Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэзыдэнт Ірану абяцае быць памяркоўным і цярпімым


Сяргей Абламейка, Прага Новаабраны прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэджад абяцае весьці памяркоўную палітыку і кажа, што яго ўрад будзе служыць усім іранцам. Назіральнікі, аднак, выказваюць занепакоенасьць адносна становішча з правамі чалавека ў будучым Іране.

У нядзелю новаабраны прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэджад заявіў, што ён ва ўнутранай палітыцы будзе імкнуцца да памяркоўнасьці:

(Ахмадзінэджад: ) "Ва ўнутраных справах памяркоўнасьць будзе палітыкай ураду. Экстрэмізму няма месца ў народным урадзе... У фокусе будуць нацыянальныя інтарэсы, нацыянальны гонар і прагрэс для ўсіх".

Ахмадзінэджад зойме пасаду прэзыдэнта ў жніўні. Цяпер ён зьяўляецца мэрам Тэгерану, а раней служыў у Рэвалюцыйнай гвардыі Ірану. Яго праціўнікі называюць яго экстрэмістам і кансэрватарам. Аднак у нядзельнай прамове ён гаварыў толькі аб цярпімасьці, дружбе і спачуваньні.

Лідэр іранскіх рэфарматараў, цяперашні прэзыдэнт краіны Махамад Хатамі папярэджвае аб больш абмежаваным клімаце падчас кіраваньня Ахмадзінэджада і кажа, што рэфармісты павінны стаць больш асьцярожнымі, каб выжыць.

Тым часам, Ахмадзінэджад назваў свой будучы кабінэт "урадам 70-ці мільёнаў". Ён заявіў, што кожны іранец будзе мець права ўдзельнічаць у палітычным працэсе і прыняцьці рашэньянў. Ён таксама адкінуў заклапочанасьць адносна правоў чалавека і сказаў, што свабода закладзеная ў духу Ісламскай рэвалюцыі.

Тым ня менш актывісты рэфарматарскага руху і праваабаронцы выказваюць заклапочанасьць адносна будучых падзеяў у Іране. Адзін са студэнцкіх лідэраў, Абдулаг Мамэні заявіў у інтэрвію "Радыё Фарда":

(Мамэні: ) "Канкрэтная пэрсона на чале ўраду ня можа нічога зьмяніць у студэнцкім руху. Як ў часы прэзыдэнцтва Хатамі студэнцкі рух зазнаў пэрыяд рэпрэсіяў, так і цяпер наступае новая такая эра. Гэта вынік прыходу радыкальнага адносна палітычных і сацыяльных свабод і дэмакратыі ўраду".

Тым часам, выступаючы ў Вашынгтоне, міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў, што новы прэзыдэнт Ірану – ня сябар дэмакратыі і свабоды. Рамсфэльд сказаў, што маладыя людзі і жанчыны Ірану будуць лічыць Ахмадзінэджада непрымальным лідэрам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG