Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч і Павал Севярынец хутка паедуць на “хімію”


Любоў Лунёва, Менск Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд Цэнтральнага раённага суду Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу. Іх пакаралі трыма гадамі абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка 2004 году, у часе правядзеньня якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Паколькі ў часе сьледзтва была абвешчаная амністыя, апазыцыйныя палітыкі будуць адбываць пакараньне на “хіміі” цягам двух гадоў.

Павал Севярынец і Мікола Статкевіч чакалі менавіта такога прысуду. Калі Мікола Статкевіч яшчэ на пачатку сьледзтва адмовіўся ад адваката, а потым у судзе даваць паказаньні, то Павал Севярынец, наадварот, заняў супрацьлеглую пазыцыю. Ён патлумачыў Радыё Свабода, што рабіў гэта толькі з адной мэтай – выканаць усе неабходныя працэдуры, каб абскардзіць прысуд у міжнародных інстанцыях.

(Севярынец: ) “Нягледзячы на тое, што ніякага крыміналу ў судовым паседжаньні Цэнтральнага суду Менску знойдзена не было; нягледзячы на тое, што былі дапушчаныя шматлікія працэсуальныя парушэньні; нягледзячы на тое, што суд не прыняў ніводзін з довадаў абароны і даў той тэрмін пакараньня, які патрабаваў пракурор у поўным аб’ёме, – зразумела, што гэта палітычны заказ. Практычна на кожнай прыступцы судовай лесьвіцы гэты заказ дублюецца. Гэты суд прызнаюць фарсам у Эўропе.

Я думаю, што прыйдзе час, калі ў Беларусі такія судовыя прысуды будуць перагледжаныя і ім будзе дадзена прававая ацэнка.”

Калі Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча накіруюць адбываць пакараньне пакуль невядома. Спачатку камітэт у справах выкананьня пакараньняў мусіць знайсьці ім месца ў спэцкамэндатуры. Юрысты, якія маюць досьвед у такіх справах, лічаць, што гэта адбудзецца не раней як празь месяц.

Андрэй Клімаў, які мусіць адбываць пакараньне паводле аналягічнага абвінавачаньня, але за арганізацыю акцыі 25 сакавіка, таксама падаў скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Ён мусіць адбываць пакараньне на “хіміі” год і тры месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG