Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыхтуецца прававая база для зьнішчэньня палітычных партыяў?


Алесь Дашчынскі, Менск Законапраекты аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях, прынятыя дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні, прадугледжваюць шэраг новаўвядзеньняў, сярод якіх прыпыненьне дзейнасьці палітычных партый і грамадзкіх арганізацый паводле рашэньня суду. Яны выклікалі крытычныя камэнтары з боку актывістаў палітычных партый, якія цьвердзяць, што перад пачаткам важных палітычных кампаній улады спрабуюць абмежаваць і жорстка кантраляваць дзейнасьць грамадзкіх структураў.

Паводле дэпутаткі Вольгі Абрамавай, бадай толькі адна яна ў Палаце прадстаўнікоў галасавала супраць прыняцьця гэтых паправак. А калі яна пажадала выказацца, старшыня ня даў ёй слова.

(Абрамава: ) “ Я націснула на кнопку і паспрабавала выкарыстаць сваё права выказацца. У мяне было пытаньне да старшыні і я мела права яго задаць”.

Кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў было не да дэбатаў, і ў выніку перамагла большасьць, якая пастаянна галасуе толькі “за”. Вольга Абрамава ўзначальвае беларускае аб’яднаньне “Яблыка” і заяўляе, што заканадаўчыя прапановы, ухваленыя яе калегамі, значна пагаршаюць існаваньне партый і іншых палітычных аб’яднаньняў як у тэхнічным, так і ў матэрыяльным пляне. Чым тлумачыць Вольга Абрамава павелічэньне ціску ўладаў на грамадзянскую супольнасьць?

(Абрамава: ) “Гэта наагул падазронае стаўленьне дзяржавы да ўсяго недзяржаўнага. Гэта пачуцьцё глыбокае і ўзаемнае, таму што недзяржаўныя арганізацыі таксама зь вялікім падазрэньнем ставяцца да ўсіх ініцыятываў дзяржавы і часьцяком іх падазрэньні маюць пад сабой глебу. Гэта ўзаемная дастаткова высокая вастрыня процістаяньня, якая мае даўнюю гісторыю. Адсутнасьць даверу зьвязаная зь меркаваньнем дзяржаўнага боку, што ўсякая грамадзкая дзейнасьць у сваёй аснове ёсьць дзейнасьцю антыдзяржаўнай”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі старшыня дэпутацкай камісіі ў правох чалавека, нацыянальных дачыненьнях і сродках масавай інфармацыі Юры Кулакоўскі заявіў, маўляў, “дзяржава больш клапоціцца пра лёс партыяў і павышэньне іх ролі ў грамадзтве, чым самі палітычныя партыі “. Спадар Кулакоўскі пералічыў прапанваныя новаўвядзеньні. Напрыклад, дзейнасьць палітычнай партыі ці грамадзкага аб’яднаньня можа быць прыпыненая рашэньнем Вярхоўнага суду. Суд можа прыняць такое рашэньне на заяву Міністэрства юстыцыі, калі міністэрствам было вынесенае пісьмовае папярэджаньне, але недахопы не былі выпраўленыя партыяй у вызначаны тэрмін. Прыпыненьне дзейнасьці партыі не дапускаецца ў пэрыяд ад дня афіцыйнай публікацыі рашэньня аб прызначэньні выбараў да афіцыйнага апублікаваньня вынікаў гэтых выбараў. Прадугледжваецца прыпыненьне дзейнасьці і ліквідацыя партый і грамадзкіх аб’яднаньняў за парушэньні, зьвязаныя з выкарыстаньнем замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Як жа ставяцца да такога “клопату” з боку ўладаў у саміх партыях? Юрыст, актывіст АГП Міхаіл Пліска заяўляе, што ва ўладаў не было ніякіх падставаў для такога тэрміновага прыняцьця гэтых паправак.

(Пліска: ) “Фармальна прапанваныя зьмены існуюць у некакторых іншых краінах, напрыклад, у Расеі. Але адна справа, калі гэтыя нормы замацаваныя ў заканадаўстве дэмакратычных краінаў, а іншая справа ў нас. Я не выключаю таго, што паколькі тэрмін прыпыненьня дзейнасьці палітычнай партыі шэсьць месяцаў, а дата правядзеньня выбараў вагаецца ў межах 4-5 месяцаў, то калі дзейнасьць партыі будзе прыпыненая напярэдадні абвяшчэньня даты выбараў, то партыя проста ня зможа прыняць удзел у выбарах. А па-другое, больш жорсткія ўмовы вынясеньня папярэджаньняў і падставаў для закрыцьця партыяў. Безумоўна, гэта пагоршыць умовы дзейнасьці палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў”.

Паводле старшыні арганізацыйна-праўнай камісіі партыі БНФ Уладзімера Лабковіча, ухвалены законапраект сьведчыць, што распачаты ўладамі працэс ліквідацыі палітычных партыяў выходзіць на фінальную стадыю.

(Лабковіч: ) “У Беларусі немагчыма нармальна структурызаваць партыю праз рэгістрацыю арганізацыйных структураў, што з моманту ўступленьня гэтага закону можа быць падставай для ліквідацыі партыі. Пашыраецца сьпіс падставаў для ліквідацыі партыі і павялічваецца кантроль з боку мінюсту. Міністэрства юстыцыі цяпер можа кантраляваць усю дзейнасьць партыяў. Як ужо меркавалася, паводле той інфармацыі, якая ёсьць, з восені ўжо пачнецца канчатковае зьнішчэньне палітычных партыяў, цяпер пад гэта падведзеная прававая база”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG