Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыамэрыканізм пашыраецца ў некаторых краінах сьвету


Натальля Судлянкова, Прага Антыамэрыканізм, які па-ранейшаму адчуваецца ў розных краінах сьвету, вельмі непакоіць адміністрацыю Белага Дому. Паводле апошняга апытаньня, якое правёў цэнтар Pew Global Attitudes Survey, выразна нэгатыўнае стаўленьне да Злучаных Штатаў назіраецца ў мусульманскім сьвеце, аднак шмат хто з эўрапейцаў лепей ставіцца да Кітаю, чым да ЗША.

Апытаньне праводзілася ў 15 краінах сьвету, уключна з Францыяй, Індыяй, Інданэзіяй, Марока, Расеяй ды іншымі. Удзел у апытаньні бралі блізу 17 тысячаў чалавек. Вынікі апытаньня прадэманстравалі розныя тэндэнцыі ў стаўленьні да Злучаных Штатаў.

Так, у Інданэзіі, 79% апытаных заявілі, што яны пачалі лепш ставіцца да ЗША пасьля таго, як Амэрыка дапамагла інданэзійцам пасьля цунамі. Жыхары Індыі задаволеныя пашырэньнем эканамічных дачыненьняў са Злучанымі Штатамі, а расейцы – сумеснай барацьбой з тэрарызмам і ростам узаемнага гандлю.

Аднак, сярод традыцыйных саюзьнікаў пазытыўнае стаўленьне да Злучаных Штатаў пераважвае толькі ў Брытаніі і Нямеччыне. У шмат якіх краінах высокім застаецца ўзровень непапулярнасьці Джорджа Буша. У Брытаніі, Канадзе і Францыі тры чвэрці апытаных заявілі, што пераабраньне Джорджа Буша на пасаду прэзыдэнта нэгатыўна паўплывала на іх стаўленьне да Амэрыкі. Цалкам у сьвеце, за выключэньнем Індыі, распаўсюджанае меркаваньне, што Злучаныя Штаты зьвяртаюць вельмі мала ўвагі на інтарэсы іншых краінаў.

Высьветлілася, што амэрыканцы добра ўсьведамляюць тыя праблемы, якія склаліся з іміджам краіны. Толькі чвэрць з апытаных жыхароў Злучаных Штатаў была перакананая, што за мяжой да Амэрыкі ставяцца пазытыўна. Дарэчы, самы высокі пазытыўны рэйтынг сярод разьвітых краінаў атрымала Нямеччына.

Значная большасьць жыхароў некалькіх краінаў хацела б, каб зьявілася яшчэ адная моцная ў ваенным пляне дзяржава, якая магла супрацьстаяць Амэрыцы. Аднак, большасьць апытаных, асабліва на Захадзе, не хацелі б, каб гэтай краінай-супрацьвагай быў Кітай. Кітай знайшоў падтрымку сярод жыхароў Інданэзіі, Пакістану ды Турэччыны. Большасьць апытаных грамадзянаў краінаў Заходняй Эўропы хацелі б незалежнасьці ад Злучаных Штатаў у пытаньнях бясьпекі і міжнародных дачыненьнях. 85% французаў сказалі, што было б добра, калі б супернікам Злучаных Штатаў з пункту гледжаньня ваеннай моцы стаў Эўразьвяз.

Нечаканым для амэрыканцаў было стаўленьне туркаў, дзе, як і ў Пакістане, станоўча да Злучаных Штатаў паставіўся толькі кожны пяты з апытаных. Нечаканым гэта было таму, што менавіта ЗША падтрымалі намаганьні Турэччыны далучыцца да Эўразьвязу.

На думку арганізатараў апытаньня гэтае нэгатыўнае стаўленьне абумоўленае вайной у Іраку. Гэтая вайна па-ранейшаму застаецца непапулярнай як у Эўропе, так і ў мусульманскім сьвеце.

Погляды жыхароў Пакістану на Злучаныя Штаты сталі яшчэ больш нэгатыўнымі пасьля абвіначаньняў у тым, што ахоўнікі ў турме Гуантанама абражалі Каран. Мусульмане таксама занепакоеныя тым, што Злучаныя Штаты могуць выкарыстаць сваю ваенную моц супраць іх краінаў. Аднак, насуперак апазыцыі ў дачыненьні да вайны ў Іраку, большасьць апытаных падтрымлівае барацьбу Злучаных Штатаў з тэрарызмам.

Дырэктар П''ю-цэнтру на пытаньне, што магло б дапамагчы палепшыць стаўленьне да Злучаных Штатаў, адказаў вельмі проста: “Сытуацыя ў Іраку мусіць палепшыцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG