Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет і людзі вачыма беларуса – удзельнічае Валянцін Акудовіч


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 23 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Беларусы заўсёды жылі ў атачэньні шырокага кола суседзяў. Да таго ж, як і іншыя народы, яны і гандлявалі, і ваявалі, і вандравалі, а значыць, бачылі вялікі сьвет і мелі нейкія меркаваньні пра тых людзей, што яго насялялі. Пра гэта мы можам прачытаць і ў старажытных хроніках, і ў пазьней запісаных шматлікіх успамінах. Але сёньня мне хацелася б пагаварыць не пра гэтыя пэрсанальныя характарыстыкі, а пра тыя трывалыя вобразы розных народаў, што замацаваліся ва ўяўленьні беларусаў. І зноў жа, нават ня столькі пра гэтыя вобразы, колькі пра тое, як празь іх беларусы выяўляюць сябе”.

(Валянцін Акудовіч: ) “Сапраўды, у мітах, паданьнях, анэкдотах пра іншых найлепей выяўляецца калектыўнае падсьвядомае народу, тое, у чым зазвычай ніхто ня хоча прызнавацца… Дый увогуле, усялякі раз, калі мы абгаворваем другога, мы перадусім выказваем уласную аўтахарактарыстыку”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Валянцін, раней мы з вамі абмяркоўвалі, якімі нас бачаць іншыя народы? Сёньня перад намі стаіць цалкам супрацьлеглая задача. А менавіта — уяўленьні беларусаў пра іншых”.

(Акудовіч: ) “Але спачатку я зраблю адну заўвагу. Вы цалкам слушна зазначылі, што беларусы, як і ўсе іншыя народы, “і гандлявалі, і ваявалі, і вандравалі”. Але гэта калі мы кажам пра ўсю іх гісторыю агулам. А вось калі зьвернем нашу ўвагу, да прыкладу, на беларускую вёску 18—19 стагодзьдзяў, зь якой, уласна, і паўстала сучасная беларуская нацыя, дык усё будзе выглядаць зусім іначай. Беларускі селянін якраз і не гандляваў, і не ваяваў, і не вандраваў. Гандлявалі габрэі, ваявала і вандравала спольшчаная альбо зрусіфікаваная шляхта. А беларускі селянін звычайна за ўсё сваё жыцьцё далей за бліжэйшы кірмаш не выпраўляўся. І ягоныя ўяўленьні пра вялікі сьвет на наш сёньняшні погляд, выглядалі, мякка кажучы, дзіўнымі. Эма Яленьска, гаспадыня вёскі Камаровічі ў Мазырскім павеце, пісала на пачатку 90-х гадоў 19 стагодзьдзя пра сваіх сялянаў так:

“На іх перакананьне халоп-мужык на цэлым сьвеце абсалютна падобны да іх, размаўляе па-беларуску, па-просту і вызнае такую самую, праваслаўную, веру”.

(Ракіцкі: ) “Але ж гэта не азначае, што беларускі мужык цалкам быў адлучаны ад вялікага сьвету. Хаця б ужо таму, што ў той час, аб якім вы гаворыце, адбыўся канчатковы падзел Рэчы Паспалітай, і на далучаныя да Расеі беларускія землі прыйшлі расейскія вайскоўцы і чыноўнікі. Якімі яны бачыліся беларусам?”

(Акудовіч: ) “За адказам давайце зноў зьвернемся да сьведчаньняў той пары. Ігнацы Яцкоўскі ў 1858 годзе пісаў:

“Нашыя халопы на Літве ў рускай гаворцы ня маюць слова “войска”, але, кажучы, “маскаль”, маюць на ўвазе “жаўнераў” ці “войска”, бо звыклі бачыць “маскалёў” толькі ў мундурах; не вайсковых, якія часам зьяўляюцца, называюць “бурлакамі”, і такіх наш халоп ніколі маскалём не назаве. Расеец у фраку называецца панам, а ў фуражцы з чырвоным абводам — “асэсарам”.

Карацей кажучы, тады чужаніцы пераважна ўспрымаліся згодна саслоўнай ці клясавай, а не нацыянальнай прыналежнасьці. Што і зразумела, бо тутэйшы селянін яшчэ ня ведаў у сабе нацыянальнага чалавека, беларуса, і з гэтага іншых таксама ня мог адрозьніваць па нацыянальнасьці”.

(Ракіцкі: ) “А зь якога часу, на ваш погляд, разрозьненьне іншаземцаў па нацыянальных прыкметах зрабілася ўстойлівым і сыстэмным у Беларусі?”

(Акудовіч: ) “Гэта здарылася не раней, чым усталявалася БССР. Займеўшы сваю рэспубліку, запіс з пазнакай “беларус” у пашпарце і, хай сабе толькі адміністратыўную, але мяжу, беларусы пакрысе прызвычаіліся, што яны таксама — народ. Выразным сьведчаньнем беларусізацыі беларусаў сталася зьяўленьне анэкдотаў і мянушак, якімі яны характарызавалі суседзяў. Палякі пачалі вызнавацца беларусамі як “шпікулянты”, прыбалты як нацыяналісты, расейцы як лайдакі, украінцы як пустыя амбітнікі. З нагоды апошніх у войску нават існаваў устойлівы выраз “Няма хахла бяз лычкі”, мелася на ўвазе хаця б ніжэйшае вайсковае званьне “яфрэйтар”…

Дарэчы, на пачатку гаворкі мы казалі, што ў ацэнках іншых кожны народ няўзнак выказвае свае прыхаваныя комплексы. Беларусы абганьвалі суседзяў за тое, чаго ня мелі ў саміх сабе — прадпрымальнасьці палякаў, нацыяналізму прыбалтаў, разьняволенасьці расейцаў, амбітнасьці ўкраінцаў”.

(Ракіцкі: ) “Беларусь спазнала шмат акупацыяў. У найноўшы час самай жорсткай і трагічнай была нямецкая. Што беларусы думалі і казалі пра немцаў?”

(Акудовіч: ) “Калі мы адслонімся ад афіцыйна-прапагандысцкай вэрсіі тых падзеяў і заглыбімся ў народную сьвядомасьць, дык нас там чакае шмат дзіўнага і незразумелага. У аповедах пра той час людзі чамусьці канцэнтруюць сваю ўвагу не на жахах акупацыі, а на своеасаблівай жорсткай справядлівасьці немцаў. Яшчэ маладым чалавекам, я шмат займаўся пошукавай працай, і мяне, выхаванага ў савецкай прапагандзе, неверагодна ўражвала, што простыя людзі ў сумоўі распавядалі не пра спаленыя вёскі і расстраляных габрэяў, а пра тое, як камэндант загадаў публічна высекчы мужыка-п’яніцу, на якога паскардзілася жонка. Ці як немцы змушалі трымаць у парадку падворак і рэгулярна падмятаць свой кавалак вуліцы. Яшчэ і сёньня ад сталых людзей, абураных бязладзьдзем жыцьця, можна пачуць кінутае ў бок уладаў: “Немца на вас няма”.

(Ракіцкі: ) “Але чаму так? Чаму спаленыя вёскі, разбураныя гарады, панішчаная альбо вывезеная ў чужыну моладзь — увесь жахлівы наробак немцаў — у народнай сьвядомасьці апынуўся на другім пляне, а на першы выступіла і засталася нейкая драбяза: цукеркі, якімі захопнікі частавалі дзяцей, выдзелены акупацыйнымі ўладамі лес для ўдавы на адбудову згарэлай хаты, пакладзеная ў мястэчку брукаванка і ўсялякае такое?”

(Акудовіч: ) “Бачыце, калектыўная сьвядомасьць — загадкавая рэч. Паводле апошніх апытаньняў расейскіх сацыялягічных службаў, Сталіна сёньня хацелі б бачыць кіраўніком дзяржавы, лічы, палова расейцаў. І гэтаму не замінае веданьне таго факту, што Сталін у вайне са сваім народам загубіў людзей ці ня болей, чым іх загінула ў вайне з фашызмам…

Што да беларусаў, дык іхнае, як бы неадэкватнае, стаўленьне да акупантаў можна патлумачыць хіба тым, што папярэднічала акупацыі… А папярэднічала ёй, як вядома, сталіншчына, татальныя рэпрэсіі, Курапаты, Катынь, Сібір. І калі сталінскі татальны гвалт зьмяніўся фашыстоўскім, дык яго ўспрынялі працягам нейкай адной пачварнай стыхіі, якая тады паланіла амаль увесь сьвет. Таму вайна і акупацыя былі самі па сабе, а немцы — як бы самі па сабе. Зрэшты, гэта толькі вэрсія”.

(Ракіцкі: ) “Якія перамены адбыліся ў сьветаглядзе беларусаў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці? Ці зьмянілася іхнае бачаньне сваіх суседзяў, іншых народаў?”

(Акудовіч: ) “Калі браць агулам, дык мне здаецца, што беларусы робяцца больш іранічнымі і скептычнымі да іншых. У іх як бы ажывае раней рэпрэсаваная амбітнасьць. Да прыкладу, беларускія інтэлектуалы пачалі вельмі саркастычна ставіцца да Францыі і французаў. Гэта тым болей цікава, што францускія мысьляры ў Беларусі бадай самыя папулярныя”.

(Ракіцкі: ) “Ці не таму вы назвалі сваю апошнюю кніжку “Разбурыць Парыж”?”

(Акудовіч: ) “Здаецца, не, не таму. Там былі іншыя матывацыі. Хаця я не выключаю, што агульны сарказм беларускіх інтэлектуалаў да Францыі выгукнуўся праз маё падсьвядомае, калі я падбіраў назву гораду для сваёй агрэсіўнай мэтафары”.

(Ракіцкі: ) “А ці можам мы ў стаўленьні беларусаў да іншых вызначыць нейкую асноўную характарыстыку, якая адначасна была б і характарыстыкай саміх беларусаў?”

(Акудовіч: ) “Ведаеце, хоць мы тут даволі разважалі пра тое, як беларусы ўспрымалі іншаземцаў, сваіх суседзяў і сваіх захопнікаў, але, калі казаць па шчырасьці, дык беларусам няма ніякай справы да ўсяго астатняга сьвету. Хай ён сабе хоць лясьнецца, абы ў нас не было вайны. Пачуцьцё індывідуальнай самадастатковасьці (і самазавершанасьці) у беларусаў, бадай, нават гіпэртрафаванае. Верагодна, адсюль і вечная недаробленасьць той краіны, у якой яны жывуць. Бо да яе беларусам таксама няма справы. Таму зусім неверагодна, каб беларусы запрапанавалі (як габрэі), а тым болей спрабавалі рэалізаваць (як расейцы камунізм) нейкую агульную для ўсяго сьвету канструкцыю сьветабудовы. Яны такога і прысьніць не змаглі б — ня тое што прыдумаць на ясную галаву”.

(Ракіцкі: ) “З вашых словаў вынікае, што беларусы радыкальна розьняцца ня толькі ад габрэяў, што цалкам натуральна, але і ад сваіх, як кажуць, братоў-расейцаў?”

(Акудовіч: ) “Паміж расейскім і беларускім чалавекам — мэнтальная бездань. Мы нацыя сваіх этнаграфічных межаў. Калі што нас, раскіданых паасобку ўнутры гэтых межаў, і яднае, дык гэта інстынкт сваёй тэрыторыі. Таму беларусы перадусім гэта тыя, што жывуць тут — “тутэйшыя”.

(Ракіцкі: ) “А хіба ў расейцаў усё іначай?”

(Акудовіч: ) “Расейцы ніколі ня ведалі (і не шукалі) сваіх “этнаграфічных межаў”, ды і ўвогуле не былі прывязаныя да хоць якога пэўнага месца на зямлі (не лічыць жа такім неабсяжную і амаль умоўную прастору, як калісьці казалі: “ад Берасьця да Камчаткі”). Наўрад ці хоць у які пэрыяд Расейскай імпэрыі расейскі шараговец больш-менш дакладна ўяўляў геаграфічную фігуру сваёй краіны. Праблема геаграфічнага лікбезу паўставала перад ім толькі ў момант чарговай вайны, зьвязанай з абаронай ці пашырэньнем межаў імпэрыі. (А іх, як вядома, толькі ў ХVІІІ—ХІХ стагодзьдзях было аж трыццаць тры і амаль усе захопніцкія.) А ў астатнюю пару расейскаму чалавеку дастаткова было веданьня пра цэнтар улады і яе пэрсаналізаванае імя (месца імпэрыі знаходзіцца не ў прасторы геаграфіі, а ў прасторы ўлады)”.

(Ракіцкі: ) “Згодна з вашымі тэзамі, расейцы занадта амбітныя, яны мараць пра пашырэньне сваіх тэрыторыяў, пра пашырэньне сваёй прысутнасьці на зямлі, а беларусы — дык зусім наадварот?”

(Акудовіч: ) “Менавіта так. Расейскі чалавек заўсёды хацеў пабудаваць то Трэці Рым (“а чацьвертаму не бываць”), то Град Божы на зямлі, то Ўсясьветную камуністычную рэвалюцыю зрабіць — адным словам, няспынна парываецца паланіць і ашчасьлівіць увесь сьвет. Беларус жа імкнецца да тоеснасці з самім сабой, да нявыхаду за межы гэтай тоеснасьці ў зьнешні, духоўна іншы кантэкст, і гэта сталася асноўным у сьветапоглядзе нашага чалавека. І таму, па вялікім рахунку, яму няма ніякай справы ні да таго ж расейца, ні да амэрыканца, ні да паляка. Заўсёды сам-насам, поўны і завершаны самім сабой, як яйка: вось ён, тыповы беларус”.

(Ракіцкі: ) “А ці добра гэта?”

(Акудовіч: ) “Не пытайцеся ў мяне, ці добра гэта?.. Так яно ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG