сумеснага праекту стаў кампутар з хуткасьцю апэрыцыяў “тысяча мільярдаў” за сэкунду. Гэта кампутар надзвычай высокай клясы. Аднак расейцы паралельна стварылі фірму, якая ставіць за мэту вывад кампутара на рынак (аб’ектыўна і ў Расеі, і ў Беларусі рынак для такой прадукцыі па-сапраўднаму ня створаны). І, мяркую, урэшце мы апынемся перад тым, што ў Беларусі застануцца 1-2 такія кампутары, але масава расейцы будуць прасоўваць іх на рынак, будуць прадаваць; нешта ад гэтага, можа, і мы будзем мець. Але ж мае заўсёды нашмат больш той, хто арганізуе выкананьне замовы. Чаму так адбываецца? Няма належнай свабоды ў эканоміцы, няма свабоды для рэалізацыі чалавечага патэнцыялу”.

На звычайны пэрсанальны кампутар “СКІФ” мала падобны. Хутчэй, гаворка пра ЭВМ – вялізныя скрыні, ці шафы, якія займаюць цэлыя пакоі. Таму, калі апэляваць да характарыстыкаў у памерах, то плошча, якую займае “СКІФ-1000” -- 6 м2. Вага ўстаноўкі -- 6,5 тонаў, даўжыня кабэльных злучэньняў -- больш за 2 кілямэтры. Натуральна, што такую сыстэму асабліва нікуды не транспартуеш, таму яе здаюць, так бы мовіць, у арэнду. Дзе задзейнічаны супэркампутар? – расказвае Альберт Пятроўскі.

(Пятроўскі: ) “Трэба сказаць, што супэркампутар, які займае апошняе месца ў “Топ-500”, па магутнасьці абыйшоў усе ЭВМ, разам узятыя, з першага сьпісу 1993 году. Што да першага месца, то гэта вылічальны комплекс ІВМ Blue Gene Нацыянальнай адміністрацыі ядзернай бясьпекі ЗША. Яна зьвязаная з шэрагам вядомых дасьледчых цэнтраў, якія маюць справу з ядзернай зброяй. Мы ў Беларусі такіх працаў не вядзём. Але іншыя работы патрабуюць рэсурсаў, як у галіне сынтэзу матэрыялаў (перадусім, біялягічных), дасьледваньні структуры матэрыялаў. Тут рэальная неабходнасьць супэркампутара. Але людзі пакуль баяцца плаціць, лічаць, што тымі сродкамі, якія ў іх ёсьць, яны атрымаюць вынікі. А гэта далёка ня так”.

Дарэчы, колькі каштуе падобная паслуга, спадар Пятроўскі не ўдакладніў. Сказаў толькі, што “нядорага”.

Папярэднікам “СКІФ-1000” быў кампутар “СКІФ-500”. Ад пачатку ён займаў толькі 407 пазыцыю ў рэйтынгу “Тор 500” у 2003 годзе. Як апавялі ў Інстытуце аб’яднаных праблемаў інфарматыкі, “СКІФ-1000” утрая пераўзыходзіць папярэдніка ў магутнасьці і апэрыцыйных хуткасьцях. Праўда, ці то рынак не зусім падрыхтаваны да падобных навінак, ці мала рэклямуюць навукоўцы самі свой прадукт, але сфэра ўжытку супэркампутара досыць абмежаваная. У прыватнасьці, спадар Пятроўскі скардзіцца, што зацікаўленыя арганізацыі ня выяўляюць да “СКІФа” асаблівага інтарэсу, хоць супэркампутар якраз і створаны, каб ашчадзіць час і грошы.

(Пятроўскі: ) “У нас на некаторых прадпрыемствах стаяць на працоўных станцыях сыстэмы для правядзеньня крэш-тэстаў. Але гэта – дзесяткі гадзінаў працы, і, як здараецца досыць часта, паводле вынікаў разьлікаў сыстэма выдае: у вас ёсьць памылка ў пэўным месцы, унясіце зьмены і давайце пачнем спачатку – гэта значыць, яшчэ суткі-другія. Каму гэта патрэбна? Спэцыяліст з цяжкасьцю 20 хвілінаў вытрымлівае, калі яму выдаюцца вынікі. А тут траціш 2-3 сутак, каб атрымаць вось такі вырак. А супэркампутар тое ж самае зробіць за 10-15 хвілінаў”.

Як пазначана ў дакумэнтах, супэркампутар “СКІФ-1000” можа ўжывацца для вырашэньня любых задачаў, якія патрабуюць высокадакладных вылічэньняў у навукаёмістых галінах прамысловасьці, біятэхналёгіі, мэдыцыне, генэтыцы, геолагавыведцы, для кантролю навакольнага асяродзьдзя і прагназаваньня надвор’я. Як бачна, сфэра прымяненьня амаль неабмежаваная. Праўда, самі беларускія навукоўцы, адрозна ад замежных калегаў, істотна абмежаваныя ў фінансаваньні падобных праектаў.

Згодна з апошнім усясьветным рэйтынгам “Топ-500”, найбольшую колькасьць супэркампутараў маюць ЗША – амаль тры сотні машынаў (294). Астатнія краіны ідуць з вялікім адставаньнем: 40 супэркампутараў мае Нямеччына, 23 – Японія, 19 – Кітай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG