Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскага Купальля ў Горадні не адбылося, але выйшаў наступны “фальшывы” нумар газэты “Głos znad Niemna”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні не згасае процістаяньне паміж Саюзам палякаў і групоўкай былога старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага, якога актыўна падтрымліваюць улады. У выхадныя зьявіўся чарговы нумар газэты “Głos znad Niemna”, якую выпускае Кручкоўскі насуперак кіраўніцтву Саюзу і самой рэдакцыі. Праўда, “Сьвятаянская ноч” — польскае Купальле, якое хацела адсьвяткаваць на беразе Нёмна групоўка Кручкоўскага, гэтымі выхаднымі не адзначалася.

Інтрыга была ў тым, што Саюзу палякаў штогадовае сьвята “сьвятаянскай ночы” гарвыканкам правесьці не дазволіў, але даў дазвол Казімеру Знайдзінскаму — паплечніку Кручкоўскага. Ясна, што ў Саюзе палякаў гэта выклікала абурэньне. Сьвята не адбылося. Вось што гаворыць галоўны рэдактар часопісу СПБ “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут:

(Пачобут: ) “Улады былі паінфармаваныя: у выпадку, калі будзе праведзена ўрачыстасьць ад імя Саюзу палякаў, гэта выклікае акцыю пратэсту. Там будзем мы, мы будзем са сьцягамі. Таму я думаю, што ўлады вырашылі адступіць проста каб не нагнятаць напружаньня... Самастойна ні Кручкоўскі, ні Знайдзінскі нічога зрабіць ня могуць. Яны самастойна ані выпусьцілі б гэтай газэты, і самастойна яны ня могуць арганізаваць ніякай імпрэзы”.

Газэту друкуе абласная друкарня, распаўсюджваюць пошта і “Саюздрук”. У найнавейшым нумары зьмешчаны добра прадуманыя артыкулы, якія датычаць сёньняшняга канфлікту вакол СПБ. На першай старонцы — публікацыя “Што робіцца ў дацкай дзяржаве?” з падзагалоўкам “Альбо якой ёсьць на цяперашні дзень сытуацыя ў Саюзе палякаў Беларусі?” Аўтар сьцьвярджае, што 6-ы зьезд СПБ нібыта “ня вылучыў новага кіраўніцтва арганізацыі, у сувязі з чым легітымным засталося” старое кіраўніцтва на чале з Т.Кручкоўскім. Аўтар крытыкуе новых кіраўнікоў Саюзу і гаворыць, што сродкам ад стагнацыі СПБ ёсьць правядзеньне новага зьезду. Якраз гэтага патрабуе Міністэрства юстыцыі РБ.

Ці можна лічыць, што ў гэтым выпадку новае кіраўніцтва Саюзу палякаў прайграе Кручкоўскаму, бо ня можа данесьці сваёй пазыцыі да чытачоў?

Склалася ўражаньне, што ў апошнім нумары бок Кручкоўскага пачаў узьдзейнічаць на чытачоў больш упэўнена. Але Андрэй Пачобут гаворыць, што сябры СПБ ведаюць аб пазыцыі Польшчы ў гэтым канфлікце і арыентуюцца менавіта на яе. У памежных раёнах, напрыклад, рэгулярна глядзяць польскае тэлебачаньне.

(Пачобут: ) “Калі мы езьдзілі па рэгіёнах — далей, дзе не прымаюць польскага тэлебачаньня, — людзі ўжо ведаюць: "Мы чулі па польскім радыё, па Радыё Свабода, мы ведаем, што гэта такое". Гэта, я лічу, мае велізарны ўплыў, нягледзячы на тое, што нібыта незалежныя сродкі масавай інфармацыі маюць невялікі ўплыў”.

Тым ня менш Тадэвуш Кручкоўскі паставіў за мэту падрыхтаваць грамадзкую думку ўнутры СПБ да таго, каб правесьці новы зьезд, як патрабуе Мін''юст, і абраць новае кіраўніцтва. І на гэта ў яго ёсьць некалькі месяцаў. Ну а пакуль уплыў “Głosu znad Niemna”, які выпускае група Кручкоўскага, у Саюзе палякаў ацэньваюць гэтак:

(Пачобут: ) “Стаўленьне да гэтай газэты вельмі-вельмі нэгатыўнае. Доказам таго, што гэта нулявы варыянт, сьведчыць тое, што ад выхаду газэты ніхто не патэлефанаваў нам, каб даць абвестку ў газэту. Раней у нас заўжды была чарга абвестак: апошняя старонка — там віншаваньні і гэтак далей. За тры тыдні ніводзін чалавек не патэлефанаваў, каб даць абвестку. Гэта таксама пра нешта сьведчыць, бо адрас наш там падаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG