Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы для здароўя можа мець такая працяглая галадоўка, як у Сяргея Скрабца?


Ганна Соусь, Менск Якіх дзеяньняў у дачыненьні да галадоўніка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня, вымагае ад лекараў клятва Гіпакрата? Пра гэта наша карэспандэнтка пагутарыла зь менскім гастраэнтэролягам Галінай Валжанкінай. Таксама меркаваньні былога калегі Сяргея Скрабца па Палаце прадстаўнікоў Анатоля Красуцкага і старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процькі наконт эфэктыўнасьці галадоўкі.

Гастраэнтэроляг Галіна Валжанкіна працуе ў адным з найбуйнейшых мэдычных цэнтраў Менску. Яна заклікае Сяргея Скрабца неадкладна спыніць галадоўку.

(Валжанкіна: ) “Перадайце яму маю просьбу, каб ён усё ж падумаў пра сваё здароўе. 40 дзён — гэта тэрмін па-за межамі… Галадаць столькі часу нельга. Нават нейкія крытэры лячэбнага галадаваньня абмяжоўваюцца максымум 20 днямі. Усё, што болей за 21 дзень, уяўляе сур’ёзную небясьпеку для здароўя. Гэта безумоўна”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія зьмены ў арганізьме могуць ужо адбыцца за такі тэрмін?”

(Валжанкіна: ) “Адбываецца дыстрафія ўсіх унутраных органаў. Адбываецца дыстрафія эндакрынных залозаў, якая можа прывесьці да незваротных зьменаў у арганізьме”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, што вымагае ад турэмнага лекара клятва Гіпакрата? Ён мае права прымусова вывесьці яго з галадоўкі?”

(Валжанкіна: ) “Такой дэталізацыі ў клятве Гіпакрата няма. Гэта ў асноўным агульныя палажэньні. Лекар абавязаны патлумачыць, што сытуацыя небясьпечная для здароўя і ўсё ж аказаць яму дапамогу. Клятва Гіпакрата гаворыць пра тое, што трэба зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы пацыенту”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што ў цяперашніх умовах у Беларусі праз галадоўку немагчыма дасягнуць пэўных мэтаў палітычнага характару.

(Процька: ) “Проста чалавеку самому трэба для сябе вызначыць магчымасьці ўласнага супраціву. І другое, што я бачу добрае ад гэтых галадовак, калі можна казаць добрае пра галадоўкі, гэта тое, што іншыя людзі бачаць, што нават у турме зьняволенаму можна змагацца, можна чыніць нейкі супраціў гэтай жорсткай сіле”.

Афіцыйныя беларускія мэдыі не паведамляюць пра галадоўку былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Тым ня менш, некаторыя былыя калегі Сяргея Скрабца назіраюць за сытуацыяй. Гаворыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў трох скліканьняў Анатоль Красуцкі:

(Красуцкі: ) “Мне падаецца, што гэта ня лепшы вынік найперш для яго самога. Ён галадаваў паўгоду таму… Я думаю, што гэта не зусім правільна, зыходзячы перш за ўсё зь яго фізіялягічнага стану. А форма выказваньня сваіх дзеяньняў у кожнага свая. Нехта піша скаргі, а хтосьці — галадуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG